Усвят (крэпасць каля Полацка) 3/559

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 14—20 ст. Утвораны ў канцы 14 ст. пасля скасавання Віцебскага княства. Тэр. Віцебскага павета складалася з 2 асн. частак: стараж. баярскіх вотчын і княжацкіх двароў, якія размяшчаліся пераважна на З, У і Пд ад Віцебска на адлегласці каля 20—30 км, і больш аддаленых валасцей Азярышча (Езярышча), Бруса, Дрэчылукі, Мікуліна, Усвят (Усвяты) і інш. Княжацкімі дварамі, верагодна, здаўна былі Выдрэя, Лемніца (Ілемніца), Лужасна, Любашкаў, якія ў 16 ст. і пазней сталі велікакняжацкай уласнасцю. Шматлікія баярскія вотчыны (у 15—16 ст. сярод іх упамінаюцца Бялынавічы, Вымна, Глазамічы, Караміды, Пагосцішча, Старое Сяло, Тухачова, Фальковічы, Хоцімля і інш.) належалі прадстаўнікам 20—30 родаў мясц. паходжання ці раздаваліся вял. князямі служылым князям. У 1508 утворана Віцебскае ваяводства, куды ўвайшоў і Віцебскі павет. Функцыі віцебскага намесніка перайшлі да ваяводы, якога замяшчаў падваявода. У 1514 паўн.-ўсх. частка Віцебскага павета (воласці Веліж і Жыжэц) адышла да Маскоўскай дзяржавы (Веліж вернуты ў 1582 пасля Лівонскай вайны 1558—83). Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 удакладнены межы Віцебскага павета, уведзены новыя службовыя пасады (кашталян, суддзя земскі з падсудкам і пісарам, суддзя гродскі з пісарам, харужы, падкаморы і інш.), уся шляхта павета была ўраўнавана ў правах і атрымала самакіраванне — павятовы соймік. У час Лівонскай вайны на тэр. маёнтка Дрэчылукі ў 1563 пабудаваны дзярж. Суражскі замак. На тэр. Віцебскага павета здаўна існаваў праваслаўны Маркаў (Маркаўскі) манастыр (на правым беразе Зах. Дзвіны ніжэй ад Віцебска). У 16—18 ст. найбуйнейшымі землеўладальнікамі павета былі Сапегі, Сангушкі, Агінскія. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебскі павет у складзе Рас. імперыі: з 1772 у Пскоўскай, з 1776 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губ. У гэты перыяд тэр. Віцебскага павета значна паменшылася: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі пав., паўд. частка ўвайшла ў Бабінавіцкі пав., паўд.-заходняя — у Сенненскі. У 1866 тэр. Суражскага пав. падзелена паміж Віцебскім паветам і Веліжскім пав. З гэтага часу Віцебскі павет набыў межы, у якіх заставаўся да 1918. У 1897 тэр. павета 2861,1 кв. вярсты, нас. 177 066 чал. З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Віцебскі павет увайшоў у яе склад. З утварэннем Літ.-Бел. ССР (ліст. 1919) павет у Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. Да 1920 у павет уваходзілі 23 воласці, пасля ўзбуйнення валасцей (1923) у Віцебскім павеце іх засталося 15. У сак. 1924 тэр. павета ў межах адм.-тэр. падзелу 1920 вернута ў БССР. 17.7.1924 Віцебскі павет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Віцебскую акругу.

В.Л.Насевіч.

т. 4, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,

вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр. Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р. Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр. Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.Хадкевіч і Р.Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс. чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн. ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс. чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, К.апор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т.л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛ этн. бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).

Літ.:

Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;

Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.

Г.М.Сагановіч.

Да арт. Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.

т. 9, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)