Індра

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Індра Ю. 6/406

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЮ́,

у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бог ветру. Ваю народжаны двума светамі, з’яўляецца раніцай, запаўняе паветраную прастору. Ён тысячавокі, хуткі, як думка, у яго зіхатлівая калясніца і мноства коней, у калясніцы з ім бог грому Індра. Ваю шчодры, добразычлівы, узнагароджвае ахвяравальніка сынам, дае патомства, маёмасць, славу і інш. У слав. міфалогіі Ваю часткова адпавядае Вій.

А.В.Гурко.

т. 4, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Слепанда́ (сьлепанда́) экспр. ‘сляпы, слепаваты чалавек’ (ашм., Стан.), слепе́нда ‘падслепаватая жанчына’, слепенджа́ ‘тс’ (ТС), слепандзя́ ‘пра таго, хто кепска бачыць’ (Скарбы), слепяндзя́ ‘тс’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), слепэньдя́ ‘тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), сляпандзя́ ‘тс’ (віл., там жа), сьліпіньдзя́ ‘хто не сочыць за сваёй работай’ (Варл.), сляпі́ндра, сьліпідра́ ‘слепаваты чалавек’ (Янк. 3., Яўс.). Карскі (2–3, 30) лічыць новаўтварэннямі пры дапамозе складаных суфіксаў, параўн. скупянда́ (гл.). Аднак некаторыя з гэтых фармантаў (‑енда, ‑ендзя, ‑янда, ‑янджа, ‑інда, індра, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 43, 98, 108) вядомыя і ў іншых славянскіх мовах (адносна балг. ‑ендра, ‑индра гл. Младэнаў, СЕ, 4, 2, 70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕДЫ́ЧНАЯ РЭЛІ́ГІЯ,

ведыйская рэлігія, сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж. Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш. З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.

А.В.Гурко.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНАТЭІ́ЗМ

[ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],

форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж. Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.

Літ.:

Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;

Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;

Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 5, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)