інтана́цыя

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. інтана́цыя інтана́цыі
Р. інтана́цыі інтана́цый
Д. інтана́цыі інтана́цыям
В. інтана́цыю інтана́цыі
Т. інтана́цыяй
інтана́цыяю
інтана́цыямі
М. інтана́цыі інтана́цыях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

інтана́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. Рытміка-меладычны лад мовы, чаргаванне павышэнняў і паніжэнняў тону голасу пры вымаўленні.

Пытальная і.

Апавядальная і.

2. Характар вымаўлення, які выражае пачуцці таго, хто гаворыць.

Сардэчная і.

Аратарскія інтанацыі.

3. Дакладнае па вышыні выкананне ўсіх музычных гукаў.

Фальшывая і.

|| прым. інтанацы́йны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

інтана́цыя ж., в разн. знач. интона́ция;

ара́тарскія ~цыі — ора́торские интона́ции;

пыта́льная і. — вопроси́тельная интона́ция;

фальшы́вая і. — фальши́вая интона́ция;

узыхо́дная і. — восходя́щая интона́ция;

сыхо́дная і. — нисходя́щая интона́ция

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

інтана́цыя, ‑і, ж.

1. Тон, характар вымаўлення, якія выражаюць пачуццё таго, хто гаворыць, яго адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці яго душэўнага складу. Аратарскія інтанацыі. Начальніцкія інтанацыі. □ — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў .. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — Вы мяне ўсхвалявалі, — сказаў Вэня з бяздушнай інтанацыяй гэту штучную фразу. Чорны.

2. Рытміка-меладычны лад мовы, чаргаванне павышэнняў і паніжэнняў тону пры вымаўленні. Пытальная інтанацыя. Размоўная інтанацыя.

3. Дакладнае па вышыні выкананне ўсіх музычных гукаў.

•••

Сыходная інтанацыяінтанацыя з паступовым паніжэннем тону.

Узыходная інтанацыяінтанацыя з паступовым павышэннем тону.

[Іт. intonazione.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Інтанацыя (у мовазнаўстве) 5/120; 8/602

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Інтанацыя (у музыцы) 1/503; 3/488; 5/120; 7/135

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАНА́ЦЫЯ (ад лац. intono гучна вымаўляю) у мовазнаўстве, сукупнасць фанет. сродкаў (мелодыка, інтэнсіўнасць, тэмбр, працягласць і інш.), што служаць для афармлення фразы і асобных яе частак у адзінае цэлае. З дапамогай І. маўленне падзяляецца на адрэзкі (сінтагмы, фразы), якія з’яўляюцца пэўным фанет., сінтакс. і сэнсавым адзінствам. Існуе І. апавядальная, пытальная, пералічальная, клічная і інш. У бел. мове вядомы розныя тыпы інтанацыйных канструкцый, кожны з якіх мае свае фанет. якасць і здольнасць перадаваць сэнсавыя адрозненні сказаў з аднолькавым сінтакс. і лексічным складам. Кожная інтанацыйная канструкцыя мае свой цэнтр — лагічны націск. Зрух яго перадае розныя сэнсавыя адрозненні ўнутры сказа («Мы сустрака́емся заўтра? — Мы́ сустракаемся заўтра? — Мы сустракаемся за́ўтра?»). Параўнанне І. бел. фраз з адпаведнымі фразамі роднасных слав. моў вылучае яе тыпалагічныя і спецыфічныя рысы, адзначае больш павольны тэмп бел. маўлення, асаблівы характар інтэнсіўнасці ў апавядальных фразах.

Літ.:

Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;

Николаева Т.М. Фразовая интонация славянских языков. М., 1977.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інтана́цыя ж. фан., тс. перан. Intonatin f -, -en, Tnfall m -(e)s, Sprchmelodie f -, -d¦en

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ІНТАНА́ЦЫЯ ў музыцы,

1) у шырокім значэнні — носьбіт сэнсавага пачатку ў музыцы (эмацыянальнага, лагічнага, нац. і сац.-характэрнага). Выяўляецца толькі ў рэальным гучанні, таму побач з рысамі, закладзенымі ў пэўны твор кампазітарам і зафіксаванымі ў нотным тэксце, перадае і непаўторнасць індывід. выказвання, т.зв. І. выканальніцкая.

