шы́йка, ‑і, ДМ шы́йцы; Р мн. шы́ек; ж.

1. Памянш.-ласк. да шыя. Ева толькі што распачала сваю гутарку з цялушачкаю і гладзіла яе бліскучую шыйку. Колас.

2. Вузкая, завужаная частка чаго‑н. Шыйка пазванка. ▪ Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. Крапіва. Пракоп Дубасаў сказаў, што Сямён Дзікун хоча сумясціць у адну тры аперацыі па шліфоўцы шыек каленчатага вала. Шыцік. У руцэ пана Цабы пагойдваўся жоўты збанок, падвязаны за шыйку вяровачкай. Брыль.

3. Хваставая частка цела прэснаводнага рака. Стаў рак на шыйцы, клешні ўгору падняў. Якімовіч. Трактарыст хуценька аблупіў клюшню, потым адным махам управіўся з шыйкай і нарэшце ўзяўся за ножкі. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слаўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які набыў славу або варты славы; славуты. Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. Айчына наша, Родны край Саветаў, Нашчадкаў гордых Слаўная зямля. Хведаровіч. У калгасе нашым Янка — Слаўны баяніст, Камсамолец працавіты, — Добры трактарыст. Журба. Дзень добры, Беларусь, Народная дзяржава, Зямля руплівых рук, Радзіма слаўных спраў! Звонак. Вітаю, як прыход вясны, Дзень слаўнай гадавіны! Смагаровіч. // Які праславіўся чым‑н. Яны [людзі] на арбітах сусветных Слаўны жыццём без багатых і бедных. Куляшоў.

2. Які выклікае прыхільнасць; сімпатычны, харошы. І доўга потым мы ўспаміналі зычлівую ўсмешку гэтага слаўнага хлопца. Лынькоў. [Міхайлаў:] — І гэтая душа, багатая і слаўная, іншы раз хаваецца пад самым сціплым абліччам. Карпаў.

3. Разм. Які дае задавальненне; прыемны, добры. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Бялевіч. Князь калісьці ўпадабаў Слаўную мясціну, Замак тут пабудаваў У падарунак сыну. Гілевіч.

•••

Славен бубен за гарамі — невядомае заўсёды здаецца добрым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зраўняцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Зрабіцца роўным, гладкім; выраўняцца. Пасля такога здарэння [узрыву карабля] на зямлі застаўся б след на многа гадоў, а на вадзе ў тую ж хвіліну ўсё зраўнялася. Кулакоўскі.

2. Зрабіцца аднолькавым з кім‑, чым‑н. па вышыні, узроўню і пад. Курганок, прысыпаны рудой ігліцай, асеў і амаль зраўняўся з зямлёй. Б. Стральцоў. Як толькі дрэвы абедзвюх народ зраўняюцца па вышыні, паміж імі ўзнікае «барацьба». Гавеман.

3. Рухаючыся, апынуцца побач, на адной лініі з кім‑, чым‑н. Трактарыст, які ўжо зраўняўся з нампалітам, заўважыў яго ссунутыя ў суцэльную лінію калматыя бровы. Паслядовіч. Калі вазы зраўняліся, семінарыст пазнаў.., што жанчына ў чорнай капоце, якая сядзела побач з Адасем Камароўскім, гэта Алеся. С. Александровіч.

4. Стаць роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах; параўняцца. Стараючыся хоць як-небудзь зраўняцца з хлопцамі, якія абагналі яго ў вучобе, Сяргей чытаў кнігу за кнігай. Навуменка. // Аказацца пастаўленым нароўні з кім‑, чым‑н. У джунглях жыў вялізны Слон, І быў бязмерна моцны ён, — З ім сілаю ніхто не мог зраўняцца. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбіць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. прыбі; зак.

1. што. Прымацаваць цвікамі што‑н. Трактарыст і калгасны музыка Данік Краўчук мерыўся прыбіць шчыток, трымаючы напагатове ва ўзнятых руках цвікі і сякеру. Дуброўскі. [Дарафей] сам зрабіў шпакоўаю і сам прыбіў яе на грушы. Даніленка.

