Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
электраліты́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з прымяненнем электролізу. Электралітычнае храміраванне інструмента.// Прызначаны для электролізу. Электралітычная ванна.// Які атрымліваецца ў выніку электролізу. Электралітычнае жалеза. Электралітычны цынк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГАЛЬВАНАСТЭРЭАТЫ́ПІЯ (ад гальвана... + стэрэатыпія),
спосаб вырабу копій друкарскіх формаў (стэрэатыпаў) метадам гальванапластыкі. Ужываецца ў высокім друку для друкавання кніг і часопісаў з вял. колькасцю ілюстрацый, шматтыражных каляровых рэпрадукцый.
Працэс гальванастэрэатыпіі ўключае матрыцаванне (выраб з пластычнага матэрыялу копіі друкарскай формы), электралітычнае нарошчванне на матрыцу слоя металу (звычайна медзі), апрацоўку атрыманага стэрэатыпу. Гальванастэрэатыпы, у параўнанні з літымі, адрозніваюцца дакладнасцю, выразнасцю і трываласцю (медныя вытрымліваюць да 200—250 тыс., а пасля дадатковага нанясення жалеза або нікелю — да мільёна адбіткаў).
значэнне свабоднай энергіі дынамічна ўраўнаважанай акісляльна-аднаўляльнай сістэмы ў электрахім. Працэсе; раўнаважны электродны патэнцыял. Характарызуе пэўнае электралітычнае асяроддзе. Напр., у водным растворы хлорнага жалеза іоны Fe3+ захопліваюць свабодныя электроны з электрода з неакісляльнага металу (плаціна, золата) і аднаўляюцца да іонаў Fe2+. Пасля дасягнення пэўнай канцэнтрацыі Fe2+ у растворы пачынаецца адваротны працэс. Праз пэўны час скорасці рэакцый акіслення-аднаўлення ўраўнаважваюцца і на электродзе ўстанаўліваецца акісляльна-аднаўляльны патэнцыял, які вызначаецца ў вольтах. Чым большая акісляльная здольнасць асяроддзя, тым вышэйшы акісляльна-аднаўляльны патэнцыял. Карыстаюцца ў электрахім. метадах сінтэзу рэчываў, пры даследаваннях у біял. і аналітычнай хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАТЭ́ХНІКА (ад гальвана... + тэхніка),
галіна прыкладной электрахіміі, якая займаецца працэсамі электралітычнага асаджэння металаў на паверхні вырабаў. Уключае гальванастэгію, гальванапластыку і розныя спосабы электрахім. апрацоўкі металаў (аксідаванне, анадзіраванне, электралітычнае паліраванне і інш.). Асновы закладзены Б.С.Якобі, які ў 1838 адкрыў гальванапластыку і распрацаваў спосабы яе выкарыстання. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні, авіяц., радыётэхн. і электроннай прам-сці, у паліграфіі і інш.
Тэхнал. працэсы гальванатэхнікі заснаваны на з’яве электролізу. Асн. кампанент электраліту — солі металу, які ідзе на пакрыццё. У растворы яны распадаюцца на дадатна зараджаныя іоны металу (катыёны) і адмоўна зараджаныя групы (аніёны). Іоны металу асаджаюцца на адмоўным полюсе (катодзе), якім з’яўляюцца самі вырабы ці іх матрыцы. Аноды — пласціны або пруткі металу, які раствараецца ў электраліце і асаджаецца. У некаторых працэсах (напр., храміраванне, залачэнне) ужываюцца нерастваральныя аноды, а солі асноўнага металу дадаюцца звонку. Гальванатэхн. працэсы выконваюцца ў гальванічных ваннах (стацыянарных, паўаўтаматычных, ваннах-агрэгатах). Стацыянарныя ванны маюць прылады для вымярэння т-ры і прыстасаванні для перамешвання электраліту. Неметал. вырабы і матрыцы (з гіпсу, воску, пластмасы і інш.) для электраправоднасці пакрываюць графітам або тонкім слоем хімічна асаджанага металу; металічныя апрацоўваюцца акісляльнікамі для атрымання пасіўнай плёнкі, што дапамагае аддзяліць копію ад матрыцы. На з’яве нераўнамернага растварэння металу пры аноднай палярызацыі заснавана электралітычнаепаліраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Уладзіміравіч) (19.7.1761, г. Абаянь Курскай вобл., Расія — 3.8.1834),
рускі фізік і электратэхнік. Акад.Пецярб.АН (1809, чл.-кар. з 1802). Скончыў Харкаўскі калегіум (1785), вучыўся ў Пецярб. настаўніцкай семінарыі. У 1795—1833 праф.пецярб. Медыка-хірургічнай акадэміі. Раннія работы па тэорыі гарэння, потым адзін з першых у Расіі вёў даследаванні па электратэхніцы. Стварыў найбуйнейшую гальванічную батарэю (1802), з дапамогай якой адкрыў электрычную дугу. Паказаў магчымасць яе выкарыстання для асвятлення, электраплаўлення, зваркі і аднаўлення металаў з вокіслаў. Устанавіў залежнасць сілы току ад плошчы папярочнага сячэння правадніка. Прапанаваў пакрываць праваднікі ізаляцыйным слоем. Даследаваў электралітычнае дзеянне эл. току, разрады ў газах, электрызацыю трэннем, люмінесцэнцыю. Стварыў шэраг эл. прылад. Яго даследаванні паклалі пачатак практычнаму выкарыстанню электрычнасці.