Фрычэ 7/548

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Фрычэ Уладзімір Максімавіч

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́РНБЕРГСКІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс над групай гал. нацысцкіх ваенных злачынцаў. Праводзіўся 20.11.1945—1.10.1946 у г. Нюрнберг (Германія), у Міжнар. ваен. трыбунале, створаным паводле Лонданскага пагаднення ад 8.8.1945 паміж СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй, да якога далучыліся яшчэ 19 дзяржаў. Ад СССР гал. абвінаваўцам выступаў Р.​А.​Рудэнка. Пад суд былі аддадзены 24 ваен. кіраўнікі фаш. Германіі: Г.​Герынг, Р.​Гес, І.​Рыбентроп, В.​Кейтэль, Р.​Лей (скончыў самагубствам у турэмнай камеры), Э.​Кальтэнбрунер, А.​Розенберг, Г.​Франк, В.​Фрык, Ю.​Штрэйхер, В.​Функ, К.​Дзёніц, Э.​Рэдэр, Б. фон Шырах, Ф.​Заўкель, А.​Іодль, М.​Борман (судзілі завочна), Ф. фон Папен, А.​Зейс-Інкварт, А.​Шпеер, К.​Нейрат, Г.​Фрычэ, Г.​Круп (прызнаны невылечна хворым, яго справа спынена ў сувязі са смерцю). Адбыліся 403 адкрытыя суд. пасяджэнні, на якіх заслуханы паказанні падсудных (за выключэннем Геса і Фрыка), 116 сведак, разгледжана больш за 5 тыс. дакумент. доказаў, у т. л. пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў на тэр. Беларусі: паведамленні і акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, пра знішчэнне сав. людзей шляхам заражэння сыпным тыфам у 3 канцлагерах на тэр. Палескай вобл., расстрэлы жыхароў у Гомелі, Пінску, Лідзе, знішчэнне дзяцей у Брэсцкай вобл. Віна падсудных у змове супраць міру і чалавечнасці, ва ўчыненні найцяжэйшых ваен. злачынстваў была даказана. Да пакаранню смерцю праз павешанне прыгавораны Герынг, Рыбентроп, Кейтэль, Розенберг, Франк, Фрык, Кальтэнбрунер, Штрэйхер, Іодль, Заўкель, Зейс-Інкварт, Борман (завочна), да пажыццёвага турэмнага зняволення Гес, Функ, Рэдэр, да турэмнага зняволення на 20 гадоў Шырах і Шпеер, на 15 — Нейрат, на 10 — Дзёніц, апраўданы Папен, Фрычэ, Я.​Шахт. Ваенны трыбунал прызнаў злачыннымі дзярж. тайную паліцыю (гестапа) і службу бяспекі (СД), кіруючы склад Нацыянал-сацыялісцкай партыі і яе ахоўныя атрады (СС). На прыгавор чл. трыбунала ад СССР заявіў асобную думку: Папен, Фрычэ і Шахт апраўданы беспадстаўна, да Геса павінна быць ужыта пакаранне смерцю, беспадстаўна адмоўлена прызнаць злачыннымі арг-цыямі генштаб і ўрадавы кабінет. Прыгавор да пакарання смерцю здзейснены ў ноч на 16.10.1946, целы пакараных і Герынга (скончыў самагубствам перад пакараннем смерцю) сфатаграфаваны, спалены і прах развеяны. Так упершыню ў гісторыі былі пакараны арганізатары агрэсіўнай вайны, агрэсія прызнана найцяжэйшым міжнар. злачынствам. На працэсе былі выкрыты агрэсіўная і чалавеканенавісніцкая сутнасць фашызму, жудасныя дзеянні нацыстаў у акупіраваных краінах, устаноўлена віна гал. кіраўнікоў фаш. Германіі ў арганізацыі і ва ўчыненні найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Прынцыпы міжнар. права, што ўтрымліваюцца ў Статуце трыбунала і выказаныя ў прыгаворы, былі пацверджаны рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН ад 11.12.1946.

Літ.:

Нюрнбергский процесс: право против войны и фашизма. М., 1995;

Нюрнбергский процесс: Сб. материалов: В 8 т. Т. 1—5. М., 1987—91.

І.​І.​Пацяружа.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬГА́РНЫ САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,

спрошчанае вытлумачэнне грамадскіх з’яў, аднабаковае перабольшванне ролі асобных фактараў грамадскага развіцця: тэхнікі, формаў арганізацыі вытв-сці, эканомікі, палітыкі, ідэалогіі, ігнараванне значэння біял. прыроды чалавека. У вузкім сэнсе слова вульгарны сацыялагізм — аднабаковае вытлумачэнне грамадскай свядомасці, калі апошняя разглядаецца безадносна да праблемы яе ісціннасці або памылковасці, а выключна ў аспекце яе класава-ідэалаг. функцыі, г. зн. у якасці сродку барацьбы грамадскіх класаў (сац. слаёў, груп і г.д.) за панаванне або проста выжыванне. У філасофіі (А.А.Багданаў, У.​М.​Шуляцікаў), літ. крытыцы і эстэтыцы (В.​Ф.​Пераверзеў, У.​М.​Фрычэ) ён выяўляўся ў адмаўленні адноснай самастойнасці ідэалогіі і ў вывядзенні ўсіх ідэалаг. формаў непасрэдна са спосабу вытв-сці. Разнавіднасцю вульгарнага сацыялагізму ў мовазнаўстве было вучэнне аб мове як класавай і надбудовачнай з’яве.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́НДЭ (Лукаш Апанасавіч) (1.11.1903, в. Шчакоцк Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.12.1961),

бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў Камуніст. ун-т БССР імя У.​І.​Леніна (1926). Друкаваўся з 1925. Працы Бэндэ («Андрэй Александровіч», «Янка Купала», абедзве 1932, і інш.) не вызначаліся ні навук., ні эстэт. глыбінёй. У 1930-я г. адзін з найб. адыёзных крытыкаў. Ідучы ад канцэпцыі «сацыялогіі мастацтва» У.​Фрычэ, Бэндэ вульгарызаваў і спрашчаў яе. Літ. вобраз разглядаў толькі як ілюстрацыю класавай ідэалогіі і паліт. светапогляду, ігнаруючы своеасаблівасць і індывідуальнасць маст. пазнання рэчаіснасці. Прыкрываючыся ідэяй «новай пралетарскай культуры», цалкам адмаўляў культурны набытак мінулага, усю дарэв. бел. л-ру абвяшчаў контррэвалюцыйнай, прасякнутай бурж.-ліберальнай ідэалогіяй. З гэтых пазіцый займаўся паліт. і літ. дыскрэдытацыяй Я.​Купалы і Я.​Коласа. Абвінавачваў членаў літ. аб’яднанняў «Узвышша» і «Полымя» ў бурж. нацыяналізме. Архіў Бэндэ ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.

І.​Э.​Багдановіч.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)