2. што. Прыціснуць, прыгнуць да зямлі (ветрам, дажджом, градам і пад.). Кроплі [дажджу] весела сыпаліся на твар, на машыну, прыбілі пыл. Мележ. Ігліцу ў лесе дождж прыбіў. Нядзведскі.

3. каго-што. Прыгнаць, прынесці да якога‑н. месца (сілай вады і ветру). [Міхалу Сцяпанавіч у] часам здавалася, што Генадзь нечым падобны на той плывучы прадмет, які вялікая вада гушкае на хвалях, пакуль не прыб’е да берага. Сабаленка. / у безас. ужыв. Яшчэ днём я заўважыў, што за згібам ракі да берага прыбіла бервяно. Корбан. [Васіль:] — Давайце пойдзем паўз бераг, можа дзе яго [човен] прыбіла на завароце. Скрыпка.

4. каго. Разм. Пабіць; ударыць. Юрка заўважыў, што ідуць вартаўнікі, ускочыў на каня і паімчаўся, а яго таварыша вартаўнікі злавілі і прыбілі да паўсмерці. Кулакоўскі. // Забіць. Толяк змагаўся з жаданнем прыбіць тут жа на месцы ненавіднага чалавека. Чорны.

5. перан.; каго. Пазбавіць сілы, волі; вельмі моцна ўздзейнічаць. Толькі гора, вялікая сацыяльная несправядлівасць прыбіла.. [Лявона], зрабіла ўчарнелым, як зямля. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заехаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; заг. заедзь; зак.

1. Прыехаць куды‑н., да каго‑н. ненадоўга, пабыць дзе‑н. праездам. Вэня раздумваў і меркаваў — ці ехаць проста ў вялікую вёску, ці заехаць на край лесу да чалавека, у якога ён часамі падначоўваў, бываючы тут. Чорны. // па каго-што, а таксама з інф. Прыехаць з якой‑н. мэтай. Заехаць па дзяцей. Заехаў развітацца. // Уехаць куды‑н., у што‑н. Заехалі ў двор разгрузіць воз. Заехаць у гумно.

2. Едучы, апынуцца далёка або не там, дзе трэба. Заехаць на край свету. Заехаць у роў. ▪ Стары расказаў мне, што мы ехалі няправільна, і, каб не ён, то заехалі б да немцаў. Шамякін.

3. Едучы, дасягнуць патрэбнага месца. Завідна заехаць дадому. // перан. Разм. Зрушыўшыся са свайго месца, апынуцца дзе‑н. Ад прыемных ціхіх смехаў Чуць не да вуха вус заехаў. Колас.

4. Пад’ехаць не прама, а збоку, аб’ездам. Заехаць з левага боку. Заехаць наперад.

5. Едучы, завярнуць за што‑н., апынуцца за чым‑н. Заехаць за гару. Заехаць за дом. Заехаць за лес.

6. у што, па чым і без дап. Разм. груб. Ударыць. Заехаць у вуха. ▪ Пабольвала толькі пераноссе, па якім добра заехаў адзін увішны трактарыст. Дамашэвіч.

•••

Далёка не заедзеш чым або на чым — не дасягнеш многага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скруціць, скручу, скруціш, скруціць; зак., каго-што.

1. Круцячы, туга звіць што‑н. Скруціць вяроўку. // Зрабіць што‑н. шляхам скручвання, згортвання. Ігнат Андрэевіч адчыніў скрыначку, адарваў ражок газеты і скруціў цыгарку. Шамякін. [Валодзя] заўважыў, як Геня Шыдлоўскі ў час урока фізікі скруціў з паперы галку і закінуў за каўнер Аліку Рагачэўскаму. Якімовіч. З пяску пугі не скруціш. Прыказка. // Скачаць трубкай; скласці, загінаючы ўсярэдзіну краі чаго‑н. Маці ўзяла блін, скруціла, памачыла ў смятану ды .. Эдзіку проста ў рот. Дубоўка. — Падумаю, — сказала .. [Ева]. Хуценька скруціла малюнак і паклала яго на палічку над сталом. Маеўская. Грыбоўскі скруціў і запхнуў у кішэню пустую торбу, устаў. Курто.

