Ту́птаць ‘працаваць дома; таптацца, хадзіць цэлы дзень паціху, не спяшаючыся’ (Федар. 4, Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы), ‘біць капытамі’ (Нар. Гом.), ту́птаці ‘хадзіць, тупаць’ (ТС), ст.-бел. туптати ‘тс’ (ГСБМ); сюды ж тупата́ць, тупаце́ць ‘стукаць нагамі’ (ТСБМ), тупота́ти ‘тс’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́птати ‘таптацца, хадзіць узад і ўперад’, тупота́ти ‘часта тупаць’, тупоті́ти ‘тс’, рус. дыял. тупоте́ть, тупоти́ть ‘стукаць нагамі’, польск. tuptać ‘таптацца дробнымі крокамі’, ‘мітусіцца’, tupotać ‘таптаць’, ‘тупацець, тупаць’, в.-луж. tupotać ‘перабіраць нагамі’, макед. тупти ‘стукаць, удараць’, ‘біцца (аб сэрцы)’, балг. туптя́ ‘тс’, ‘працаваць (аб маторы)’. Дзеясловы суадносяцца з тупат (гл.), што да *tъpъtъ/*tupotъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́пат ‘тупанне, тупаніна’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.; ашм., Стан.), ту́пот ‘тс’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́піт, ту́пот, польск., в.-луж. tupot, серб. тупот, макед. тупот ‘тс’. Відаць, яшчэ праславянскае ўтварэнне ад *tupati > *tupotъ, паралельнае да *topotъ або *tъpъtъ (Арол, 4, 84), гл. наступнае слова. Паводле Борыся (654), утварэнню назоўніка папярэднічаў дзеяслоў інтэнсіўнага дзеяння з элементам *‑t‑, гл. туптаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няту́пнік ’старасцень вясенні, Sėnetio vernalis W. et К.’ (віц., Кіс.), nietupnik ’тс’ (гродз., Ажэшка). Ад тупаць, ту́птаць ’таптацца, хадзіць’? Магчыма, ’расліна, якая не мнецца’, гл. іншыя назвы — несмяртэльнік, сухавей. Фармальнае падабенства да папярэдняга слова, гл. нятубіц (іншая назва — бяссмертнік), дазваляе выдзеліць элемент туб‑, няяснага паходжання, прадстаўлены і ў тубачнік ’крапінец чубаты’ (Сл. ПЗБ). Паводле Будзішэўскай (SOr, 39, 3–4, 273), таго ж паходжання, што і нятубіц (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)