Шацілкі (г. п.) 1/519; 6/395; 9/437, гл. Светлагорск

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЦІ́ЛКІ,

назва да 29.7.1961 горада Светлагорска.

т. 17, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РЫЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка БССР у 1924—61. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр. — г.п. Парычы. 20.8.1924 падзелены на 14 сельсаветаў: Добравальшчанскі, Дуброўскі, Каралеўскаслабодскі, Коўчыцкі, Любанскі, Парыцкі, Ракшынскі, Раманішчанскі, Сцяпоўскі, Чыркавіцкі, Чэрнінскі, Шацілкаўскі, Шчадрынскі, Якімаваслабодскі. З 20.2.1938 у Палескай вобл. На 1.1.1941 раён уключаў г.п. Парычы і 13 сельсаветаў. З 20.9.1944 у Бабруйскай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл. 9.6.1960 цэнтр раёна перанесены ў г.п. Шацілкі, які 29.7.1961 перайменаваны ў г. Светлагорск, а П.р. — у Светлагорскі раён.

т. 12, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАГО́РСК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на р. Бярэзіна, чыг. ст. на лініі Жлобін—Калінкавічы, вузел аўтадарог на Бабруйск, Жлобін, Гомель, Калінкавічы 73,4 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 16 ст. як в. Шацілкавічы (пазней Шацілкі) у Рэчыцкім пав. ВКЛ У 1639 было 19 двароў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, у Парыцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. З 20.8.1924 мяст. Шацілкі — цэнтр сельсавета ў Парыцкім р-не Бабруйскай акр. (1924—30), з 1938 у Палескай вобл. У жн. 1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 353 чал. Вызвалены 26.11.1943 войскамі 1-га Бел. фронту ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З вер. 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Гомельскай абл. З 30.12.1956 гар. пасёлак, з чэрв. 1960 — цэнтр Парыцкага раёна. З 1961 горад раённага падпарадкавання, 29.7.1961 перайменаваны ў С., а Парыцкі р-н у Светлагорскі. З 1963 — горад абл. падпарадкавання. У 1970—40,3 тыс. ж., у 1973—48,7 тыс. жыхароў.

Працуюць: Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, з-д жалезабетонных вырабаў і канструкцый, філіял з-да «Гомсельмаш», домабудаўнічы камбінат, масласырзавод, хлебазавод, раённае аб’яднанне сельгастэхнікі, Светлагорская ЦЭЦ. У горадзе Светлагорскі індустрыяльны тэхнікум, ПТУ хімікаў, Дом культуры, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Музей гісторыі горада Светлагорска. Брацкія магілы сав. воінаў, брацкая магіла сав. маракоў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Горад Светлагорск. Забудова мікрараёна Паўднёвы.

т. 14, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РВАЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

разгром партызанамі часцей ням.-фаш. арміі ў в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. 18 ліст. ў Вял. Айч. вайну. Праведзена партыз. брыгадамі «Жалязняк» (камандзір В.​І.​Шаруда), імя Панамарэнкі (І.​І.​Бандарэнка) і 108-м партыз. атрадам імя Катоўскага (М.​А.​Трусноў) у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Задача аперацыі — перакрыўшы дарогу з Рэчыцы на Горваль і Шацілкі, не прапусціць часці гітлераўцаў, якія адступалі ў напрамку Бабруйска. У ходзе аперацыі партызаны пад кіраўніцтвам камісара партыз. брыгады імя Панамарэнкі Я.​Р.​Садовага імклівай атакай уварваліся ў Горваль і разграмілі праціўніка, захапілі танкі, бронемашыны, артылерыю, 110 аўтамашын з боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі захапіць Горваль, але партызаны моцна ўтрымлівалі свае пазіцыі на працягу 5 сутак да падыходу часцей Чырв. Арміі. У гонар баявых дзеянняў партызан у Горвалі ў 1977 пастаўлены абеліск.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,