Тэорыя І., распрацаваная Б.Асаф’евым, на першы план вылучае значэнне меладычнага боку, дзе найб. відавочная сувязь з гукавышыннай (інтанацыйнай) арганізацыяй чалавечай гаворкі, яе мелодыкай. Акрамя таго, мелодыка-інтанацыйны бок знаходзіцца ў зоне актыўнага слухацкага ўспрымання і таму ў найб. ступені даступны для інтанавання і запамінання (постінтанавання). У І. як з’яве перш за ўсё меладычнай у непарыўным адзінстве выступаюць усе аспекты музыкі: гукавышынны, ладагарманічны, рытмічны, тэмбравы, дынамічны і агагічны. У залежнасці ад стылю, аўтарскай задумы і кантэксту на першы план можа выступаць уласна меладычная, гарманічная, тэмбравая і інш. інтанацыйнасць. І. выканальніцкая — асаблівасці агагічнага і тэмбравага, часткова дынамічнага і тэмпавага прачытання муз. тэксту. Пры спевах і ігры на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (напр., струнных) яна выяўляецца і ў вар’іраванні гукаў у межах пэўнай частотнай зоны.

У вузкім значэнні — кароткі меладычны зварот, найчасцей меладычная папеўка, якая ў сістэме муз.-маст. цэлага выконвае ролю найменшай муз. сэнсавай адзінкі. Адрозніваюць І. з моўнай выразнасцю (І. пытання, воклічу, сцвярджэння), жанрава-характэрныя (фанфарныя, маршавыя, рытуальна-заклінальныя), нац.-характэрныя (трыхордавыя папеўкі ў слав. песеннасці). У параўнанні са словам у мове муз. І. менш канкрэтная, больш залежыць ад кантэксту, ёй уласціва значная гісторыка-стылявая абнаўляльнасць. Спецыфічныя значэнні паняцце І. набывае: пры вызначэнні ступені акустычнай дакладнасці ў вак. інтанаванні або пры выкананні на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (чыстая або фальшывая І.); у вытворчасці ці настройцы інструментаў з фіксаванай вышынёй гуку (арган, фартэпіяна); у зах.-еўрап. сярэдневяковай вак. музыцы (кароткія сольныя фразы святара, што папярэднічалі антыфонам ці псалмам); у інстр. музыцы 16—17 ст. (арганныя ці клавірныя п’есы ўступнага характару, падобныя да прэлюдыі ці інтрады).

Нар. музыка ў яе аўтэнтычных праяўленнях прынцыпова інтанацыйная па сваёй прыродзе і сутнасці. Кожны напеў (найгрыш) пры паўторных выкананнях нібы нараджаецца нанава ў выканальніцкай імправізацыі. Уласцівая нар. музыцы сац.-гіст. абумоўленасць выяўляецца ў працэсе пераінтанавання, калі ідэнтычныя паводле фармальна-муз. паказчыкаў напевы атрымліваюць розную інтанацыйную афарбоўку і інш. семантычную нагрузку. У больш вузкім значэнні І. трактуецца ў адносінах да аўтэнтычнага фальклору як пэўнае спалучэнне тонаў (напр., квінтавая І.), ладава-рытмічныя звароты, характэрныя культуры пэўнага этнагр. рэгіёна Пры гэтым гукавышынныя, ладавыя, рытмічныя і тэмбравыя сродкі выразнасці ў музыцы вуснай традыцыі арганічна раўнапраўныя, а іх экспрэсіўная сіла часта грунтуецца на рознанакіраванасці іх уздзеяння паводле прынцыпу адначасовага кантрасту. У дастасаванні да нар. музыкі асаф’еўская тэорыя І. найб. паслядоўна развіта этнамузыколагамі пецярбургскай школы Я.Гіпіусам, З.Эвальд, Ф.Рубцовым, якія пашырылі асн. палажэнні гэтай тэорыі і на бел. аўтэнтычны фальклор і ў многім садзейнічалі замацаванню школы бел. этнамузыкалогіі.

Літ.:

Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;

Яго ж. О народной музыке. Л., 1987;

Орлова Е.М. Б.​В.​Асафьев. Л., 1964;

Земцовский И. Б.​В.​Асафьев и методологические основы интонационного анализа народной музыки // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Рубцов Ф.А. Интонационные связи в песенном творчестве славянских народов. Л., 1962;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.

Н.​М.​Юдзеніч, З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інтана́цыя

(фр. intonation, ад лац. intonare = гучна вымаўляць)

1) рытміка-меладычны лад мовы, чаргаванне павышэнняў і паніжэнняў тону пры вымаўленні (напр. пытальная і.);

2) манера вымаўлення, якая выражае пачуцці таго, хто гаворыць (напр. раздражнёная і.);

3) ступень дакладнасці перадачы вышыні гукаў пры музычным выкананні (напр. чыстая і.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)