шансо́н

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. шансо́н шансо́ны
Р. шансо́на шансо́наў
Д. шансо́ну шансо́нам
В. шансо́н шансо́ны
Т. шансо́нам шансо́намі
М. шансо́не шансо́нах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

шансо́н, -а м. шансо́н

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Шансон (муз.) 1/127; 10/639

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

шансон

т. 17, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шансо́н

(фр. chanson)

1) французская песня ва ўсіх яе гістарычных і жанравых разнавіднасцях;

2) сучасная эстрадная песня (з рэпертуару шансанье).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

СВЕ́ЛІНК (Sweelinck, Swelink) Ян Пітэрсзан (1562, г. Дэвентэр, Нідэрланды — 16.10.1621), нідэрландскі кампазітар, арганіст; заснавальнік школы ігры на аргане. Развіваў традыцыі нідэрландскай школы, узбагаціў іх дасягненнямі італьян. і англ. майстроў. Віртуознае выканальніцкае майстэрства С. спалучалася з эмацыянальнасцю, тонкай апрацоўкай дэталей. Аўтар твораў для аргана (фантазіі, рычэркары, такаты, апрацоўкі харалаў), вак. твораў (шансон, псалмы, матэты і інш.), трактата аб правілах кампазіцыі. Сярод вучняў С.Шайт, М.Прэторыус.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАДУ́ХА (Аляксандр Антонавіч) (н. 18.1.1959, с. Каменка Сергіева-Пасадскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1982). Працаваў урачом (1982). З 1987 саліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі, з 1989 — т-ра песні Я.​Паплаўскай і А.​Ціхановіча. З 1991 працуе са створанай ім групай «Карусель». Валодае голасам прыгожага тэмбру; яго выкананне вылучаецца шчырасцю і эмац. выразнасцю. У творчасці пераважае стрыманы рас.-бел. шансон з бардаўскім ухілам. У рэпертуары песні бел. і рас. кампазітараў, у т. л. Э.​Ханка, А.​Марозава, А.​Елісеенкава, І.​Капланава, С.​Сухамліна. Дыпламант Міжнар. фестывалю «Шлягер-90» (1990, Ленінград).

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́КЕГЕМ (Ockeghem, Okeghem) Іаханес (Жан) дэ (каля 1425, г. Дэндэрмондэ, Бельгія — 1495), франка-фламандскі кампазітар, дырыжор; віднейшы прадстаўнік нідэрландскай шкалы. Вучыўся ў метрызе (муз. школе, дзе рыхтавалі пеўчых) сабора Нотр-Дам у Антверпене. З 1452 1-ы капелан і капельмайстар франц. каралеўскага двара, з 1456 адначасова каралеўскі саветнік і казначэй абацтва Сен-Мартэн у Туры. Прадстаўнік поліфаніі строгага стылю, узбагаціў тэхніку скразной імітацыі, зацвердзіў паўнагучнае 4-галоссе хар. стылю a cappella. Аўтар мес (захавалася 10), матэтаў (у т. л. 36-галосы матэт «Хвала госпаду» — спалучэнне чатырох 9-галосых канонаў, якія прыпісваюць О.), шансон. Для яго твораў характэрны формы на cantus firmus (трывалы напеў), у якасці якога выкарыстоўваў і свецкія песні. Кампазіцыі будаваў на матэм. разліках.