установа ордэна езуітаў у 17—18 ст. У пач. 17 ст. місіянерскую дзейнасць па прапагандзе каталіцызму ў Бабруйску пачалі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1618 яны замацаваліся тут, у 1630 узнікла іх рэзідэнцыя. Гар. староста П.​Трызна перадаў езуітам маёнткі Гарбацэвічы, Рыня, Устайла, пабудаваў для іх дом у Бабруйску і перадаў 7500 фларэнаў, атрыманых пад заклад маёнтка Кісялевічы. У 1638 нашчадкі Трызны аддалі езуітам в. Дваранавічы з уніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц П.​Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты. У час антыфеад. вайны 1648—51 рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад. У 1681 адноўлена дзейнасць іх школ. У час Паўн. вайны 1700—21 яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць. З 1720 пры рэзідэнцыі быў прытулак для збяднелай шляхты. Закрыта ў 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай.

Т.​Б.​Блінова.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАГО́РСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ХІМВАЛАКНО́» Буд-ва пачата ў 1960 у пас. Шацілкі Гомельскай вобл. як Шацілкаўскага з-да штучнага валакна. У 1961 са зменай назвы пасёлка на г. Светлагорск адпаведна змянілася назва з-да. У 1965 уведзена ў дзеянне 1-я, у 1967—2-я чарга кордавай вытв-сці, у 1969 — вытв-сць серавугляроду, у 1971 — доследна-прамысловая ўстаноўка па вытв-сці корду з розных тыпаў цэлюлозы, на якой у 1976 пасля рэканструкцыі атрымана нітка «Аксалон» для цеплаізаляцыйных вырабаў, у 1980 — участак па вытв-сці вугляродных матэрыялаў. З 1983 — сучасная назва. У 1992 рэканструявана 2-я кордавая вытв-сць, устаноўлены агрэгаты для фармавання віскознай тэкстыльнай ніткі. У 1994 арганізаваны вытв-сці нятканага матэрыялу «Спанбонд», мяшкоў з плёначных поліпрапіленавых нітак, у 1996 — вытв-сць карбаксіметылцэлюлозы. У складзе прадпрыемства з-ды: поліэфірнай тэкстыльнай ніткі, штучнага валакна; вытв-сці: палімерных і вугляродных матэрыялаў, тавараў нар. ўжытку. Асн. прадукцыя (2001): віскозная кордавая тканіна, віскозная і поліэфірная тэкстыльныя ніткі, нятканыя матэрыялы, поліпрапіленавыя мяшкі, тканіна, шпагат; тавары нар. ўжытку (спарт. касцюмы, камплекты для спальні і інш.), вугляродныя матэрыялы, аксалон.

т. 14, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГУ́НАЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,

спецыяльныя войскі, прызначаныя для тэхн. прыкрыцця, аднаўлення, буд-ва і эксплуатацыі чыг. напрамкаў з мэтай забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл у ваен. час; у мірны час выкарыстоўваюцца для тэхн. прыкрыцця буйных чыг. аб’ектаў, буд-ва новых і павелічэння прапускной здольнасці існуючых ліній.

