Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАПСО́ДЫЯ (ад грэч. rhapsōdia спяванне ці дэкламацыя эпічных паэм; эпічная песня, песня рапсода),
жанр інструментальнай (зрэдку вакальнай) музыкі, якому ўласцівы эпічны характар, свабодная форма, апора на тэмы нар. паходжання, паслядоўнасць рознахарактарных эпізодаў, кантрастнасць, віртуознае выкладанне. Тэрмін упершыню выкарыстаў для вызначэння серыі сваіх песень і фп. п’ес Д.Шубарт (1786). Развіццё жанру ў 19—20 ст. звязана са станаўленнем многіх нац. муз. школ. Класічныя ўзоры Р. створаны Ф.Лістам, І.Брамсам, А.Дворжакам, М.Равелем, Э.Лало, Дж.Гершвінам, С.Рахманінавым і інш. З бел. кампазітараў Р. стварылі М.Чуркін, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, С.Палонскі, Я.Дзягцярык і інш.
Літ.:
Мейен Е.В. Рапсодия. М., 1960.
І.Дз.Назіна.
т. 13, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУ́РА І НА́ЦІСК»
(«Sturm und Drang»),
грамадска-літ. рух у Германіі ў 1700—80-я г. (назва ад аднайм. драмы ням. пісьменніка Ф.М.Клінгера; 1776). Найб. значныя прадстаўнікі: І.В.Гётэ і Ф.Шылер (ранні перыяд творчасці), Клінгер, Я.М.Р.Ленц, Г.Л.Вагнер, Г.А.Бюргер, К.Ф.Д.Шубарт, І.Г.Фос. Для творчай практыкі пісьменнікаў «Бура і націск» характэрны пераважна зварот да драматургіі. Яны выступілі з рэзкім пратэстам супраць сац. несправядлівасці, дэспатызму феадалаў, рэліг. і саслоўных ланцугоў грамадства, адстойвалі права асобы на годнасць і свабоднае развіццё. У процілегласць асветніцкаму рацыяналізму і нарматыўнай эстэтыцы класіцызму «бурныя геніі» супрацьпаставілі ідэю самабытнага ва ўсіх праявах «характэрнага мастацтва», патрабавалі адлюстравання моцных пачуццяў, гераічных учынкаў, характараў, не зломленых дэспатычным рэжымам, абвяшчалі культ «арыгінальнага генія» — мастака-творцы. Літ. ўзорамі для іх былі паэмы Гамера і трагедыі У.Шэкспіра. Вырашальнае значэнне ў станаўленні эстэтыкі «Буры і націску» мелі думкі І.Г.Гердэра пра нац. своеасаблівасць мастацтва і яго нар. карані, пра ролю фантазіі і эмацыянальнага пачатку. Моцны пратэст супраць несправядлівасці, характэрны для творчасці прадстаўнікоў руху, дазволіў ням. Асветніцтву ўзняцца да ўзроўню нац.-вызв. задач эпохі.
Літ.:
Неустроев В.П. «Буря и натиск» // Неустроев В.П. Немецкая литература эпохи Просвещения. М., 1958.
А.С.Шаўчэнка.
т. 3, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)