бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Беларусі (1971). Нар.арт.СССР (1977). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1963, клас З.Гайдай). Працавала ў Пермскім т-ры оперы і балета. З 1966 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (у 1973 удасканальвалася ў міланскім т-ры «Ла Скала»), з 1986 салістка Бел. філармоніі. Валодае сакавітым, моцным і адначасова гнуткім рухомым голасам з добра развітым верхнім рэгістрам, што дае ёй магчымасць выконваць і каларатурныя партыі (Разіна ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні). Віртуозную тэхніку, майстэрства вакалізацыі Д. падпарадкоўвае ўдумлівай, тонкай інтэрпрэтацыі розных па стылі твораў, старанна шліфуе сцэнічны малюнак вобраза. У операх нац. рэпертуару стварыла вобразы Алесі («Алеся» Я.Цікоцкага), Веранікі («Зорка Венера» Ю.Семянякі). Творчая індывідуальнасць найб. яскрава выявілася ў партыях драм. плана: Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Эбалі («Аіда», «Трубадур», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі). У канцэртных праграмах значную частку складаюць творы бел. кампазітараў; выконвае сольныя партыі ў буйных вак.-сімф. творах. Лаўрэат 3-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1965, 2-я прэмія), дыпламант 3-га Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1966).
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Святлана Данілюк // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.
Т.А.Дубкова.
С.П.Данілюк.С.Данілюк у ролях Марыны Мнішак (злева) і Сантуцы.
ДРЭ́ЧЫН (Сямён Уладзіміравіч) (Вульфавіч; 6.1.1915, Мінск — 1.8.1993),
бел. артыст балета і балетмайстар. Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—41 і 1944—59 саліст, у 1950—59 таксама балетмайстар Дзярж.т-ра оперы і балета БССР. У 1942—44 саліст Вял.т-раСССР. У 1959—64 і 1980—90 працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Малдовы. У 1971—73 маст. кіраўнік Дзярж. ансамбля танца БССР, у 1973—80 балетмайстар Дзярж.т-рамуз. камедыі БССР. Першы вядучы класічны танцоўшчык на бел. сцэне. Выканальніцкую манеру Д. вызначалі мужнасць і драм. экспрэсіўнасць танца, высокі артыстызм, пластычнасць, абаяльнасць, сцэнічны тэмперамент. Сярод лепшых партый: нацыянальна самабытныя вобразы Сымона («Салавей» М.Крошнера), Васіля («Князь-возера» В.Залатарова, Дзярж. прэмія СССР 1950), Янкі («Палымяныя сэрцы» на тую ж музыку); у класічных балетах — Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Конрад («Карсар» А.Адана), Клод («Эсмеральда» Ц.Пуні), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.Штрауса). Сярод пастановак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі: балеты «Іспанскае капрычыо» на музыку М.Рымскага-Корсакава (1949), «Чырвоны мак» (1950), «Эсмеральда» (1951), «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955), «Карсар» (1957), «Блакітны Дунай» (1958), танцы ў операх «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ (1957), «Зорка Венера» Ю.Семянякі (1970) і інш. У Дзярж. ансамблі танца БССР паставіў фальклорную праграму («Вянок беларускіх народных танцаў», «Купальская ноч», «Янка», «Лявоніха»), кампазіцыі «Хатынь», «У Белавежскай пушчы»). Балетмайстар спектакляў «Паўлінка» Ю.Семянякі (1973), «Несцерка» Р.Суруса (1979), «Рэвю-канцэрта» (1976), рэвю-мазаікі «Вакол кахання» (1991) і інш. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі. Ставіў танцы да драм. пастановак, у т. л. «Зацюканы апостал» А.Макаёнка (1971), «Амністыя» М.Матукоўскага (1970), «Памінальная малітва» Р.Горына (1990) у Бел. т-ры імя Я.Купалы і інш.
Літ.:
Модэль М. Сямён Дрэчын // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 29—36.
Л.М.Ражанава.
С.У.Дрэчын.С.Дрэчын у ролях Янкі (зверху) і Гірэя.