2. Зматаць, навіць на што‑н. Скруціць вуду. Скруціць спінінг.

3. Згінаючы, заломваючы што‑н., пераблытаць, сплесці. Навальніца з градам Каласы скруціла, Ветрам паламала, Дожджыкам прыбіла. Колас. // Моцным павевам сарваць. Нечакана вырваўся з поўначы халодны вецер, скруціў не апаўшае яшчэ з дрэў лісце. Васілевіч. / у паэт. ужыв. Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам. Свірка.

4. Звязаць, пазбавіўшы каго‑н. мажлівасці прымяняць фізічную сілу. Камсамольцы-дружыннікі адабралі зброю, скруцілі забіяку і перадалі ў міліцыю. Дуброўскі.

5. перан. Перамагчы, скарыць. [Якуб Колас:] — Я проста быў упэўнены, што мы скруцім Гітлеру рогі, і дачакаўся гэтага. Рамановіч. // Прымусіць падпарадкавацца, узяць верх над кім‑н. Скруцілі нашага старшыню з яго характарам у дзве столкі. Навуменка. // Паставіць каго‑н. у цяжкія ўмовы. Жыццё цябе часам так скруціць, што не думаеш нават, як і навошта жывеш. Асіпенка.

6. перан. Адолець, прыкаваць да пасцелі (пра хваробу). Есіф Голанд не спаў: яго скруціла задышка. Кашаль падымаў яго ноччу з пасцелі многа-многа разоў. Чарнышэвіч. Скруціў старую маці раматус, зароблены на працы ў чужых гаспадарках. Корбан. / у безас. ужыв. [Бабуля:] — А я от тут нядаўна чуць не памерла. Як ўзяло мяне, як скруціла, насілу і вылузнулася. Палтаран.

7. перан. Не выплаціць грашовы доўг, не аддаць належнае. Сухавеі не толькі скруцілі і не аддалі ім грошы, што пазычалі на зямлю, але і на кожным кроку стараліся ашукаць Раманоўскіх. С. Александровіч. [Андрэй:] — Сёмы год [Хвядос] газеты носіць і яшчэ ніводнай не скруціў. Скрыпка. // Паабяцаць, а потым не выканаць абяцанага (пра вяселле, уваходзіны і пад.). [Жанчына:] — Напэўна абодва хочаце вяселле скруціць... Васілевіч. Сямён .. пажартаваў: — Пагуляем на ўлазінах, таварыш старшыня? Ён нас запэўніў: — Ды ўжо ж, не скручу, не бойся. Савіцкі. // Змахляваць; недадаць, аблічыць. [Радзівоніха:] — Падлетка не пашлеш у мястэчка, бо там яго кругом ашукаюць: і налічаць больш чым трэба, і на вазе скруцяць... Чарнышэвіч. [Максім:] — Праўда, пры канчатковым разліку ўсё ж скруціў той скупеча залатовак пяцьдзесят. Машара.

8. Зняць што‑н., пакручваючы. Скруціць з пальца пярсцёнак. ▪ Дзед з ахвотаю даў Язэпку ножык. І нават сам зацікавіўся дудкаю, даваў парады, як лепш скруціць кару. Якімовіч. // Сашрубаваць. Скруціць гайку з шрубы.

9. Сапсаваць, неасцярожна ці доўга круцячы. [Прыбіральшчыца:] — Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй. Пальчэўскі. Дзед .. даверыў мне заводзіць грамафон і даглядаць яго, а да гэтага ён нікога не падпускаў і блізка, каб не скруцілі спружыну. Рамановіч. // перан. Зглуміць, сапсаваць (жыццё і пад.). [Дарота:] Адну дачку я маю і скруціць жыццё ёй не дазволю. Клімковіч. // перан. Перайначыць былы парадак, арганізацыю працы. Тыя гады ўзімку ўжо кожны трактарыст ведаў сваё месца. А гэта зламалі ўсё, скруцілі. Ермаловіч.