т. 11, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКАЯ ШКО́ЛА,

адзін з вядучых творчых кірункаў у музыцы 15—16 ст. Склалася ў Нідэрландах (уключалі сучасныя Бельгію, Люксембург, Нідэрланды, Паўн.-Усх. Францыю; адсюль назва кірунку і яго падзел на некалькі школ паводле храналагічнай і стылявой прыкмет). Гал. прадстаўнікі 1-й Н.ш., бургундскай (ранняй нідэрландскай), — Г.Дзюфаі і Ж.​Беншуа; 2-й, фламандскай, — І.Окегем і Я.​Обрэхт; 3-й, франка-фламандскай, — Жаскен Дэпрэ; 4-й, англа-франка-фламандскай, — А.Ласа. Кампазітары Н.ш. абагульнілі дасягненні нар. і ранняга прафес. мастацтва Фландрыі, Бургундыі, Францыі і Англіі, стварылі новы поліфанічны стыль для хору a cappella, т. зв. строгі стыль (гл. Поліфанія) з характэрным для яго раўнапраўем галасоў, развітой імітацыйнай тэхнікай, складанымі кантрапунктавымі злучэннямі. Вядучыя жанры — меса, матэт, канон, поліфанічны шансон, мадрыгал, фратола, віланела, канцанета. Харавая меса існавала ў некалькіх разнавіднасцях, якія адрозніваліся кампазіцыйнай тэхнікай, тэкставай асновай, літургічнай функцыяй (месы-парафразы, месы-пародыі і інш.). Выпрацаваны разнастайныя прыёмы развіцця cantus firmus. Муз. тэарэтык Н.ш. І.Тынкторыс абагульніў муз.-тэарэт. погляды сваёй эпохі, сістэматызаваў муз. тэрміналогію («Вызначальнік музычных тэрмінаў», 1474), развіў тэорыю метрарытмічнай арганізацыі і інш. Прынцыпы, выпрацаваныя прадстаўнікамі Н.ш., сталі універсальнымі. У 20 ст. некат. іх прыёмы ўвайшлі ў тэхніку кампазітараў новай венскай школы, П.​Хіндэміта, І.​Стравінскага і інш.

Літ.:

Теоретические наблюдения над историей музыки: Сб. ст. М., 1978;

Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.

т. 11, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОП-МУ́ЗЫКА (англ. pop music ад popular music папулярная агульнадаступная музыка),

паняцце, якое ахоплівае розныя стылі і жанры масавай муз. культуры 20 ст.; сучасная музыка, якая не адносіцца да катэгорый джаза, класічнай музыкі. Часам яе атаясамліваюць з лёгкай музыкай, эстраднай музыкай. Тэрмін «П.-м.» з’явіўся ў 1950-я г., першапачаткова ўжываўся для абазначэння рок-музыкі. Зараз да П.-м. адносяць усе з’явы камерцыйнай муз.-забаўляльнай «індустрыі», у т. л. шлягер (пашыраны з 1910-х г.). Уключае музыку стыляў рознага паходжання: «кантры» і «вестэрн», дыска, шансон, мяшаныя стылі (джаз-рок і інш.), элементы мюзік-хола, камерцыйны джаз, аўтарскую песню, а таксама рок-музыку (лічыцца і самастойным муз. кірункам) і інш. Тэматыка П.-м. шматпланавая: ад перадачы ідэалізаваных пачуццяў, адчування эмацыянальна-псіхал. камфорту (шлягер) да пратэстных тэндэнцый, сац. крытыкі (рок-музыка).

Складанасць вызначэння П.-м. як з’явы культуры звязана з яе сац. роляй, якая перавышае эстэт. каштоўнасць. Яе асн. прынцып — стварэнне стылявых стэрэатыпаў (у т. л. з элементамі фальклору, класічнай музыкі, джаза), якія аблягчаюць успрыняцце і забяспечваюць камерцыйны поспех. П.-м. звязана з разгалінаванай сістэмай музычна-забаўляльных паслуг, з шоу-бізнесам. Распаўсюджваецца таксама праз грамзапіс, аудыёкасеты і дыскі. Некат. кампазіцыі існуюць толькі ў выглядзе гуказапісаў.

У бел. П.-м. доўгі час панаваў жанр эстраднай песні, шлягера. Сярод кампазітараў у гэтай галіне працавалі і працуюць: У.​Буднік, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, У.​Прохараў, В.​Раінчык, Ю.​Семяняка, Э.​Ханок і інш., сярод выканаўцаў В.​Вуячыч, Т.​Раеўская, Н.​Багуслаўская, Э.​Міцуль, А.​Падгайскі, В.​Кучынскі, Я.​Еўдакімаў, Я.​Паплаўская і А.​Ціхановіч, І.​Афанасьева, М.​Скорыкаў, І.​Дарафеева, В.​Дайнэка, Л.​Ялінская, І.​Абалян і інш. Папулярызацыі П.-м. садзейнічае Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Фінберга. Праводзяцца міжнар. муз. фестывалі «Славянскі кірмаш», «Залаты шлягер». У галіне сучаснай аўтарскай песні вылучаюцца А.​Шадзько, а таксама Э.​Акулін, З.​Бартосік, Б. і Г. Вайханскія, Данчык, А.​Казанцава, А.​Камоцкі, А.​Мельнікаў, В.​Цярэшчанка, В.​Шалкевіч і інш.

А.​А.​Карпілава.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)