сіла назоўнік | жаночы род

  1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; таксама ўвогуле — фізічная або маральная магчымасць актыўна дзейнічаць.

    • Мець немалую сілу.
    • Страціць сілу.
    • Набрацца сіл.
    • Прыступіць да работы са свежымі сіламі.
    • Выбіцца з сіл.
    • Прымяніць сілу (фізічнае ўздзеянне).
    • Палітыка з пазіцыі сілы (аб агрэсіўнай тактыцы).
  2. Велічыня, якая з’яўляецца мерай механічнага ўзаемадзеяння цел (спецыяльны тэрмін); энергія, якая ўздзейнічае на матэрыю, цела, а таксама ступень інтэўсіўнасці, напружанасці гэтай энергіі.

    • С. зямнога прыцяжэння.
    • С. цяжару.
    • С. электрыннага току.
  3. звычайна Матэрыяльная аснова, як крыніца энергіі, дзейнасці.

    • Сілы прыроды.
    • Творчыя сілы інтэлігенцыі.
  4. чаго. Здольнасць праяўлення якой-н. дзейнасці, стану, якая адрозніваецца пэўнай ступенню напружанасці, накіраванасці.

    • С. характару.
    • С. духу.
  5. Улада, магутнасць, уплыў.

    • Магутная і непераможная с. барацьбітоў за мір.
  6. Сутнасць, сэнс (размоўнае).

    • Уся с. ў тым, што чалавек гэты — майстар сваёй справы.
  7. Значэнне, дзейнасць, правамоцтва.

    • Закон уступае ў сілу з 1 студзеня.
    • С. закону.
  8. множны лік: Грамадская група, наогул людзі, якія вызначаюцца якімі-н. характэрнымі прыкметамі або накіраванасцю ў сваёй дзейнасці.

    • Дэмакратычныя сілы міру.
    • Лепшыя філарманічныя сілы.
  9. множны лік: Тое, што і войскі.

    • Сухапутныя сілы.
    • Узброеныя сілы краіны.
  10. Тв. скл.: сіламі. Пры дапамозе, з удзелам каго-н.

    • Сіламі аднавяскоўцаў адрамантавалі дарогу.
  11. Велізарная колькасць, мноства (размоўнае).

    • Гэты чалавек мае сілу дабра ўсякага.
    • Ад сілы (размоўнае) — самае большае.
    • З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).
    • З усёй сілы або на ўсю (поўную) сілу або з усіх сіл — з найбольшым напружаннем; што ёсць моцы.
    • (Не) па сіле каму або (не) пад сілу каму — пра адпаведнасць (неадпаведнасць) магчымасцей каго-н. рабіць што-н.
    • (Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што-н.
    • Нячыстая сіла (размоўнае) — чорт, д’ябал.
    • Па меры сіл — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.
    • У сіле (размоўнае) — 1) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; 2) у разгары, у росквіце.
    • Усімі сіламі — прыкладваючы ўсё старанне, намаганні. Цераз сілу — звыш магчымасцей, жадання.

|| прыметнік: сілавы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

сіла, ‑ы, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія чалавека, жывёліны. Быў.. [малодшы брат] дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Якімовіч. [Яўген Лубян] зрабіўся маўклівым, панурым, схуднеў, выцягнуўся, але не страціў сваёй фізічнай сілы і рухавасці. Шамякін. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, рве зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Колас. // звычайна мн. (сілы, сіл). Фізічная магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Рука заблыталася ў водарасцях, і.. [Андрэй Міхайлавіч] раптоўна страціў сілы. Самуйлёнак. Пад цёплым душам да Шуры вярнуліся сілы. Ставер. Да работы ёсць ахвота, Сілы маю — хоць адбаў. Гурло. // Фізічнае ўздзеянне, насілле. [Сухадольскі:] А я вам заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч. // Жыццёвая энергія, жыццяздольнасць каго‑, чаго‑н. Усё зацвіло, загаманіла, Бы жыватворчая тут сіла Ад сну прыроду абудзіла. Колас.

2. Здольнасць чалавека да духоўнай дзейнасці, да праяўлення сваіх разумовых ці душэўных уласцівасцей (волі, розуму, характару і пад.). Сіла характару. Сіла волі. ▪ Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. Вялікія ідэі ў творы можа несці на сабе толькі чалавек з усімі яго супярэчнасцямі, слабасцямі і сілаю духу. Скрыган. // Сукупнасць фізічнай, духоўнай і разумовай энергіі чалавека, неабходнай для якога‑н. дзеяння, учынку і пад. Там галасы абуджэння. — Звонам вясны ў вушах, Сілай жыцця нятленнай Там маладзее душа! Звонак. Ва ўсім абліччы.. чалавека.. было столькі ўпэўненасці, столькі глыбокай унутранай сілы. Лынькоў. // звычайна мн. (сілы, сіл). Здольнасць, магчымасць дзейнічаць, рабіць што‑н. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Карпаў.