10. Выкруціўшы стрыжань, з тонкага ствала вярбы, лазы і пад. зрабіць дудку, свісток. Скруціць свісток. ▪ [Лявонка:] І дудку скруцім, іграць будзем!.. Чарот.

•••

Скруціць дулю (кукіш, фігу) — зрабіць жэст, склаўшы тры пальцы ў выглядзе кукіша, у знак пагардлівай адмовы.

Скруціць (зламаць) сабе галаву (шыю) — загінуць; пакалечыцца.

Скруціць у бараноў (казіны) рог — тое, што і сагнуць у бараноў (казіны) рог (гл. сагнуць).

Скруціць чорту рогі — аказацца надзвычай дасціпным, спрытным, дужым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзець, сяджу, сядзіш, сядзіць; сядзім, седзіце, сядзяць; незак.

1. Займаць такое становішча, пры якім тулава апіраецца на што‑н. ніжняй сваёй часткай. Сядзець на ложку. Сядзець на крэсле. ▪ [Рыбак:] — Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Якімовіч. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што цяжка стаяць. Чарнышэвіч. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць асаблівасці такога становішча. Сядзець падкурчыўшы ногі. ▪ Даўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна. Маўр. // Быць у такім становішчы, пры якім тулава змяшчаецца на чым‑н. сваёй ніжняй часткай і пярэднімі лапамі (пра сабаку, ваўка, ката і пад.). Сядзіць сабе [кот Фядот], дрэмле, мурлыкае. Брыль. Высока на галінцы Вавёрачка сядзіць. Журба. // Знаходзіцца па якім‑н. месцы, паверхні, не рухаючыся (пра птушак, насякомых). Белабока сарока сядзіць на лазе І дзяцей сваіх кліча. Бядуля. Дзіма ляжаў і хроп пад кустом, а на носе ў яго сядзела вялікая шызая муха. Даніленка.

2. Знаходзіцца, быць дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н., у каго‑н. доўга, пастаянна. [Сябры:] — Якія ж мы цыганы, калі будзем сядзець на месцы. Вандраванне — наша стыхія. Астрэйка. [Ярохін] з усмешкай успомніў, што ў дзяцінстве вельмі любіў сядзець на вышках, калі дождж вось так барабаніць па гонтавым даху. Шамякін. // Знаходзіцца дзе‑н. з мэтай адпачынку, забавы і пад. Сядзець у рэстаране. Сядзець у гасцях. // Разм. Праходзіць паўторны курс навучання, набываць якія‑н. веды (другі раз). Калісьці ў першым класе .. [Рыгор] сядзеў два гады і таму быў старэйшы за сваіх аднакласнікаў. Ваданосаў. // Жыць, гаспадарыць дзе‑н. (на зямлі, надзеле і пад.). [Барановіч:] — Ніхто мяне з маёй зямлі не спора, на якой я спрадвеку сядзеў. Чорны. На сваіх палосках [бацькі] сядзелі нядоўга. Вялюгін.

3. Знаходзіцца ў стане бяздзейнасці, нічога не рабіць. Мама крыху вальнейшая, але таксама не сядзіць без справы, увесь час завіхаецца. Васілёнак. — А чаго ж вы [старшыня] марудзіце? Людзі колькі балот асушылі, а вы седзіце, — папракнуў Андрэй. Дуброўскі.

4. звычайна за чым, на чым, над чым. Быць занятым чым‑н., займацца чым‑н., знаходзячыся ў сядзячым стане. Сядзець за абедам. ▪ Але было пазнавата, каб сядзець за чарцяжамі. Шыцік. Хлопец, стоячы перад лаўкай, гаварыў: — Валодзя — трактарыст, ого! Я ў яго ўсю вясну на прычэпе сядзеў. Мы суседзі. Брыль. Я надоўга ў бакоўцы Памкнуўся адзін. Мне — сядзець над праектам І днём і ўначы. Куляшоў. // Разм. Наогул быць занятым чым‑н. Сядзець на выдачы кніг. ▪ Да вайны Дуся сядзела на кадрах мінскай фабрыкі «Камунарка». Васілевіч. [Унук:] — Сядзіш толькі на званках і на паперах. Тое давай, тое не давай. Пташнікаў. // Разм. Займаць якую‑н. пасаду, выконваць якія‑н. абавязкі; служыць дзе‑н. Чалавек сядзіць у старастах па партызанскаму загаду. Лынькоў. [Мікалай Васільевіч:] — Я працаваў у сталіцы. Высока сядзеў. Паперы рассылаў, па тэлефоне камандаваў. Гаўрылкін.

