Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШМЕ́Т (Юрый Абрамавіч) (н. 24.1.1953, г. Растоў-на-Доне),
расійскі альтыст, дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1989). Нар. арг. СССР (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1976), выкладае ў ёй. З 1978 саліст Маскоўскай філармоніі, з 1986 маст. кіраўнік Дзярж. камернага аркестра «Салісты Масквы». Выступае ў ансамблі з С.Рыхтэрам, У.Співаковым, У.Траццяковым, А.Любімавым, Г.Крэмерам і інш. Першы выканаўца прысвечаных яму канцэртаў для альта з арк. (у т. л. А.Шнітке), санат для альта сучасных кампазітараў, у рэпертуары таксама творы муз. класікі. Лаўрэат міжнар. конкурсаў у Будапешце (1975), Мюнхене (1976). Дзярж. прэміі СССР 1986, Расіі 1996.
т. 2, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ СІМФАНІ́ЧНАЯ КАПЭ́ЛА РАСІ́І.
Створана ў 1991 у Маскве ў выніку зліцця Дзярж. камернага хору СССР (існаваў з 1971) і Дзярж. сімфанічнага аркестра Мін-ва культуры СССР (існаваў з 1957). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор капэлы В.Палянскі. Капэла ўяўляе сабой арган. адзінства двух муз. арганізмаў, якія захоўваюць пэўную творчую самастойнасць (маюць уласныя канцэртныя праграмы, гастрольныя планы, здзяйсняюць запісы). Дзякуючы асаблівай сінт. структуры калектыў мае магчымасць выконваць узоры класічнай музыкі — месы і араторыі, рэквіемы і кантаты, прызначаныя для выканання салістамі, хорам і аркестрам, у т. л. «Глорыя» А.Вівальдзі, «Месія» Г.Ф.Гендэля, месы В.А.Моцарта і Ф.Шуберта, рэквіемы Л.Керубіні, Дж.Вердзі, Моцарта, І.Брамса, А.Брукнера, «Званы» С.Рахманінава, «Вяселейка» І.Стравінскага, многія оперы ў канцэртным выкананні. Капэла — першы выканаўца многіх твораў А.Шнітке, М.Сідзельнікава, С.Губайдулінай і інш. Выступленням капэлы ўласцівыя глыбіня інтэрпрэтатарскіх канцэпцый, высокая ансамблевая культура, бездакорнае пачуццё стылю, каларыстычнае багацце гукавой палітры. Аркестр быў створаны як оперна-сімф. аркестр Усесаюзнага радыё і тэлебачання (арганізатар і першы маст. кіраўнік С.Самасуд), з 1981 яго ўзначальваў Г.Раждзественскі, пад кіраўніцтвам якога калектыў на высокім узроўні выканаў у канцэртах і запісаў на радыё ўсе сімфоніі Брукнера, Дз.Шастаковіча, А.Анегера, Шнітке і інш. Хор (арганізатар і кіраўнік Палянскі) набыў найб. вядомасць пасля ўдзелу ў Міжнар. конкурсе поліфанічных хароў «Гвіда д’Арэца» ў Італіі, дзе стаў лаўрэатам. Яго рэпертуар вялікі і разнастайны, выкананне адметнае высокай вакальна-харавой тэхнікай, прыгожым роўным гучаннем, крышталёвай яснасцю і дакладнасцю інтанавання.
т. 6, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧЭ́РТА ГРО́СА (італьян. concerto grosso літар. вялікі канцэрт),
жанравая разнавіднасць інстр. канцэрта, заснаваная на проціпастаўленні ўсяго складу выканаўцаў і групы салістаў (канцэрціна). Склаўся ў 17 ст. ў Паўн. Італіі (А.Страдэла, Дж. Тарэлі). Цыкл К.г. заснаваны на чаргаванні павольных гамафонных і хуткіх поліфанічных частак. Класічныя ўзоры К.г. ў творчасці А.Карэлі, А.Вівальдзі, Г.Ф.Гендэля. Прынцыпы інстр. выкладання, уласцівыя К.г., захоўваліся да 19 ст. ў прыкладной і праграмнай музыцы (І.Гайдн, В.А.Моцарт). У 20 ст. адраджаецца ў творчасці Э.Кшэнека, Б.Марціну, Э.Тамберга, А.Эшпая, А.Шнітке і інш. Сярод бел. кампазітараў да жанру К.г. звярталіся П.Альхімовіч, С.Бельцюкоў, Л.Шлег.