3. Энергія, здольная выконваць якую‑н. работу, выводзіць цела, матэрыю са стану спакою або змяняць кірунак, хуткасць руху. Сіла цяжару. Цэнтрабежная сіла. ▪ Магутная сіла зямнога прыцяжэння пераадолена! Гамолка. Ракі непакорнай Грымучая сіла Днямі, начамі Турбіны няспынна круціла. Танк.

4. Прававая дзейнасць; правамоцтва. Сіла закону. // Фінансавая дзейнасць (каштоўных папер, грошай). Пакупная сіла рубля.

5. Улада, магутнасць. Сіла дзяржавы. Сіл калектыву. Сіла кіраўніцтва. ▪ [Бандароўна пану:] — Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла, — Бандароўне больш да твару — Чымся ты — магіла. Купала. [Сымон:] — Ой, не, дзедку: проціў сілы Можна ставіць толькі сілу. Колас. // Здольнасць рабіць уплыў, уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Сіла прывычкі. ▪ Пісьменнік раскрывае актыўную, жыццядзейную, сцвярджальную сілу шчырага кахання. Дзюбайла. Гунава глядзеў на.. [Тапурыя] ва ўпор, неадрыўна і востра, добра ведаючы сілу гэтага погляду. Самуйлёнак. // Здольнасць рабіць уражанне, пераконваць. Сіла доказаў. ▪ Здавён, аднак, у сілу слова веру! Лойка. Глядзіцца сцэна з неаслабнай увагай. Сіла яе — у глыбокай, хвалюючай дынаміцы. «Полымя». // Пра таго, хто (або тое, што) адыгрывае галоўную ролю ў чым‑н. Камуністы — магутная сіла Радзімы, У агні, быццам сталь, яны загартаваны. Танк. Нарэшце людзей на палетак Паклікала спелае лета. Камбайны — галоўная сіла, Пара і для іх наступіла. Смагаровіч.

6. Разм. Самае істотнае, галоўнае; сутнасць, сэнс. Чалавек павінен адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром у калгасе, — вось у чым сіла. Кулакоўскі. А сіла ў тым, на мой погляд, Які выконваеш загад. Колас.

7. Ступень праяўлення чаго‑н.; інтэнсіўнасць, напружанасць. Сіла ветру. Сіла выбуху. ▪ Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю. Колас. Гэты купалаўскі верш літаральна абляцеў усю Беларусь. Сіла яго дзейснасці была незвычайная. Кудраўцаў. // Велічыня, значнасць, глыбіня (разумовых ці душэўных якасцей, уражанняў, перажыванняў). Сіла таленту. Сіла гневу. ▪ Сіла і слабасць Талстога з вычарпальнай паўнатой ускрыты Леніным. «Маладосць». [Зёлкін:] Якая сіла канструктыўнага розуму ў Аляксандра Пятровіча. Крапіва. Сцёпкаў непакой дасяг[нуў] сваёй найбольшай сілы тады, калі ён ехаў апошнюю станцыю. Колас. Гэта тэма невымерная... У ёй і выпрабаванне волі, і боль адчаю, і сіла надзей, і веліч перамог. Скрыган.

8. Тое, што вымушае каго‑н. дзейнічаць так ці інакш. Карп рушыў на сваю сялібу — невядомая сіла цягнула яго туды. Шамякін. Нейкая сіла штурханула Пятра Сарокіна ў хату. Данілевіч.

9. часцей мн. (сілы, сіл). Матэрыяльная аснова, якая можа быць крыніцай якой‑н. энергіі. Сілы прыроды. Цяглавая сіла. ▪ Упёрся Даніла сваім целам на мосце на парэнчу ды стаяў, поглядам мераў вадзяную сілу. Баранавых.

10. звычайна мн. (сілы, сіл). Частка грамадства, група, якая вызначаецца якімі‑н. характэрнымі прыкметамі ці накіраванасцю ў сваёй дзейнасці. Рухаючыя сілы рэвалюцыі. Сілы міру. Сілы сацыяльнага прагрэсу. ▪ У 90‑я гады XIX ст. на гістарычную арэну ў якасці самастойнай палітычнай сілы выходзіць расійскі рабочы клас. Івашын. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.

