Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІМА́ГА (ад лац. imago вобраз),
дарослая стадыя індывід. развіцця насякомых і некаторых іншых членістаногіх. У гэтай стадыі членістаногія размнажаюцца, іншы раз рассяляюцца, не ліняюць і не растуць. Працягласць стадыі І. ад некалькіх гадзін да некалькіх гадоў. Напр., у аўсяніка І. цягнецца гадзіны, у матылькоў-мяшочніц — мінуты; у жукоў (даўганосікі, чарнацелкі) 2—3 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
іма́га
(лац. imago = выгляд)
апошняя стадыя індывідуальнага развіцця насякомых.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МУРАШЫ́НЫЯ ЛЬВЫ (Myrmeleonidae),
сямейства насякомых атр. сеткакрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі трапляецца М.л. звычайны (Myrmeleon formicarium). Жыве ў сухіх пясчаных месцах. Актыўныя на змярканні і ноччу.
Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 17 см. У М.л. звычайнага размах крылаў да 7 см, цела даўж. да 3 см, тонкае, чорнае, амаль голае. Дарослыя знешне нагадваюць стракоз. Вусікі булавападобныя. Крылы з завостранымі канцамі. Ротавы апарат у імага грызучага тыпу. Драпежнікі. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́МФА (ад грэч. nymphē кукалка, лічынка, літар. нявеста, дзяўчына),
фаза (стадыя) паслязародкавага развіцця членістаногіх, якія развіваюцца без яўна выражанага метамарфозу (без стадыі кукалкі).
Уласціва кляшчам, усім першаснабяскрылым і некат. крылатым насякомым. У аўсянікаў, вяснянак і стракоз Н. наз.наядай. Выглядам Н. падобная на дарослы арганізм; адрозніваецца недаразвітым палавым апаратам, а ў крылатых насякомых — і крыламі. Ліняе шмат разоў і паступова ператвараецца ў імага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КАЛКА,
1) прамежкавая стадыя ў развіцці насякомага з поўным ператварэннем (гл.Метамарфоз), у час якой знікаюць лічынкавыя органы і развіваюцца органы дарослай асобіны (імага).
2) Арганізм па пэўнай стадыі развіцця. Адрозніваюць 3 тыпы К.: свабодная (адкрытая) — у сеткакрылых, перапончатакрылых, большасці жукоў; пакрытая — у матылёў, даўгавусых і прамашоўных караткавусых двухкрылых; скрытая (несапр. кокан, пупарый) — у мух, галіц. К. не корміцца і звычайна нерухомая. Працягласць стадыі К. ад 6—10 сут (у некаторых мух) да многіх месяцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́НКА (лац. larva),
постэмбрыянальная стадыя індывідуальнага развіцця арганізмаў, у якіх запасаў пажыўных рэчываў у яйцы недастаткова для завяршэння марфагенезу. Характэрна для многіх беспазваночных і некат. пазваночных (рыбы, земнаводныя). Жыве самастойна, актыўна корміцца, расце і (у беспазваночных) перыядычна перажывае лінькі. Можа мець органы, якіх няма ў дарослай формы і не мець тых органаў, што характэрны для імага. Найб. характэрныя формы Л. — апалонік, вусень, маляўка, наўпліус, трахафора. Працягласць стадыі Л. ад 1 месяца (матылі, мухі) да 2—3 гадоў (хрушч майскі). Гл. таксама Метамарфоза, Неатэнія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАЛІ́РЫЙ (Iphiclides podalirius, або Papilio podalirius),
дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы. Трапляецца на лясных палянах, у зарасніках цёрну. На Беларусі вельмі рэдкі (адзначаны ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абл.). Занесены ў Чырв. кнігу.
Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка бледна-жоўтая, на пярэдніх чорныя клінападобныя палосы, заднія з чорна-блакітнай аблямоўкай. Каля асновы задніх крылаў пляма, на канцы хвосцікі даўж. да 20 мм. Дарослыя кормяцца нектарам кветак, вусені — лісцем цёрну, вішні і інш. раслін, пераважна з сям. ружавых. 1—2 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯШЧЫ́ (Acarina),
зборная група (атрад) членістаногіх кл. павукападобных. З асобныя атрады (падатрады); К.-сенакосцы (Opilioacarina), акарыформныя кляшчы і паразітыформныя кляшчы. 300 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце. Большасць жыве на сушы (у глебе, лясным подсціле, гнёздах птушак і звяроў), некат. ў вадзе. На Беларусі адзначаны акарыформныя (трамбідыформныя і саркаптыформныя) і паразітыформныя К.
Даўж. 0,05—13 мм, сытых крывасмокаў да 30 мм. Цела шарападобнае ці прадаўгавата-авальнае, крыху пляскатае, нерасчлянёнае Ротавы апарат колючы, грызучы, колюча-грызучы. Вочы ў большасці відаў адсутнічаюць. Раздзельнаполыя, з палавым дымарфізмам. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Жыццёвы цыкл уключае фазы: яйцо, лічынка, німфа (адна ці некалькі стадый) і імага. Лічынка 6-ногая, у німфы і імага па 4 пары ног. Паводле тыпу кармлення К. — сапрафагі і драпежнікі. Многія віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека. К.-крывасмокі могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб (напр., у жывёл — піраплазмозаў, бабезіёзаў і інш., у чалавека — кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і сыпнатыфозных ліхаманак). Акароідныя К. (свірнавыя, або збожжавыя) пашкоджваюць збожжа і прадукты, галавыя і павуцінныя К. выклікаюць хваробы яблынь, цытрусавых і інш.Гл. таксама Акаралогія, Гамазавыя кляшчы, Кароставыя кляшчы, Мучны клешч, Панцырныя кляшчы, Пер’евыя кляшчы.
Літ.:
Бэкер Э., Уартон Г. Введение в акарологию: Пер. с англ.М., 1955;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІКІ (Ephemeroptera),
атрад насякомых падкл. адкрытасківічных. Вядомыя з карбону. Найб. прымітыўныя з крылатых насякомых. Пашыраны ўсюды. У сусв. фауне 17 сям., больш за 2 тыс. відаў. На Беларусі адзначана каля 20 відаў, найб. вядомыя — аўсянік звычайны (Ephemera vulgata), аўсянік дацкі (Ephemera danica) і аўсянік двухкрылы (Cloëon dipterum).
Даўж. ад 1 мм да 6 см. Пярэднія крылы даўжэйшыя за заднія. На канцы брушка 2—3 членістыя ніткападобныя вырасты. У дарослых ротавага апарата няма. Развіццё з няпоўным пераўтварэннем. Ад інш. насякомых адрозніваюцца наяўнасцю 2 крылатых фаз — субімага і імага. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, кормяцца дэтрытам, глеем, водарасцямі. Жывуць ад некалькіх гадзін да 10 сутак. Корм для рыб.