5. Быць у зняволенні; быць пазбаўленым свабоды. Сядзець у турме. Сядзець на гаўптвахце. ▪ Толькі Ганку вясна не радавала. Бацька ўсё яшчэ сядзеў у астрозе. Бяганская. З таго часу Якуб з Санькам сядзяць у халоднай. Якімовіч. [Дазорац:] — А завошта ж сядзіць твой бацька? [Паўлік:] — Не ведаю, дзядзечка, ведаю толькі, што ён не вінаваты. Сташэўскі. Хадзіла тады Макарыха пад Полацк у той страшны лагер, але Васіля не знайшла. .. Дзе ты там знойдзеш чалавека, калі ў лагеры сядзела можа тысяч дваццаць. Асіпенка. // Быць змешчаным куды‑н. (пра жывёл, птушак). Канарэйка сядзела ў клетцы. Сабака сядзеў на прывязі. // Быць вымушаным прытрымлівацца якога‑н. рэжыму, абмяжоўвацца чым‑н. Сядзець па дыеце. Сядзець на пайку. ▪ [Сымон:] — Парсюка сабе закалю, каб не сядзець на нішчымніцы. Чарнышэвіч. Саша, якая .. заўсёды абражалася, калі ёй што-небудзь падобнае прапаноўвалі, узяла гэтае сала, бо брала не для сябе, а для ўсёй сям’і, якая сядзела на адной бульбе. Шамякін. // Разм. Не мець чаго‑н., быць без чаго‑н. неабходнага. Сядзець без грошай. ▪ [Дзееў:] Вы разумееце, я сяджу без хлеба, але працаваць да іх [немцаў] не іду. Кучар. Хоць не сядзелі без жытла, Але рашылі вось як: Каб жыць паводдаль ад сяла І ад людзей паводдаль. Камейша.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца, размяшчацца дзе‑н. Направа і налева сядзяць хутары, моцныя, каменныя, як крэпасці. Маўр. Гэта быў вельмі стары дом. Вокны яго сядзелі нізка, амаль пры самай зямлі, мезанін перакасіўся. Арабей. Велічэзная галава [Уолтэра] шчыльна сядзела на яго круглых плячах, твар быў прадаўгаваты, энергічны, са сцятымі, сухімі губамі. Гамолка. З чорнажоўтым каптурыкам, на тоўстай ножцы сядзіць баравічок. Навуменка. / Пра вочы. Шэрыя вочы, якія глыбока сядзелі пад пакатым ілбом, выражалі сумленнасць і дабрату. Федасеенка. // Быць, мецца на паверхні чаго‑н. Праз праваленую столь і разбураную страху на .. [ложак] заўсёды лілі дажджы, і ржа на ім сядзела шышкамі. Чорны. // перан. Глыбока таіцца ў кім‑, чым‑н.; караніцца дзе‑н. (пра схільнасці, думкі, звычкі і пад.). Дзяўчына... ведама, дзяўчына — Хто там згадаў, што ў ёй сядзіць. Купала.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.) Глыбока ўпіўшыся куды‑н., аставацца там. Левая нага была раструшчана ў калене, асколак сядзеў глыбока ў сцягне. Васілевіч. Нарэшце, сазан, у якога ў хрыбце сядзелі маленькія вострыя восці Вано, знямогся, і тады Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак. // Быць пакінутым дзе‑н., не ўбраным (пра расліны). У аўтобусе ўчора гаварылі пра маразы, якія, нарэшце, пачнуцца, дык трэба спяшацца дамоў — у .. [бабкі] на гародзе яшчэ сядзелі ў зямлі буракі. Чыгрынаў. // Быць пасаджаным у зямлю, але не расці. Прыняцца яблынька прынялася. Год сядзіць, другі, а не расце. Ігнаценка.

