РО́ДНАСЦЬ І СВАЯ́ЦТВА,

адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка (роднасць) або якія ўзнікаюць у мужа і жонкі да іх родных (сваяцтва). У першабытным грамадстве кроўнароднасныя адносіны былі асновай аб’яднання людзей у род, фратрыю, племя, яны характарызавалі формы сям’і. У сучасных сямейных адносінах адрозніваюць роднасць па лініях; прамой (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі), узыходнай (ад нашчадкаў да продкаў — напр., унук, сын, бацька, дзед), сыходнай (ад продкаў да нашчадкаў). Бел. назвы кроўнай роднасці па прамой лініі: 1-й ступені — бацька (тата), маці (матка, мама), сын, дачка (пазашлюбных дзяцей наз. бастрамі, байструкамі); няпоўнай роднасці паміж мужам (жонкаю) і дзецьмі ад папярэдняга шлюбу жонкі (мужа) — айчым, мачаха, пасынак, падчарыца; няпоўнай роднасці паміж дзецьмі — брат (сястра) па бацьку ці па маці; усынаўлення — выхаванец, выхаванка (у гаворках — гадаванец, гадаванка, дольнік, дольніца); дзеці мачахі і айчыма лічацца зводнымі братам і сястрой; 2-й ступені — дзед, баба, унук, унучка; 3-й ступені — прадзед, прабаба, праўнук, праўнучка; 4-й ступені — прапрадзед, прапрабаба, прапраўнук, прапраўнучка (гэтыя формы ўжываюцца вельмі рэдка і найчасцей замяняюцца апісальна). Далейшыя ступені кроўнай роднасці наз. агульна: па ўзыходнай лініі — продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, па сыходнай — нашчадкі (патомкі). Назвы роднасці 1-й бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца. У гаворках са значэннем «пляменнік» трапляюцца нябож, часам — сыновец; са значэннем «пляменніца» — нябога. Назвы роднасці 2-й бакавой лініі: дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы 3-й і наступных ліній ужываюцца радзей і звычайна перадаюцца апісальна. Назвы сваяцтва: муж, жонка, у гаворках таксама стары, старая; дзед, баба; гаспадар, гаспадыня. Да слова «муж» сінонімы мужык, чалавек, да слова «жонка» — маладзіца, дружына, жанчына і інш. Даччын муж — зяць; сынава жонка — нявестка (сынавая, сыновая). Мужавы бацькі — свёкар, свякроў (свякруха, свекрыва), жончыны — цешча, цесць; мужаў брат — дзевер, сястра — залвіца (залоўка). Слова «швагер» выражае 3 паняцці: сястрын муж, жончын брат, муж жончынай сястры; швагерка — жончына сястра. Братава жонка — братавая (браціха), братавыя паміж сабой — ятроўкі; дзядзькава жонка — дзядзіна (цётка). Бацькі мужа і жонкі адзін да аднаго — сваты, мацеры — свацці (свахі). У гаворках усе родныя мужа — сваты і свацці ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот. Асобна стаяць хросныя бацькі, хросная матка, хросныя дзеці — хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння. Апрача канкрэтных, ёсць агульныя назвы Р. і с.: радня, родзічы, сваякі, свае, у гаворках таксама радзіна, прырода, сраство, свайство, адроддзе, род і інш. Гл. таксама Роднасць у праве.

Літ.:

Трубачев О.Н. История славянских терминов родства и некоторых древних терминов общественного строя. М., 1959;

Булахаў М.Г. Старабеларускія назвы роднасці і сваяцтва // З жыцця роднага слова. Мн., 1968;

Алгебра родства: Родство. Системы родства. Системы терминов родства. Вып. 1. СПб., 1995.

К.​М.​Панюціч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ня́нька 1 ’нянька, што даглядае дзяцей’ (Нас., Яруш., Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), укр. ня́ньо ’бацька’, ня́ня, ня́нька ’нянька’, рус. ня́ня, ня́нька ’тс’, а таксама ’старэйшая сястра’, польск. niania, niańka ’нянька’, nana, nanka ’тс’ і ’маці’, чэш. ňano, naňka ’бацька’, дыял. (мар.) nána ’нянька’, славац. nano, ňaňa ’цётка’, в.-луж. nan ’бацька’, серб.-харв. на́на, не́на ’маці’, балг. не́ня ’сястра маці’, не́ни ’зварот малодшага да старэйшага’. Тыповае «дзіцячае» слова, узнікшае шляхам падваення складоў (мама, тата і пад.); «дыфузная» семантыка можа сведчыць пра самастойнае развіццё падобных слоў у асобных славянскіх мовах. Параўн. Фасмер, 3, 94; Махэк₂, 389; Шустар-Шэўц, 13, 987.

Ня́нька 2 ’калыска’ (кобр., ДАБМ, камент. 813). Гл. ненька.

Ня́нька 3 ’нанка, кітайка (від матэрыі)’ (Нас.). Відаць, запазычана з рус. на́нка ’тс’, што ў сваю чаргу з франц. nankin або ням. Nanking ад назвы горада ў Кітаі (Праабражэнскі, 592; Фасмер, 3, 41). Змякчэнне зычных цяжка вытлумачыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́тка 1 ’маці, мама’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Яруш., Шат., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС), ’мачаха’ (Яшк., Назвы), ма́тачка ’маці’ (Шат., Растарг.), ’самка некаторых жывёл, птушак і насякомых (пчол)’ (ТСБМ, Бес., Нас., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. ма́тка, рус. ма́тка ’тс’, пск. ’сястра жаніха, нявесты’, пецярб. ’хрышчоная маці’, ярасл. матка старенькая ’бабуля’ (тое ж славац. stará matka); польск. matka ’маці’, ’пчаліная матка’, ст.-польск. matka ’цётка’, ’мамка’; чэш., славац. matka ’матка’; на паўд.-слав. тэрыторыі і Паноніі калісьці таксама было matka, якое пазней выцесніла majka/майка, matica (параўн. венг. mátka ’нявеста’, алб. mëtkë ’пчаліная матка’). Прасл. matъka — дэмінутыў да mati > ма́ці (гл.). Значэнне ’пчаліная матка’ ў лексемы matъka таксама вельмі старое; аналагічнае назіраецца ў англасаксаў. У іншых і.-е. народаў ужываюцца словы мужчынскага роду: rēx, βασιλέυς, König і да т. п. (Reallexicon, 1, 278). Сюды ж матка‑і‑мачаха ’падбел, Tussilago farfara’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Барысава (Бел.-рус. ізал., 9) мяркуе, што матка ў смал. гаворках было запазычана з польск. мовы.

Ма́тка 2 унутраны палавы орган жанчын і самак жывародзячых жывёл’ (ТСБМ), ’сцябло ніжняй часткі хмелю’ (акц., Мат. Гом.). Да ма́тка 1. Аналагічна яшчэ лац. māter — mātrīx.

Ма́тка 3, ма́ткы, маткы́ ’спарыння ў жыце, Claviceps purpurea Tul.’ (пін., Шатал.; драг., Нар. лекс.), зах.-укр. ма́тка ’тс’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 19). Да ма́тка 2. Спарыння выкарыстоўваецца ў гінекалогіі.

Ма́тка 4 — адзін з капітанаў дзвюх каманд, выбраны перад пачаткам дзялення на каманды’ (гродз., Нар. словатв.). Рус. алан., арханг., валаг., перм., наўг., пенз. матка ’тс’, чэш. matka, máma. Відавочна, да матка 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)