т. 8, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГА́Н (Алег Майсеевіч) (21.11.1946, г. Южна-Сахалінск, Расія — 15.7.1990),
расійскі скрыпач. Засл. арт. Расіі (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1969, клас Д.Ойстраха). З 1971 саліст Маскоўскай філармоніі. Выступаў у ансамблі з С.Рыхтэрам, Э.Вірсаладзе, з жонкай Н.Гутман, з аркестрамі пад кіраўніцтвам Я.Святланава, Г.Раждзественскага і інш. Першы выканаўца многіх твораў айч. кампазітараў, у т. л. прысвечаных яму і Гутман (3-і скрыпічны канцэрт А.Шнітке, канцэрты для скрыпкі і віяланчэлі з арк. Т.Мансурана і А.Віеру і інш.). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсах імя Я.Сібеліуса (Хельсінкі, 1965), імя І.С.Баха (Лейпцыг, 1968), 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе імя П.Чайкоўскага (Масква, 1966) і інш.
т. 7, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕАТО́РЫКА (ад лац. alea ігральныя косці; выпадковасць),
метад муз. кампазіцыі, які прадугледжвае мабільнасць (незамацаванасць) муз. тканіны ці формы. Узнікла ў 1950-я г., найб. характэрная для прадстаўнікоў авангардызму (Дж.Кейджу, К.Штокгаўзену і інш.). Заснавана на прынцыпе выпадковасці і імправізацыйнасці ў будове муз. твора. Адрозніваюць абсалютную алеаторыку (ахоплівае муз. твор у цэлым) і адносную (увядзенне фрагмента алеаторыкі ў інш. акружэнне; больш пашырана). Як сродак драматургічнага кантрасту, муз. вобразнасці і экспрэсіі алеаторыка сустракаецца ў творах А.Шнітке, Р.Шчадрына, Э.Дзянісава, Ф.Сланімскага, у бел. кампазітараў С.Картэса, Дз.Смольскага, В.Войціка, А.Мдывані, В.Капыцько і інш. Графічны запіс алеаторных твораў (побач з агульнапрынятай натацыяй ужываюцца спец. знакі) пакідае шмат момантаў на меркаванне музыканта, у выніку выканальніцкія версіі істотна адрозніваюцца паміж сабой.
Літ.:
Денисов Э. Современная музыка и проблемы эволюции композиторской техники. М., 1986. С. 112—136.
Т.Г.Мдывані.
т. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНЫ АРКЕ́СТР,
невялікі аркестр, аснову якога складае струнная група, часам яе дапаўняюць клавесін, духавыя і ўдарныя інструменты. Яго асаблівасці: няўстойлівасць і ненарміраванасць складу, індывідуалізацыя партый (кожная партыя часам выконваецца адным салістам). Вызначэнне «К.а.» ўведзена ў 20 ст. ў сувязі з імкненнем узнавіць арыгінальнае гучанне барочнай і раннекласічнай музыкі і характэрнымі тэндэнцыямі сучаснай кампазітарскай творчасці: павелічэннем ролі поліфаніі, эканоміяй муз. сродкаў, рэакцыяй на «звышаркестр», што склаўся да пач. 20 ст. Для К.а. значны рэпертуар стварылі кампазітары П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч, Я.Раэтс, А.Шнітке, бел. Г.Вагнер, В.Войцік, Я.Глебаў, В.Капыцько, В.Кузняцоў і інш.
Сярод вядомых калектываў: К.а. пад кіраўніцтвам В.Штроса (Германія), «Новыя віртуозы Рыма» (Італія), К.а. лад кіраўніцтвам В.Траццякова, «Віртуозы Масквы», «Салісты Масквы» пад кіраўніцтвам Ю.Башмета (Расія), Літоўскі пад кіраўніцтвам С.Сандэцкіса, К.а. Грузіі пад кіраўніцтвам Л.Ісакадзе, Ерэванскі К.а. і інш., на Беларусі — Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.