11. часцей мн. (сілы, сіл). Войскі. Узброеныя сілы. Марскія сілы. ▪ Асноўныя сілы і спыніліся на ўскраіне лесу. Лынькоў. На вакзале .. [Дзічкоўскага] чакалі прадстаўнікі паветраных сіл. Алешка. Як высветлілася, усе [партызаны] былі жывы-здаровы і толькі яшчэ раз адчулі, чаго варт для іх той, хто лучыў іх у адну баявую сілу. Брыль. Прыйшлі дні вялікіх партызанскіх баёў з грознай сілай ворага. Чорны.

12. звычайна мн. (сілы, сіл). Людзі, якія складаюць які‑н. вытворчы калектыў; людзі падобнай прафесіі. Педагагічныя сілы. Артыстычныя сілы. ▪ Наша беларуская літаратура мае добрыя творчыя сілы. Дуброўскі.

13. у знач. прысл. сіламі. Пры дапамозе, з удзелам каго‑н. Сіламі калектыву. ▪ Многа ўвагі Ірына аддавала спектаклям у Мінскай гімназіі, дзе яна вучылася. Тут часта арганізоўваліся сіламі навучэнцаў пастаноўкі, якімі кіравалі педагогі. «Полымя».

14. каго-чаго. Разм. Велізарная колькасць, мноства. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з’язджалася... Грахоўскі. [Валодзя:] — Бачыце ж, ні за што сам [сусед] не ўзяўся. Відаць, грошай сілу мае, а грошы, яны, брат, такія ўчэпістыя, што могуць не толькі шафу ці канапу на пяты паверх зацягнуць. Сабаленка.

•••

Адваротная сіла закона — пашырэнне дзеяння закона на тое, што адбылося да яго выдання.

Жывая сіла — людзі і жывёла (пры супрацьпастаўленні тэхніцы, механічнай сіле).

З пазіцыі сілы гл. пазіцыя.

Конская сіла (уст.) — адзінка вымярэння магутнасці.

Прадукцыйныя сілы — сукупнасць сродкаў вытворчасці і людзей, якія прыводзяць іх у рух.

Рабочая сіла — здольнасць чалавека да працы, г. зн. сукупнасць яго фізічных і духоўных магчымасцей, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Агульнымі сіламі — усе разам, супольна.

Ад сілы — самае большае. Чалавек быў яшчэ зусім малады, яму было ад сілы гадоў васемнаццаць. Лынькоў.

Брацца (убірацца) у сілу гл. брацца.

Выбіцца з сіл гл. выбіцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сілы гл. высмактаць.

З апошніх (астатніх) сіл — колькі ёсць магчымасці, з гранічным напружаннем (рабіць што‑н.).

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілай — з выкарыстаннем усіх магчымасцей. Я таксама з усёй сілай Крыкнуў бы раз-пораз. Колас.

З усёй (усяе) сілы; на ўсю (поўную) сілу; з усіх сіл — з найбольшым напружаннем, інтэнсіўнасцю; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму; (не) пад сілу каму — пра адпаведнасці (неадпаведнасць) магчымасцей, здольнасцей каго‑н. рабіць што‑н. Гарэнка вырашыў, што адна работа яму па сіле, работа вартаўніка. Вышынскі. Калі справа не пад сілу, Дык на плечы не бяры. Лужанін.

Не сіла — пра немагчымасць зрабіць што‑н. Не сіла яго [Яначкі] на гэтую работу: ногі дрыжаць, рукі млеюць. Крапіва.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што‑н.

Не шкадуючы сіл гл. шкадуючы.

Нячыстая сіла — чорт, д’ябал.

Па меры сіл гл. мера.

Сваімі (уласнымі) сіламі — самастойна.

Увайсці (увабрацца) у сілу гл. увайсці.

У сіле — а) у стане фізічнага і духоўнага росквіту; з вялікімі магчымасцямі. Навошта мне піць ваша зелле: Я ў сіле, яшчэ малады. Смагаровіч; б) у разгары, у росквіце. Хоць сведчаць грымоты. Што жнівень У сіле яшчэ і красе, Ды ўжо нашай вуліцай лівень Лісты да рачулкі нясе. Гілевіч.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсе намаганні, усё старанне.

Уступіць у сілу гл. уступіць.

Цераз (праз) сілу — звыш магчымасцей, жадання.

Цёмныя сілы — пра тое, што прыпыняе зло, шкоду.

