Турэ́чынка ‘крынічнік доўгалісты, Veranica longifolia L.’ (гродз., Кіс.). Магчыма, да Турэччына, турэцкі (гл.) з актуалізацыяй значэння ‘незвычайны, не падобны да іншых’. Пастусяк (Pogranicze, 266) звязвае з горкім смакам зелля, гл. папярэдняе слова. Лучыц-Федарэц (пісьм. паведамл.) дапускае народнаэтымалагічнае збліжэнне з урокі (гл.) з «прыстаўным» т‑ у лексеме *урэ́чынка, роднаснай чэш. úročník ‘Veronica officinalis’ < úřek ‘сурокі’, параўн. рус. урочная трава ‘трава ад сурокаў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КРЫНІ́ЧНІК (Veronica),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 дзікарослыя і 3 інтрадукаваныя віды. 3 дзікарослых найб. вядомыя К. даўгалісты (V. longifolia, нар. назвы турэчынка, падхлоп, шалфей баравы), дуброўны (V. chamaedrys, нар. назвы палейка, кандрацікі, трыдзевятка), лекавы (V. officinalis, нар. назвы сухотнік лесавы, парушэнец жаночы, раквіца, вароннік). Трапляюцца ў далінах рэк, па канавах, сярод хмызняку.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы і паўкусты выш. 5—150 см. Сцябло голае або апушанае. Лісце супраціўнае, кальчаковае ці чаргаванае. Кветкі няправільныя, сінія, блакітныя, белыя, сабраныя ў гронкі, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, пустазелле.

Крынічнік: 1 — гарычкавы; 2 — даўгалісты; 3 — дуброўны.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)