Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́,

школа японскага дэкар. жывапісу. Засн. ў 2-й пал. 15 ст. мастакамі дынастыі Кано (адсюль назва) на традыцыях кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу перыяду Паўд. Сун і яп. паліхромнай школы Тоса, якая развівала традыц. жывапіс ямата. Творы К. выконвалі ў жанры пейзажа на скрутках, шырмах, перасоўных перагародках, рабілі насценныя размалёўкі і інш.; ім уласціва спалучэнне агульнай умоўна-дэкар. трактоўкі кампазіцыі (плоскасныя формы, дакладна прамаляваныя контуры) з падкрэслена праўдападобнымі выявамі асобных матываў (птушак, галін дрэў і інш.), вылучэнне гал. буйнога кампазіцыйнага цэнтра, экспрэсіўная эмацыянальнасць выяў. Сярод прадстаўнікоў школы: Кано Масанобу, Кано Матанобу (заснавальнікі), Кано Эйтоку, Кано Санраку, Кано Міцунобу і інш. У 17—20 ст. жывапіс К. стаў, па сутнасці, паўторам старых узораў.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Кано. Кано Эйтоку. Арол на хвоі. Дэталь размалёўкі шырмы. Канец 16 ст.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РА,

горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Нара. 354 тыс. ж. (1992). Прам-сць: станкабуд., эл.-тэхн., дрэваапр., харчасмакавая, трыкат., вытв-сць маст. вырабаў, цацак. Ун-т. Горад-музей, турысцкі цэнтр міжнар. значэння. Музеі: Ямата бункакан (мастацтва Японіі і Кітая), мастацкі (яп., кіт., кар. дэкар.-прыкладное мастацтва), Нац. гарадскі і інш. Арх. помнікі: манастырскія комплексы Якусідзі (пабудаваны ў 680, перанесены ў Н. ў 718), Кафукудзі (засн. ў 669, перанесены ў Н. ў 710, перабудаваны ў 12—13 ст.), Тадайдзі (743—752, перабудаваны ў 12, 17 і 18 ст.), Тасёдайдзі (засн. ў 759), Сін-Якусідзі (засн. ў 747) з храмамі і скульптурай. Імператарская скарбніца Сёсаін. Паблізу Н. будыйскі храмавы комплекс Харудзі (607), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Горад засн. паблізу будыйскіх святынь. У 710—784 сталіца стараж. Японіі, яе гіст. і рэліг. цэнтр. Пасля пераносу ў 784 г. сталіцы ў г. Нагаока, а ў 794 у Хэян (цяпер Кіёта) страціла сваё значэнне. З 19 ст. турыстычны цэнтр. Штогод Н. наведвае каля 3 млн. турыстаў і паломнікаў.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)