8. Хавацца ў засадзе, тайна размяшчацца дзе‑н. А скуль даведаліся яны [жаўнеры], Дзе мы [паўстанцы] сядзім? Бядуля. Усю мінулую восень немцы сядзелі на гарадзішчы, на Заглініцкім узгорку, а нашы стаялі пад гарой. Сяркоў. / у перан. ужыв. Мне ўспамінаецца, як гаварыў настаўнік, што ў сельсавеце доўгі час сядзелі кулакі. Скрыган.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць змешчаным куды‑н. для выпякання, апрацоўкі. Пірагі .. ужо сядзелі ў печах. Бядуля.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размяшчацца на фігуры пэўным чынам, быць надзетым тым ці іншым чынам; ляжаць. Касцюм сапраўды быў пашыты з густам і сядзеў добра. Карпаў. Яшчэ новая пілотка была як пажаваная, сядзела на патыліцы. Грамовіч.

•••

Вось дзе сядзіць хто-што — выраз нездаволенасці, прыкрасці, злосці і пад., які звычайна суправаджаецца жэстам з указаннем па галаву, шыю, карак (пра каго‑, што‑н., што прычыняе клопаты, непрыемнасці і пад.).

На куце сядзець — знаходзіцца, быць на покуці як ганаровы, пачэсны госць (на вяселлі).

Седма (поседам) сядзець — а) сядзець доўгі час, не ўстаючы; б) знаходзіцца дзе‑н. неадлучна, не выязджаючы, не выходзячы.

Сядзець злажыўшы (склаўшы) рукі — сядзець без справы, нічога не робячы.

Сядзець каменем (камяком) — цяжка ператраўляцца (пра страву).

Сядзець крукам — вельмі старанна рабіць што‑н. (звычайна седзячы). [Таня:] — Квартал жа закончыўся, справаздачнасць складаем, цэлымі днямі сядзім крукам. Марціновіч.

Сядзець на зямлі — займацца сельскай гаспадаркай, земляробствам.

Сядзець на карку чыім (шыі чыёй), у каго — знаходзіцца, быць на ўтрыманні каго‑н., жыць на сродкі каго‑н., стаць клопатам для каго‑н.

Сядзець на тэлефоне — пастаянна знаходзіцца ля тэлефона, перадаючы або прымаючы якія‑н. звесткі, чакаючы чаго‑н.

Сядзець на чамаданах — склаўшы ўсе рэчы, чакаць ад’езду.

Сядзець на чужым хлебе — быць на чыім‑н. утрыманні.

Сядзець на яйках — выседжваць птушанят (пра птушак).

Сядзець пад замком — быць замкнутым дзе‑н.; быць пад арыштам.

Сядзець рот замазаўшы — маўчаць, не адважыцца сказаць слова.

Сядзець у гразі — брудна, неахайна жыць.

Сядзець у дзеўках — доўга не выходзіць замуж.

Сядзець у пячонках у каго — вельмі непакоіць, хваляваць каго‑н., дапякаць каму‑н.

Сядзець як багародзіца (іран.) — нічога не рабіць, сядзець склаўшы рукі, ні на што не рэагуючы.

Сядзець як мыш пад венікам (пад мятлою) — весці сябе (сядзець) вельмі ціха, каб не звярнуць на сябе чыёй‑н. увагі.

Цвіком сядзець; сядзець як цвік — пра неадчэпную думку, пытанне.

Чорт сядзіць у кім гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

як 1, ‑а, м.

Буйная жвачная рагатая жывёліна, якая водзіцца ў высакагорных раёнах Цэнтральнай Азіі (свойская выкарыстоўваецца як уючная, верхавая, іншы раз як малочна-мясная).

[Тыбецкае.]

