Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Турова А. Д. 3/361; 6/298
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВЮ́РА (франц. gravure),
1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.
2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.
Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.
Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст.Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.Дзюрэр, Ж.Кало, Рэмбрант, Дж.Піранезі, Ф.Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.Зубаў, М.Махаеў, С.Галакціёнаў, А.Ухтомскі, В.Матэ, Г.Астравумава-Лебедзева, А.Краўчанка, У.Фаворскі і інш.
На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.Ангілейка, В.Вашчанка, П.Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.Азямблоўскага, Н.Орды, Я.Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г.найб. пашырана ксілаграфія (А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Мінін, А.Тычына, С.Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.Гембіцкі, М.Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.Малкін, Х.Тыбер, лінагравюры — Я.Горыд, літаграфіі — А.Малярэвіч, Ф.Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.Асецкі, І.Вішнеўскі, А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч; літаграфіі — А.Дзямарын, Г. і Н.Паплаўскія, В.Шаранговіч; лінагравюры — С.Герус, А.Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.Зайцаў; розных тэхніках — У.Савіч, М.Купава, А.Лапіцкая, М.Селяшчук, В.Славук, Л.Марчанка, Ю.Герасіменка, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Гравюра. А.Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.В.Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.Да арт.Гравюра. К.Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.Да арт.Гравюра. В.Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.Да арт.Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Печары́ца ’шампіньён, Agaricus campestris L.’ (Нар. Гом.), пычуры́ца, пэчэры́ца, пэчуры́ца ’тс’ (стол., пін., Жыв. сл.), печурыца ’тс’ (Нас.; Растарг.; добр., брагін., Мат. Гом.; стол., Сл. Брэс.), печуры́ца і пячу́рка ’тс’ (уздз., Нар. словатв.), печэры́ца ’тc’ (ТС). Укр.печери́ця, печа́риця, рус.печери́ца, печери́ка, печурица, печерка ’тс’, польск.pieczarka ’грыб, які вырас у пячоры’ (Брукнер, 407), pieczarka, pieczarek pieczorynki ’шампіньён’, чэш.pečárka, pečurka, pekarka, pečirka, pečírek, славац.pečiarka, pečarka, pičurka ’розныя віды шампіньёна’, славен.pečȗrka, pečurica ’грыб’, серб.-харв.пѐчурка, пѐчурица ’тс’, ’шампіньён’, макед.печурка ’грыб’, балг.печу́рка ’шампіньён’. Прасл.*pečerъka/*pečerica/*pečura (Мяркулава, Этимология–1964, 95–96). Этымалогія лексемы не зусім ясная. Звычайна мяркуюць пра паходжанне лексемы ад дзеяслова *pekti (Міклашыч, 235; Фасмер, 3, 256; Машынскі, O sposobach, 120–121, які ў пацвярджэнне гэтага зазначае, што “яшчэ і зараз славянскія пастухі, знайшоўшы на пашы шампіньёны, пякуць іх, нанізаўшы на дубец, над агнём”). Супярэчыць гэтаму і наяўнасць у гэтым слове ва ўсіх славянскіх мовах гука č, што прадугледжвае першаснае k, а не ‑kt‑. Махэк₂ (441) мяркуе, што слова узнікла ў выніку намінацыі выразу накшталт pečena turova — такая назва бытуе ва украінскіх Карпатах: турова печеня, праўда, для іншага грыба (ЛБ, 1956, 6, 13). Для пацвярджэння паходжання лексемы з *pekti М. Майтанава (Slsl. 5, 1970 (1), 71) прыводзіць славац.biela huba na pečenie. На карысць такой этымалогіі прамаўляюць некаторыя сінанімічныя назвы: укр.печериця висока ’грыб-парасон, Lepiota procera (Scop.) Quel’, яшчэ называецца пряжівка (у Карпатах) < пряжити ’смажыць’, ці палес.пажа́рак, пажа́рки, а таксама варыянт з метатэзай да печериця — чепериця ’шампіньён’, ’грыб увогуле’, шырока прадстаўлены ва Украіне, у Венгрыі, Румыніі і на балгарскай і сербскахарвацкай тэрыторыях (гл. Непакупны, Связи, 36–41).