Ваенізаваныя фарміраванні на рас. чыгунцы ўзніклі ў 1851. Пазней іх замянілі чыг. батальёны, сфарміраваныя на ўзор армейскіх вайск. часцей. Першы такі батальён сфарміраваны ў г. Баранавічы ў 1876, пазней — яшчэ 3 батальёны, а ў 1886 у Баранавічах — першая ў свеце чыг. брыгада. Як асобны від войск Ч.в. існуюць з 1904 (складаліся з Баранавіцкай, Туркестанскай, Закаспійскай і Заамурскай брыгад). У 1-ю сусв. вайну Ч.в. пабудавана 6 тыс. км чыгункі, з іх 1 тыс. км на Беларусі. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ваен. чыгуначнікі ў Расіі аднавілі 22 тыс. км чыгункі, у т. л. 4 тыс. на Беларусі, 3169 мастоў, у т. л. 300 на Беларусі. Пасля грамадз. вайны чыг. батальёны перайменаваны ў палкі, некат. з якіх дыслацыраваліся ў Віцебску, Гомелі, Жлобіне і інш.; выконвалі аднаўленчыя работы на станцыях Слуцк, Бабруйск, Орша, Барысаў. У 1926—40 Ч.в. пабудавалі на тэр. Беларусі чыг. лініі Орша—Лепель, Гомель—Чарнігаў, Рослаўль—Магілёў—Асіповічы, вялі аднаўленчыя работы на напрамку Полацк—Маладзечна—Ліда—Масты. У Вял. Айч. вайну ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 для аднаўленчых і эксплуатацыйных работ на Беларусі было сканцэнтравана 14 чыг. брыгад. Яны аднавілі ўчасткі Смаленск—Полацк—Шаўляй, Смаленск—Орша—Мінск, Асіповічы—Баранавічы—Беласток, масты цераз Дняпро каля г. Жлобін, цераз Зах. Дзвіну каля Віцебска і Полацка, цераз Бярэзіну каля в. Шацілкі, цераз Прыпяць каля г. Мазыр, цераз Сож каля Гомеля і інш. З 1965 на тэр. Беларусі дыслацыравалася 30-я асобая чыг. брыгада Яе часці ўдзельнічалі ў буд-ве другіх пуцей на участках Гомель—Жлобін—Асіповічы, Калінкавічы—Оўруч, Гомель—Церахоўка, Лунінец—Ракітнае, Памыслішча—Дзехцяроўка. З падраздзяленнямі Бел. чыгункі войскі ўдзельнічалі ў рэканструкцыі чыг. станцый у Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Лунінцы, Бабруйску; буд-ве пад’язных пуцей да шэрагу заводаў, фабрык, прадпрыемстваў і інш. Ч.в. ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (замена пад’язных пуцей да 4-га энергаблока і інш.).

У студз. 1992 паводле пастановы СМ створаны Ч.в. Рэспублікі Беларусь, у якія ўваходзяць часці, прызначаныя для збудавання землянога палатна, мастоў, рамонту чыг. тэхнікі і інш., а таксама інш. спец. падраздзяленні. Ч.в. працавалі на рэканструкцыі трамвайных пуцей у Мінску і Віцебску, навядзенні пантонных мастоў, дэмаркацыі дзярж. мяжы з Літвой і Латвіяй, пракладцы кабельных ліній, электрасетак і інш.

Літ.:

Степук А. Железнодорожные войска // Армия. 1999. № 4.

А.​В.​Ганчароў.

Да арт. Чыгуначныя войскі. Воіны-чыгуначнікі наводзяць мост цераз водную перашкоду.

т. 17, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пень, пня, м.

1. Ніжняя частка ствала з каранямі, якая застаецца ад спілаванага, ссечанага або зламанага дрэва. [Жонка] разам з сынам распаліла агеньчык на тым месцы, дзе некалі расла груша, а цяпер тырчаў з зямлі абгарэлы пень, паставіла чыгун з бульбай. Сіўцоў. [Жанчына:] — А вось у Шацілкі прыехалі: ні пала ні двара. У палатцы жылі, рыдлёўка і сякера — найпершыя машыны: пні карчавалі. Дадзіёмаў.

2. Адно дрэва будаўнічага лесу. [Цесць:] — Можа б у земаддзеле пнёў колькі лесу далі, як хутаранцу? Кажуць, даюць цяпер на будоўлю. Лобан. // Ствол дрэва. Адны з іх [асколкаў] тонка, як пчолы, звінелі па версе, збіваючы галінкі і лісце, другія .. злосна чокалі, уядаючыся ў галлё і пні. Брыль.

3. перан. Пра бесталковага, абыякавага да ўсяго чалавека.

•••

Валіць цераз пень калоду гл. валіць.

Глухі як пень гл. глухі.

На пень брахаць гл. брахаць.

На пні — пра не зрэзанае (лес, збожжавыя расліны і пад.). Пажаўцела поле. Збожжа ссыхалася на пні. Бядуля. — Ну, якая ўжо там грэчка! — Брат малодшы кажа: — Ветрам выдзьме! Не паспеўшы, Уся на пні паляжа. Колас.

Стаяць (сядзець) як пень гл. стаяць.

Цераз пень калоду — дрэнна, абы як (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)