як 2, прысл., злучн. і часціца.

I. прысл.

1. пытальнае. Выражае пытанне аб спосабе дзеяння, стану; якім чынам, якім спосабам. Як гэта здарылася? Як знайсці той лес? ▪ — Ох, мой міленькі, мой блазнотка! Як будзем жыць мы без яго [бацькі]? Колас.

2. пытальнае. Выражае пытанне аб якасці дзеяння ці стану. Як жывеш, як маешся? Як у вас справы з гаспадаркай? // у знач. вык. Адпавядае займенніку «які» ў Н і Т. Як ваша здароўе? ▪ [Валя:] — Твая матка і мне нешта расказвала... А як прозвішча таго чалавека? Арабей.

3. азначальнае. У якой меры, ступені; наколькі. А як ты, браце, пастарэў! Што здарылася?

4. неазначальнае. Разм. Як-небудзь. Трэба ж як знайсці згубленае. ▪ [Марына Паўлаўна:] — Ну, я ўжо думала, цяпер наш Сымонка і не паткнецца да нас Так сабе думаю, а тым часам пазіраю ў акно, а мо як заблудзіцца. Зарэцкі.

5. часавае. Тое, што і калі 1 (у 2 знач.). А як ішоў дадому тата З атрада — Чуў я за вярсту. Казаў, бывала, сумнавата, Што гледзячы на лес расту... Барадулін.

6. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова:

а) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Павек не забудзецца тая навала, Як, дымам ахутаны чорным, Стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам І ворагу быў непакорным. Хведаровіч;

б) падпарадкоўвае даданыя сказы меры і ступені. [Алеся:] — Я веру ў гэта так, як, можа, не верыш ты сама. Шамякін;

в) падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння. Не адступай, брат, у змаганні, Ідзі далей, як ты ішоў! Танк. Жыць па-старому, так, як жылі бацькі, — значыць, не шкадаваць народа, не любіць яго. Пестрак;

г) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, захоўваючы значэнне прыслоўя спосабу дзеяння. [Доктар:] Цяпер, таварыш, будзеш папраўляцца. Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва. Лепшыя людзі калгаса, і перш за ўсё камуністы, не раз задумваліся над тым, як вывесці гаспадарку з адстаючых у перадавыя. «Звязда»;

д) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. [Настаўніца:] — Маладзец вы, Андрэй Пятровіч! Ад душы поспехаў жадаю вам. Цікава ж, як вы гэта робіце? Колас. Цяжка было ўявіць, як пройдзе гэтая ноч. Каб раптам настаў ранак, То Драбняк адчуў бы вялікую палёгку на душы. Кулакоўскі.

7. адноснае. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. І як ні хацелася Білі спаць, ён насцярожана прыслухоўваўся да кожнага гуку, да кожнага голасу. Лынькоў. Шлях да парты ад калыскі Доўгі, як ні гавары. Лось.

II. злучн.

1. параўнальны.

а) Ужываецца для падпарадкавання даданых параўнальных сказаў. Як ворану вышай арла не лятаць, так ворагу нашай зямлі не таптаць. Крапіва. І як змаглі раней Мы белых генералаў, Так зможам мы цяпер Балячкі нашых дзён. Хведаровіч. // Разм. Ужываецца ў адмоўных сказах пасля вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў і адпавядае злучніку «чым». Лепш ужо без каня быць, як гэтага каня трымаць. Чорны. Марудны гул машын падпаўзаў вельмі доўга, здаецца, даўжэй, як цягнулася чаканне. Брыль;

б) ужываецца для далучэння параўнальных зваротаў. Па небе хмары, як палотны, Паўночны вецер рассцілае. Колас. / У складзе састаўнога злучніка «як і». Ручай гэты, як і рэчка, выцякаў з вялікага лесу, што пачынаўся адразу ж за шашой. Шамякін. // Ужываецца пры паўтарэнні слова ў параўнальным звароце і ўказвае на звычайную тыповасць прадмета. Тут зямля як зямля — беларуская шэрая глеба. Лукша. Хата як хата. І што б там, здавалася, у ёй асаблівага. Няхай.

