Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАСІЯПЕ́Я (лац. Cassiopeja, нар. назва Касцы),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба; знаходзіцца ў Млечным Шляху. Найб. яркія зоркі α, β, γ, σ, ε (2,2; 2,3; 2,4; 2,7; 3,4 візуальнай зорнай велічыні) размешчаны ў выглядзе расцягнутай літары W. У сузор’і 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У К. выяўлена магутная галактычная крыніца радыёвыпрамянення Cas A. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Касіяпея.

т. 8, с. 143

КА́СТАР,

α-Блізнят, зорка 1,6 візуальнай зорнай велічыні. Свяцільнасць у 34 разы большая за сонечную, адлегласць ад Сонца 14 пк. Уяўляе сабой сістэму 4 зорак. Названы імем аднаго з двух братоў-блізнят у стараж.-грэч. міфалогіі.

т. 8, с. 154

КАТАЛО́Г (ад грэч. katalogos пералік, спіс),

сістэматызаваны пералік прадметаў (кніг, рукапісаў, экспанатаў, тавараў і інш.), падабраных па пэўнай прыкмеце і размешчаных у канкрэтна-вызначаным парадку, што аблягчае іх пошук. Даведачнае выданне аналагічнага характару (напр., К. выставак маст. твораў, К. марак і інш.). Можа быць у выглядзе картак, кніг, альбомаў (часам ілюстраваных), камп’ютэрных звестак. К. бібліятэчны — пералік твораў друку, што ёсць у бібліятэцы. Паводле сваёй структуры падзяляецца на алфавітны, сістэматычны, прадметны, нумарацыйны і інш., паводле прыналежнасці — чытальніцкі і службовы, па ахове фонду — ген., спец., зводны. Існуюць таксама К. краязнаўчыя, мясц. друку, зорныя каталогі.

т. 8, с. 170

КІЛЬ (лац. Carina),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Самая яркая зорка — Канопус, 2-я па бляску зорка ўсяго неба. Гл. Зорнае неба.

т. 8, с. 259

КІТ (лац. Cetus),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркія зоркі маюць бляск 2,0 і 2,5 візуальнай зорнай велічыні. У К. знаходзіцца вядомая пераменная зорка Міра. Найлепшыя ўмовы для назірання — у кастрычніку. На тэр. Беларусі відаць часткова. Гл. Зорнае неба.

т. 8, с. 296

КО́ГАЎТАКА КАМЕ́ТА,

камета, адкрытая чэшскім астраномам Л.​Когаўтакам на здымках неба ў 1973. Візуальна назіралася ў канцы 1973 — пач. 1974 (бляск у перыгеліі дасягнуў -3 візуальнай зорнай велічыні). Мела 3 хвасты, у т. л. 1 анамальны, накіраваны да Сонца. У К.к. выяўлены спектральныя лініі вады, зарэгістравана радыёвыпрамяненне малекул метылцыяну, цыяністага вадароду і этылавага спірту. К.к. рухаецца па гіпербалічнай арбіце і пакіне Сонечную сістэму.

т. 8, с. 373

КО́МПАС (лац. Pyxis),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка α К. мае бляск 3,7 візуальнай зорнай велічыні. На Беларусі відаць зімой і вясной. Гл. Зорнае неба.

т. 8, с. 398

КУЛІДЖА́НАЎ (Леў Аляксандравіч) (н. 19.3.1924, Тбілісі),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1969). Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1984). Чл.-кар. АМ Германіі. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1955), выкладаў у ім (з 1977 праф.). Творчасці ўласцівы лаканізм рэжысуры, камернасць сюжэтаў, паглыблены псіхааналіз характараў, лірычныя інтанацыі, дэталёвая дакладнасць, мяккі гумар. Паставіў фільмы: «Дом, у якім я жыву» (1957, з Я.​А.​Сегелем), «Бацькоўскі дом» (1959), «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Сіні сшытак» (1964), «Злачынства і пакаранне» (1970), «Зорная хвіліна» (1975; маст.-дакумент.), тэлесерыял «Карл Маркс. Маладыя гады» (1980; Ленінская прэмія 1982), «Памерці не страшна» (1991) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1971.

Літ.:

Кваснецкая М. Лев Кулиджанов. М., 1968.

Г.​В.​Ратнікаў.

І.П.Кулібін.

т. 9, с. 5

ЛЕ́БЕДЗЬ (лац. Cygnus),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Дэнеб (α Л.) 1-й зорнай велічыні; з зоркамі β, γ, δ і ε Л. яна ўтварае фігуру крыжа, доўгая вось якога выцягнута ўздоўж паласы Млечнага Шляху. У Л. выяўлены 2 крыніцы рэнтгенаўскага выпрамянення — Cyg X-1 i Cyg X-2, першая з якіх, магчыма, звязана з чорнай дзірой. З тэр. Беларусі Л. відаць вясной, летам і восенню. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Лебедзь.

т. 9, с. 175

ЛЕМ ((Lem) Станіслаў) (н. 12.9.1921, г. Львоў, Украіна),

польскі пісьменнік; майстар навук. фантастыкі. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Вучыўся ў Львоўскім мед. ін-це (1939—41), скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1948). Друкуецца з 1946. У шматлікіх творах у жанры навук.-філас. фантастыкі (раманы «Астранаўты», 1951; «Дзённік, знойдзены ў ваннай», «Салярыс», абодва 1961, апошні экранізаваны ў 1972, рэж. А.​Таркоўскі; «Голас Неба», 1968; «Насмарк», 1976; «Мір на зямлі», «Фіяска», абодва 1987, і інш.) разглядае ролю вынаходніцтваў у лёсе чалавецтва, узнімае праблемы маральнай адказнасці чалавека за вынікі сваіх дзеянняў. Аўтар дэтэктыўнага («Следства», 1959) і аўтабіягр. («Высокі замак», 1966) раманаў, зб-каў навук.-фантаст. апавяданняў «Сезам» (1954), «Зорныя дзённікі» (1957), «Уварванне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Казкі робатаў» (1964), «Кіберыяда», «Паляванне» (абодва 1965), «Апавяданні пра пілота Піркса» (1968), «Бяссонніца» (1971). Яго проза адметная драматызмам калізій, глыбокім псіхалагізмам, багаццем палітры камічнага. Выдаў філас.-сацыялагічныя даследаванні «Дыялогі» (1957), «Сума тэхналогіі» (1964), філас.-літаратуразнаўчыя працы «Філасофія выпадку» (1968), «Фантастыка і футуралогія» (т. 1—2, 1970), літ. нарысы. На бел. мову асобныя творы Л. перакладаў М.​Валошка. Дзярж. прэмія Польшчы 1976.

Тв.:

Бел. пер. — Прыгоды Піркса: Апавяданні. Мн., 1992;

Салярыс. Мн., 1994;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—2. Мн., 1992;

Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М., 1992—94.

Літ.:

Bereś S. Rozmowy ze Stanisławem Lemem. Kraków, 1987;

Lem w oczach krytyki światowej. Kraków, 1989.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 197