Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМ (Gramme) Зеноб Тэафіль
(4.4.1826, Жэе-Бадэнье, Бельгія — 20.1.1901),
бельгійскі электратэхнік, заснавальнік прамысл. вытв-сці эл. машын. Працаваў у Францыі. Атрымаў патэнт на эл. генератар пастаяннага току з кальцавым якарам (1869). У 1870 стварыў «Т-ва вытв-сці магніта-эл. машын Грама», якое вырабляла эл. генератары розных тыпаў з кальцавым якарам. У 1871 прадэманстраваў у Парыжскай АН першую дынамамашыну.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕР (Bayer) Готліб
(Тэафіль) Зігфрыд (6.1.1694, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 10.2.1738),
нямецкі гісторык і філолаг. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т. З 1725 працаваў на кафедры старажытнасцяў і ўсх. моў Пецярбургскай АН. Працы па арыенталістыцы, філалогіі (у тым ліку слоўнік кіт. мовы), гіст. геаграфіі і гісторыі Стараж. Русі (напісаны на аснове візант., сканд. крыніц і пачатковага рус. летапісу ў лац. перакладзе), у т. л. «Пра варагаў», «Пра першы паход русаў на Канстанцінопаль», «Паходжанне русаў», «Геаграфія Русі і суседніх абласцей у 948 г. з Канстанціна Багранароднага», «Геаграфія Русі і суседніх абласцей у 948 г. з паўночных пісьменнікаў» і інш., якія друкаваліся ў спец. выданні Акадэміі навук на лац. мове «Каментарыі». Пачынальнік нарманскай тэорыі.
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬЕ́ (Gautier) Тэафіль
(30.8.1811, г. Тарб, Францыя — 23.10.1872),
французскі пісьменнік і крытык. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Удзельнік парыжскіх літ.-маст. гурткоў, натхняльнік літ. групы «Парнас». У прадмовах да паэмы «Альбертус» (1832) і рамана «Мадэмуазель дэ Мапэн» (1835—36) выступіў супраць утылітарызму ў мастацтве, даў абгрунтаванне тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва». Аўтар паэт. зб-каў «Вершы» (1830), «Камедыя смерці» (1838), «Іспанія» (1845), «Эмалі і камеі» (1852), раманаў «Кароль Кандоль» (1844), «Жан і Жанета» (1850), «Раман муміі» (1858), фантаст. аповесцей і апавяданняў («Ноч, падараваная Клеапатрай», 1845; «Мілітона», 1847, і інш.), падарожных нататкаў, у т. л. «Падарожжа ў Расію» (1867). Для яго твораў характэрна сувязь з мастацтвам (з жывапісам і пластыкай у паэзіі, з т-рам у рамане «Капітан Фракас», т. 1—2, 1861—63), выкарыстанне фантастыкі для стварэння «звышнатуральнага» свету і асяроддзя, да якога імкнецца герой, пастаўлены ў рэальныя ўмовы зямнога існавання. Крытычныя працы — «Гратэскі» (1844; пра франц. паэтаў 15—17 ст.), «Гісторыя рамантызму» (выд. 1874). Нарыс пра жыццё і творчасць Ш.Бадлера.
Тв.:
Poésies complètes. Vol. 1—3. Paris, 1970;
Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1972.
С.В.Логіш.
т. 5, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІО́ (Viau) Тэафіль дэ
(сак. або май 1590, Клерак, каля г. Ажэн, Францыя — 25.9.1626),
французскі паэт; прадстаўнік ліберцінажу (вальнадумства). Працаваў у жанрах санета, оды, эпіграмы, элегіі. Аўтар «Трактата пра бяссмерце душы», трагедыі «Пірам і Фісба» (1617, паст. 1625), вальнадумных і сатыр. вершаў, змешчаных у калектыўным зб-ку «Сатырычны Парнас» (1622), выданне якога стала падставай для ганенняў на паэта, арганізаваных езуітамі. У 1623 яму вынесены смяротны прыгавор, заменены ў 1625 пажыццёвай ссылкай. Ганенні і турма — прычына заўчаснай смерці Віо. У яго лірыцы па-барочнаму пераплецены вытанчанасць і метафарычнасць з канкрэтнасцю і рэалістычнасцю, экзальтаванасць з іранічнасцю. Віо ўпершыню ў франц. паэзіі змог перадаць паяднанне прыроды і душы чалавека. Лепшыя яго вершы прасякнуты духам унутр. свабоды, няскоранасці і адлюстроўваюць асабістую драму («Санет Тэафіля на яго выгнанне», «Ліст да брата», «Шыбеніца», «Стансы» і інш.).
Тв.:
Рус. пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;
[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.
Літ.:
Виппер Ю.Б. Французская литература первой трети XVII в. // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4
Г.В.Сініла.
т. 4, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)