Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Пётр Яцак) (10.9.1797, г. Варта, Польшча — 1.1874),
дзеяч польскага нац.-вызв. руху, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Скончыў школу падхаружых у Лазенках (пад Варшавай). У 1827 атрымаў чын падпаручніка. Заснаваў тайнае т-ва «Ваенны саюз» (1828), якое ставіла за мэту падрыхтоўку ваен. перавароту і сфарміраванне рэв. ўрада. 29.11.1830 пачаў паўстанне на чале атрада падхаружых, быў ад’ютантам галоўнакамандуючага польскімі войскамі М.Радзівіла, удзельнічаў у рэйдзе корпуса ген. Ю.Дзвярніцкага на Валынь і ў Галіцыю. Пры абароне Варшавы (вер. 1831) трапіў у палон. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена катаргай у Сібіры. У 1857 памілаваны, вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў пра паўстанне 1830—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНІЛО́ВІЧЫ,
шляхецкі род уласнага герба («Сыракомля» змененая) у ВКЛ. Паводле некаторых крыніц, заснавальнікам роду быў Вайніла (канец 14 ст.). Мелі зямельныя ўладанні ў Мазырскім (лінія савіцка-пузаўская, 17 ст.), Пінскім (лінія макранская, 19 ст.), Навагрудскім (лінія нянькаўская, 19 ст.) пав.Найб. вядомыя:
Траян, падчашы мсціслаўскі (1648); Леў Казімір, падчашы слонімскі (1648); Людвік, стольнік мазырскі (1661); Тамаш, сакратар каралеўскі, харужы ваўкавыскі, сеймавы пасол (1662); Габрыэль, староста літунскі (1667), стольнік навагрудскі; Станіслаў, мечнік лідскі; Крыштоф (1649—?), падчашы, стольнік мазырскі (1688); Францішак, падчашы мазырскі; Ян, падваявода навагрудскі; Павел, падчашы слонімскі; Себасцьян, стольнік мазырскі; Тамаш, падстолі навагрудскі; Стафан, падстолі слонімскі; Адам, канюшы навагрудскі, падкаморы, сеймавы пасол; Ян, падкаморы слуцкі; Антоні (1773—1885), маршалак шляхты Слуцкага пав.; Тадэвуш (1804—78), маршалак шляхты Слуцкага пав.; Мікалай, доктар тэалогіі; Юзаф, маршалак шляхты Навагрудскага пав.; Юзаф, маршалак шляхты Слуцкага пав. (1863—75); Ксаверый Эдвард (псеўд.Яцак Бурчымуха), паэт, перакладчык твораў А.С.Пушкіна на польск. мову; Антон Станіслававіч, гл.Вайніловіч А.С.; Восіп Мікалаевіч, гл.Вайніловіч В.М.; Эдвард Адам, гл.Вайніловіч Э.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬЧЭ́ЎСКІ ((Malczewski) Яцак) (15.7. 1854, г. Радам, Польшча — 8.10.1929),
польскі жывапісец; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1873—76 і 1877—78) у Я.Матэйкі, у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1876—77). Праф. Школы прыгожых мастацтваў (1896—1900) i АМ (1910—21; у 1912—14 рэктар) у Кракаве. Чл. аб’яднання «Мастацтва». Пад уплывам творчасці А.Гротгера і Ю.Славацкага пісаў карціны на тэмы паўстання 1863—64: «Нядзеля ў шахце». (1882), «На этапе» (1883), «Смерць на этапе» (1891), «Куцця ў Сібіры» (1892) і інш. Ствараў прасякнутыя атмасферай роздуму і смутку метафарычна-алегарычныя кампазіцыі, у якіх часта адлюстроўваў фантаст. і біблейскія істоты. Сярод твораў: «Меланхолія» (1890—94), «Зачараванае кола» (1895—97), «Анёл, пайду за табой» (1901), трыпціхі «За анёлам» (1891), «Айчына» (1903), «Музыка» (1906), «Маё жыццё» (1911—12), «Маё пахаванне» (1923), цыклы «Русалкі» (1887—88), «Атручаная студыя» (1905—06) і інш. Аўтар партрэтаў (А.Веляпольскага, 1903; У.Рэйманта, 1905, і інш.), аўтапартрэтаў («Аўтапартрэт з гіяцынтам», 1902; «Аўтапартрэт», 1908, і інш.).