Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́РЛІКІ ў астраноміі,

зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10​−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (10​8—10​9 кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.

т. 8, с. 74

КАРМА́ (лац. Puppis),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 2,2; 2,8; 2,8 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — студзень. Гл. Зорнае неба.

т. 8, с. 75

КАСІЯПЕ́Я (лац. Cassiopeja, нар. назва Касцы),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба; знаходзіцца ў Млечным Шляху. Найб. яркія зоркі α, β, γ, σ, ε (2,2; 2,3; 2,4; 2,7; 3,4 візуальнай зорнай велічыні) размешчаны ў выглядзе расцягнутай літары W. У сузор’і 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У К. выяўлена магутная галактычная крыніца радыёвыпрамянення Cas A. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Касіяпея.

т. 8, с. 143

КА́СТАР,

α-Блізнят, зорка 1,6 візуальнай зорнай велічыні. Свяцільнасць у 34 разы большая за сонечную, адлегласць ад Сонца 14 пк. Уяўляе сабой сістэму 4 зорак. Названы імем аднаго з двух братоў-блізнят у стараж.-грэч. міфалогіі.

т. 8, с. 154

КАТАЛО́Г (ад грэч. katalogos пералік, спіс),

сістэматызаваны пералік прадметаў (кніг, рукапісаў, экспанатаў, тавараў і інш.), падабраных па пэўнай прыкмеце і размешчаных у канкрэтна-вызначаным парадку, што аблягчае іх пошук. Даведачнае выданне аналагічнага характару (напр., К. выставак маст. твораў, К. марак і інш.). Можа быць у выглядзе картак, кніг, альбомаў (часам ілюстраваных), камп’ютэрных звестак. К. бібліятэчны — пералік твораў друку, што ёсць у бібліятэцы. Паводле сваёй структуры падзяляецца на алфавітны, сістэматычны, прадметны, нумарацыйны і інш., паводле прыналежнасці — чытальніцкі і службовы, па ахове фонду — ген., спец., зводны. Існуюць таксама К. краязнаўчыя, мясц. друку, зорныя каталогі.

т. 8, с. 170