Што (колькі) ёсць сілы — тое, што і што (колькі) ёсць духу (гл. дух).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ла ж., в разн. знач. си́ла;

мець вялі́кую сі́лу — облада́ть большо́й си́лой;

прымяня́ць сі́лу — применя́ть си́лу;

у ро́сквіце сіл — в расцве́те сил;

цэнтрабе́жная с. — центробе́жная си́ла;

с. цяжа́ру — си́ла тя́жести;

раўнадзе́йная с. — равноде́йствующая си́ла;

с. прыцяжэ́ння зямлі́ — си́ла притяже́ния земли́;

с. то́ку — си́ла то́ка;

прадукцы́йныя сі́лы — производи́тельные си́лы;

с. во́лі — си́ла во́ли;

тво́рчыя сі́лы наро́да — тво́рческие си́лы наро́да;

узбро́еныя сі́лы — вооружённые си́лы;

сі́лы мі́ру — си́лы ми́ра;

ко́нская с.тех. лошади́ная си́ла;

рабо́чая с. — рабо́чая си́ла;

жыва́я с. — жива́я си́ла;

з пазі́цыі сі́лы — с пози́ции си́лы;

у сі́ле — в си́ле;

нячы́стая с. — нечи́стая си́ла;

сваі́мі сі́ламі — свои́ми (со́бственными) си́лами;

па ме́ры сіл — по ме́ре сил;

це́раз сі́лу — че́рез си́лу;

на по́ўную сі́лу — в по́лную си́лу;

з усі́х сіл — изо всех сил;

з аста́тніх сіл — из после́дних сил;

вы́біцца з сіл — вы́биться из сил;

убіра́цца ў сі́лу — набира́ться сил;

нія́кімі сі́ламі — никаки́ми си́лами;

ад сі́лы — от си́лы;

ко́лькі ёсць сі́лы — что есть си́лы;

кла́сці сі́лы — класть си́лы;

сабра́цца з сі́ламі — собра́ться с си́лами;

палажы́ць сі́лы — положи́ть си́лы;

с. (і) сало́му ло́міцьпосл. си́ла (и) соло́му ло́мит

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (актуальны правапіс)

Сі́ла ‘моц, энергія’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Стан.), ‘верх, улада’ (Нас.), ‘моц, змога, дужасць’ (Некр. і Байк.), дыял. таксама ‘моц’, ‘мноства’ (Байк. і Некр.), ‘здароўе’, ‘праца’, ‘вялікая колькасць’ (Сл. ПЗБ), ‘шмат, багата’ (ТС, Барад., Мат. Гом.); укр., рус. си́ла, польск. siła, в.-луж., н.-луж. syła, чэш. síla, славац. sila, серб.-харв. си̏ла, славен. síla, балг. си́ла, макед. сила, ст.-слав. сила. Прасл. *sila роднаснае літ. síela ‘душа, дух’, ‘пачуцце’, ст.-прус. seilin В. скл. ‘пільнасць’, ст.-ісл. seilask ‘працягвацца, гнуцца, старацца’ (Траўтман, 282; Міклашыч, 296; Фасмер, 3, 621). Мур’янаў (Этимология–1980, 50–56) робіць спробу звязаць з слав. *sidlo ‘сіло’, ст.-в.-ням. silo ‘рамень’, з другой ступенню аблаўта герм. *saila > ням. Seil ‘шнур’, якія рэканструююцца з гоц. insailjan ‘спускаць цяжар (на вяроўках)’. Борысь (548) узводзіць далей да і.-е. *se(i)‑ ‘напружваць(ца)’, паводле Жураўлёва (Язык и миф, 577), ‘сеяць’, на падставе чаго рэканструюецца і.-е. *sḗila ‘сперма’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 645; Сной і, 566; Глухак, 547.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кілагра́м-сі́ла ж., спец. килогра́мм-си́ла

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (актуальны правапіс)

сі́ла-гадзі́на ж., тех. си́ло-час м.

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (актуальны правапіс)

Валовая сіла ’чорнае зерне ў жыце’ (КЭС). Назва ўзнікла ў сувязі са станоўчай ацэнкай спарыша (Выгонная, Лекс. Палесся, 71).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

раўнадзейны прыметнік

Раўнадзейная сіла (спецыяльны тэрмін) — сіла, якая аказвае на цвёрдае цела механічнае ўздзеянне, роўнае таму, якое аказваюць на яго іншыя прыкладзеныя да яго сілы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

волатаўскі прыметнік

Які мае адносіны да волата.

  • Волатаўская сіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)

непераможны прыметнік

Такі, якога нельга перамагчы.

  • Непераможная сіла.

|| назоўнік: непераможнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2002, правапіс да 2008 г.)