Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РКУЛАВІЧЫ,
вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля аднайм. вадасховішча і р.Чачора, на аўтадарозе Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Меркулавічы». За 22 км на ПнЗ ад г. Чачэрск, 66 км ад Гомеля, 37 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 596 ж., 227 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РКУЛАВІЧЫ,
вадасховішча ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Меркулавічы. Створана ў 1973 на р.Чачора. Пл. 0,79 км², даўж. 2,4 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 4 м, аб’ём вады 1,03 млн.м³. Берагі спадзістыя, пад хмызняком. У вярхоўі частка берага забалочана. Сярэдні шматгадовы сцёк 9,3 млн.м³. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. зямель, рыбагадоўлі, адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГІ́НЬ,
вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на р.Чачора. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 55 км ад Гомеля. 890 ж., 362 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ РАЁН,
на ПнУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 45,9 тыс.чал. (1996), гарадскога 26%. Цэнтр раёна — г.Буда-Кашалёва; г.п.Уваравічы; 269 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 21 сельсавет: Акцябрскі, Буда-Люшаўскі, Бярвенаўскі, Глазаўскі, Губіцкі, Гусявіцкі, Дуравіцкі, Забалоцкі, Івольскі, Камунараўскі, Кашалёўскі, Крыўскі, Ліпініцкі, Марозавіцкі, Мікалаеўскі, Недайскі, Патапаўскі, Рагінскі, Узаўскі, Чабатовіцкі, Шырокаўскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка раёна забруджана радыенуклідамі, 10 населеных пунктаў адселены.
Раён размешчаны ў межах Чачорскай раўніны (паўн.-ўсх. частка) і Гомельскага Палесся (паўн.-зах. частка). Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 157,6 м (каля в. Анастасьеўка). Карысныя выкапні: торф, цэментныя, тугаплаўкія, керамічныя гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 562 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб.р. Дняпро, цякуць Уза, Ліпа і Чачора (прытокі р. Сож). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 22,5% тэр. раёна; лясы ў асноўным хваёвыя і чорнаальховыя; найб. масівы на З — Борхаўская лясная дача і інш. На тэр. раёна біял. заказнік Буда-Кашалёўскі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 106,5 тыс.га, з іх асушана 27,7 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 13 калгасаў і 16 саўгасаў; 2 птушкафабрыкі, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно) і буд. матэрыялаў прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Бабруйск—Гомель, аўтадарога Магілёў—Гомель. У раёне 25 сярэдніх, 13 базавых і 3 пач. школы, 6 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 35 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 44 б-кі, 5 бальніц, 33 фельч.-ак. пункты. Выдаецца газ. «Авангард».