т. 7, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЙМАЕР, Ньюмеер (Neumeier) Джон (н. 24.2.1942, г. Мілуокі, ЗША), амерыканскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў школе Каралеўскага балета Вялікабрытаніі. З 1969 гал. балетмайстар опернага т-ра ў Франкфурце-на-Майне, з 1973 кіраўнік балетнай трупы і гал. балетмайстар Гамбургскай дзярж. оперы. У творчасці спалучае традыцыі класічнай харэаграфіі з выразнымі сродкамі танца мадэрн. Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (абедзве 1971), «Прыцемкі» на муз. А.Скрабіна, «Пацалунак феі», «Жар-птушка» і «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (усе 1972), «Гамлет: тое, што падразумяваецца» на муз. А.Копленда, «Ілюзіі як «Лебядзінае возера» (абедзве 1976) і «Элегія» (1978; абедзве на муз. Чайкоўскага), «Спячая прыгажуня» (1978) Чайкоўскага, «Сон у летнюю ноч» на муз. Ф.Мендэльсона і Дз.Лігеці, «Арыэль» на муз. В.А.Моцарта, «Чацвёртая сімфонія Малера» (усе 1977), «Дама з камеліямі» на муз. Ф.Шапэна (1978), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979), «Пер Гюнт» А.Шнітке (1989), «Цяпер і потым» на муз. М.Равеля (1992).
т. 11, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ МУЗЫ́ЧНЫ КА́МЕРНЫ ТЭА́ТР.
Засн. ў 1971 на базе Вучэбнага т-ра Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (існаваў з 1958). Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.Пакроўскі. Мае на мэце адраджэнне традыцый старадаўняй оперы, зліццё сцэн. і муз. інтэрпрэтацый (спевакі — драм. акцёры), аб’яднанне артыстаў, аркестра і публікі ў працэсе спектакля (частковы перанос дзеяння ў глядзельную залу і інш.), пошук новых жанравых форм. Ставяцца оперы, зінгшпілі, мюзіклы і спектаклі новых жанраў, напр., «музычна-псіхаграфічная драма» «Дваранскае гняздо» У.Рэбікава. Адначасова т-р захоўвае традыцыі рус. опернага т-ра. У рэпертуары: «Сокал» Дз.Бартнянскага, «Скупы» В.Пашкевіча, «Дырэктар тэатра» В.А.Моцарта, «Аптэкар» І.Гайдна, «Нос» Дз.Шастаковіча, «Бедныя людзі» Г.Сядзельнікава, «Шынель», «Брычка» і «Плады асветы» А.Холмінава, «Растоўскае дзейства» Дз.Растоўскага, «Прыгоды гулякі» І.Стравінскага, «Давайце створым оперу» Б.Брытэна, «Жыццё з ідыётам» А.Шнітке. У складзе т-ра: Б.Дружынін, Н.Якаўлева, М.Лемешава, Э.Акімаў, Л.Сакаленка, М.Жукава, А.Мачалаў і інш. Гал. дырыжоры: Г.Раждзественскі (з 1974), Л.Асоўскі (з 1987).
Літ.:
Покровский Б.А. Ступени профессии. М., 1984.
т. 10, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСТЫЛІ́СТЫКА (ад палі... + стыль),
у музыцы, наўмыснае спалучэнне ў адным творы несумяшчальных (рознасных) стылістычных элементаў. Асн. формы П.: цытата (тэмы з твораў П.Чайкоўскага, В.Беліні ў «Ганне Карэнінай» Р.Шчадрына), псеўдацытата (ілюзія «Марша энтузіястаў» І.Дунаеўскага ў 1-й сімф. А.Шнітке), алюзія (намёк; інтанацыі М.Глінкі ў фінале сімф. №15 Дз.Шастаковіча), тэхніка адаптацыі («Пульчынела» на тэмы Дж.Б.Пергалезі І.Стравінскага, «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. В.Капыцько). Характэрнай з’явай П. з’яўляецца калаж (Скерца з сімф. для 8 галасоў з арк. Л.Берыо, 9-я сімф. Дз.Смольскага). Да П. не адносяцца: чужая тэма ў варыяцыях (напр., Варыяцыі А.Лядава на тэму М.Глінкі), выкарыстанне нар. мелодыі (тэма «У полі бярозка стаяла» ў фінале 4-й сімф. П.Чайкоўскага), ці імітацыя яе стылю (хор пасялян з оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна), інструментоўка твораў інш. кампазітараў, некат. віды цытат (мелодыя А.Грэтры ў оперы «Пікавая дама» Чайкоўскага), нявытрыманасць стылю.
Літ.:
Лобанова М.Н. Музыкальный стиль и жанр: История и современность. М., 1990.
В.С.Клакоцкая.
т. 12, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)