Трызны

т. 15, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тры́зна

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. тры́зна тры́зны
Р. тры́зны тры́зн
тры́знаў
Д. тры́зне тры́знам
В. тры́зну тры́зны
Т. тры́знай
тры́знаю
тры́знамі
М. тры́зне тры́знах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

«ГАЗДА́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся больш за 200 родаў, у т. л. Гадлеўскія, Корфы, Міцуты, Неміровічы, Падбярэзскія, Пацы, Рымшы, Трызны, Храпавіцкія. У чырвоным полі 2 сярэбраныя лілеі, павернутыя ўверх і ўніз і змацаваныя залатым пярсцёнкам; клейнод — над прылбіцай з каронай выява такіх жа лілей на паўлінавым хвасце (герб «Газдава I»). Існуюць варыянты герба: з 5 страусавымі пёрамі і 2 лілеямі ў клейнодзе («Газдава II»); з 5 страусавымі пёрамі («Газдава III»); з падзеленым на 2 часткі полем, дзе ў верхнім сярэбранага колеру змешчана чорная лілея, а ў ніжнім чорнага колеру — сярэбраная, клейнод — 3 страусавы пёры («Газдава IV»). Герб вядомы з пач. 14 ст.

Герб «Газдава».

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДЫ́,

народны памінальны абрад у беларусаў, рытуальная вячэра ў памяць памерлых родзічаў. Дзядамі называлі таксама дзень, калі адбываўся абрад, і нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Паходзяць ад дахрысц. ўсх.-слав. звычаю трызны; звязаны з культам продкаў. Пазней абрад ускладніўся напластаваннем хрысц. культу. Дз. спраўлялі ў пэўныя дні 3—4 і больш разоў на год (у залежнасці ад мясцовасці) вясною і ўвосень. Галоўнымі былі змітраўскія Дз. (асяніны) — у суботу перад Змітравым днём (26 кастр. с. ст.), на радаўніцу, а таксама перад масленіцай, сёмухай. На Дз. гатавалі святочныя і абрадавыя стравы (абавязковымі былі куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса). Паводле звычаю ад кожнай з іх сімвалічна адкладвалі ў асобны посуд нябожчыкам. У наш час Дз. (Дзень памяці) адзначаюць 2 лістапада.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НЫ,

у беларусаў і інш. хрысціянскіх народаў памінальны абрад, які адзначаецца на 40-ы дзень (6-ы тыдзень) пасля смерці чалавека. Як і інш. памінкі, звязаны з культам продкаў. На Беларусі наз. таксама саракавіны, саракі, саракапуст; шасціны. Паводле нар. павер’я, у гэты час душа нябожчыка наведвае родную хату, таму яе прыбіралі ручнікамі, на акно ставілі хлеб-соль і шклянку з вадой. На С. родныя наведваюць магілу памерлага, наладжваюць ў доме жалобны стол, які паходзіць ад стараж. язычніцкай трызны. Сярод абавязковых памінальных страў — куцця, канун і інш. Асобны прыбор з пітвом і стравай ставяць для памерлага. Неабходнасць адзначаць С. тлумачаць тым, што непамянутая душа асуджана на пакуты і не будзе спрыяць людзям у іх зямных справах.

У.​А.​Васілевіч.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тры́зна, ‑ы, ж.

1. У старажытных славян — заключная частка пахавальнага абраду, якая суправаджалася ваеннымі гульнямі, спаборніцтвамі, а таксама вячэрай па нябожчыку. Пры спальванні і насыпанні кургана праводзілі так званыя трызны — урачыстае развітанне з нябожчыкам у выглядзе ваеннай гульні або спаборніцтва. Штыхаў.

2. Пахавальны і памінальны абрад, памінкі па нябожчыку. Калі памёр Каліна, зрабілі дзеці па ім памінкі — трызну і пахавалі яго ў зямлі, паклаўшы туды яго лепшыя і найпатрэбнейшыя рэчы. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАБРУ́ЙСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,

установа ордэна езуітаў у 17—18 ст. У пач. 17 ст. місіянерскую дзейнасць па прапагандзе каталіцызму ў Бабруйску пачалі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1618 яны замацаваліся тут, у 1630 узнікла іх рэзідэнцыя. Гар. староста П.​Трызна перадаў езуітам маёнткі Гарбацэвічы, Рыня, Устайла, пабудаваў для іх дом у Бабруйску і перадаў 7500 фларэнаў, атрыманых пад заклад маёнтка Кісялевічы. У 1638 нашчадкі Трызны аддалі езуітам в. Дваранавічы з ўніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц П.​Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты. У час антыфеад. вайны 1648—51 рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад. У 1681 адноўлена дзейнасць іх школ. У час Паўн. вайны 1700—21 яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць. З 1720 пры рэзідэнцыі быў прытулак для збяднелай шляхты. Закрыта ў 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай.

