ІНГАДА́,
рака ў Чыцінскай вобл. Расіі, левая складаючая р. Шылка. Даўж. 708 км, пл. бас. 37,2 тыс. км². Пачынаецца на хр. Хэнтэй. У вярхоўях цячэ па вузкай цясніне, у сярэднім цячэнні — па міжгорнай катлавіне. Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 72,6 м³/с. Ніжэй г. Чыта малое суднаходства. Сплаўная. Па даліне І. праходзіць Транссібірская магістраль.
т. 7, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т.
У цэнтральнай ч. Забайкалля, у межах Даурыі, у Чыцінскай вобл. Расіі. Сістэма выцягнутых у паўн.-ўсх. напрамку горных масіваў даўж. каля 300 км ад вярхоўяў р. Джыла да вытокаў р. Ульдурга. Выш. да 1526 м. Складзены з граніту і крышт. сланцу. Пераважае сярэднягорны рэльеф. На схілах хваёвыя і лістоўнічныя лясы. Перасякаецца далінай р. Інгада, дзе праходзяць чыгунка і аўтадарога.
т. 6, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́Н,
рака ў Манголіі і Чыцінскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Пры зліцці з р. Інгада ўтварае р. Шылка. Даўж. 1032 км, пл. бас. 96,2 тыс. км². Пачынаецца на нагор’і Хэнтэй, цячэ пераважна па ўзвышаных стэпавых раўнінах. Жыўленне ў асн. снегавое. Частыя летнія паводкі. Ледастаў з ліст., на перакатах перамярзае. Крыгалом у канцы крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 191 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння і прамысл. водазабеспячэння.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)