Т.​Б.​Блінова.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІЛІЯ́ДА»,

старажытнагрэчаская эпічная паэма, аўтарства якой (разам з «Адысеяй») прыпісваюць Гамеру. Узнікла, відаць, у 9—8 ст. да н.э. ў Іоніі на аснове паданняў пра Траянскую вайну (13 ст. да н.э.). Напісана гекзаметрам (каля 15700 вершаў). У 3—4 ст. ант. філолагі падзялілі яе на 24 песні. Як і «Адысея», верагодна, доўгі час бытавала ў вуснай форме. «І.» апавядае пра асаду грэкамі-ахейцамі г. Іліён (Троя). Яе кампазіцыя і сюжэты падпарадкаваны паэтыцы гераічнага эпасу: паход выкліканы выкраданнем траянцам Парысам Алены, жонкі ахейскага цара Менелая. Цэнтр. сюжэт паэмы — гнеў гал. героя Ахіла, абдзеленага прадвадзіцелем паходу Агамемнанам (Ахіл адмаўляецца ўдзельнічаць у бітве, пакуль ад рукі траянца Гектара не гіне яго сябар Патрокл). Ахіл забівае Гектара ў паядынку, а паэма заканчваецца апісаннем трызны па Патроклу і Гектару. На бел. мову ўрывак з «І.» пераклаў Ю.​Дрэйзін, цалкам — Б.​Тарашкевіч (захаваліся ўрыўкі).

Публ.: Бел. пер. — у кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991.; Рус. пер. — Илиада; Одиссея. М., 1967.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ДНЫЯ ГО́НІ»,

грамадска-культурны і літ.-мастацкі ілюстраваны часопіс дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдаваўся з сак. да кастр. 1927 у Вільні на бел. мове. Маст. афармленне Я.​Горыда. У ім друкаваліся вершы і паэмы М.​Багдановіча, М.​Васілька, Н.​Арсенневай, П.​Пестрака (Звястун), В.​Вальтара, Ф.​Грышкевіча, апавяданні Палачанкі, В.​Грывіча (У.​Грыневіча), пераклады з У.​Сыракомлі, А.​Дадэ; літаратуразнаўчыя працы А.​Луцкевіча, У.​Самойлы, І.​Дварчаніна пра творчасць В.​Дуніна-Марцінкевіча, М.​Багдановіча, Ядвігіна Ш., новыя звесткі пра жыццё Ф.​Скарыны. Пра бел. нар. эстэтыку пісаў Р.​Зямкевіч (Р.​Суніца), пра зямельныя адносіны на Беларусі ў канцы 19 ст. — А.​Зянюк. З нарысамі на пед. тэмы выступаў С.​Паўловіч. Пра навучанне беларусаў і літоўцаў ва ун-тах сярэдневяковай Германіі пісаў Д.​Масальскі. Часопіс друкаваў бел. нар. песні ў нотным запісе В.​Багдановіча, Т.​Трызны, А.​Стаповіча, матэрыялы з гісторыі асветы, артыкулы пра выдатных вучоных свету. У асобным раздзеле асвятляў працу гурткоў Т-ва бел. школы. Выйшла 6 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 2—3 — сярэдзіне 5 ст. н.э. жылі на сучаснай тэр. Кіеўскай (Пн), Чарнігаўскай і Сумскай абл. Украіны, на У Гомельскай і Пд Магілёўскай абл. Беларусі, Пд Бранскай і З Курскай абл. Расіі. Вылучыў у 1953 укр. археолаг М.​В.​Даніленка. Назва ад помнікаў, выяўленых у Кіеве і яго наваколлі. Насельніцтва жыло на селішчах пл. 0,5—2 га (зрэдку да 6—8 га), займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй. Іх жыллё было 2 тыпаў: прамавугольныя ў плане паўзямлянкі, паглыбленыя ў зямлю на 0,4—1,2 м, пл. 8—24 м², і наземныя слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; перапаленыя косці змяшчаліся ў круглыя ці авальныя ямкі глыб. 0,2—0,6 м; вядомы і урнавыя пахаванні. Пахавальны інвентар: побытавыя рэчы, прадметы ўпрыгожання, рэшткі трызны. Кераміка (гаршкі, міскі, пасудзінкі малых памераў, дыскі-накрыўкі і інш.) ляпная, зрэдку арнаментаваная насечкамі і пальцавымі ўцісканнямі па краях ці расчосамі грэбеня па тулаве; сустракаецца глянцаваны посуд. З жалеза і сталі выраблялі нажы, свердлы, нажніцы, сярпы, зброю і інш.; з косці — іголкі, спіцы, шылы; з гліны — тыглі, льячкі, грузілы, прасліцы; з каменю — тачыльныя брускі, зерняцёркі, жорны. Тыповыя для плямён Верхняга Падняпроўя — вырабы з выемчатай эмаллю (бронзавыя падвескі, фібулы і інш.). З рымскіх правінцый на тэр. плямён К.к. траплялі чырваналакавая кераміка, бронзавыя пасудзіны, пінцэты, шкляныя пацеркі, манеты. Большасць даследчыкаў лічыць, што К.к. сфарміравалася на аснове позназарубінецкіх старажытнасцей з уключэннем некат. традыцый, запазычаных у плямён пшэворскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры. Існуе меркаванне, што насельніцтва К.к. — продкі славян, некат. лічаць іх усх. балтамі. Найб. вядомыя помнікі К.к. на Беларусі — Тайманава, Новы Быхаў.

В.​С.​Вяргей.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)