2. далучальны.

а) Далучае звароты са значэннем: у якасці або тоеснасці. Альберт Аляксандраў пачаў свае паказанні як сведка, а закончыў як абвінаваўца. Дадзіёмаў. Васіль Пятровіч любіў ранішні сумятлівы праспект. Любіў як сваё, нялёгка здабытае. Пестрак;

б) далучае пабочныя словы, словазлучэнні і сказы. Рыба, як на злосць, не лавілася. Гартны. Трапілі, як той казаў, з прыску ды ў полымя. Пальчэўскі. На рынку, як на тое шчасце, я сустрэў свайго сваяка. Машара. Прыязджалі аратары з горада, якія (як Аўгінні казалі суседкі) гаварылі аб розных простых сялянскіх справах. Бядуля. / У складзе састаўнога злучніка «як і». Піліпчыка і след прастыў, адразу знік, як і не было яго. Лынькоў.

3. часавы.

а) Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія абмяжоўваюць пачатак падзей галоўнага сказа. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як з лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абразамі, з бярданкамі, з аўстрыйскімі і нямецкімі стрэльбамі. Колас. Ужо васемнаццаты год пайшоў Ніне, ужо другая вясна набліжалася, як жыве яна ў Галіноўскіх. Галавач;

б) ужываецца ў складаназалежных сказах з хуткай зменай падзей. Вяль прылёг каля кургана, каб, як згаснуць толькі зоры, зноў дамоў вярнуцца рана. Танк. [Люба] паспела толькі напісаць «Дарагая Валя», як хтосьці застукаў у дзверы. Чорны. / У складзе састаўнога злучніка «як толькі». Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі раскладваць агонь. Чарнышэвіч. — Ну, як вам падабаецца Каця? — звярнуўся ціха трактарыст, як толькі мы выйшлі на вуліцу. Пальчэўскі;

в) ужываецца ў сказах, у якіх падзеі даданага сказа адбываюцца пасля падзей галоўнага сказа. Да таго як прыехаў Лялькевіч, [Саша] ўспамінала мужа, сумавала, зрэдку плакала над калыскай. Шамякін. Перад тым як адбіць гадзіны, гадзіннік колькі хвілін трашчаў, скрыпеў.. і пасля такой прадмовы званіў прыемным металічным звонам. Колас;

г) (разм.) ужываецца ў сказах з адносінамі адначасовасці паміж даданым і галоўным сказам. Раніцаю роснай ты ж і не журыўся, як на дол-пракосы з твару пот сачыўся. Трус. Ужо вечарэла, як Галя падыходзіла да сваёй вуліцы. Лынькоў;

д) падпарадкоўвае сказы, у якіх падзеі даданага сказа адбываюцца раней падзей галоўнага сказа. На сэрцы стала горка, горка; З вачэй скацілася сляза, Як ты за грэблю, са ўзгорка, Яшчэ раз глянула назад. Трус. Як скурылі па папяросе, зноў узяліся за работу. Чорны. Вартаўнік.. з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. / У складзе састаўнога злучніка «пасля таго як», «з таго часу як». З таго часу як Аленка паехала ў Загор’е, ён ні разу не зайшоў да іх. Колас. Да Апанаса Хмеля Андрэй прыйшоў толькі на другі дзень пасля таго, як адведаў Захара Зубца. Пестрак.

4. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з умоўна-абмежавальнымі і ўмоўна-часавымі адносінамі. [Талаш:] — Да каго ж мне звярнуцца, як не да вас?.. Колас. [Валя:] Як паглядзіш на гэтую веліч працы, на гэтыя горы перавернутай зямлі, дык нібы крылы вырастаюць. Крапіва.

5. прычынны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы прычыны. [Юзік:] «Не маюць ніякага поўнага права яны [мачыха з бацькам] з цябе здзекавацца, як ты жонка чырвонаармейца». Крапіва.

6. тлумачальны.

а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, якія тлумачаць члены галоўнага сказа, выражаныя дзеясловамі ўспрыняцця. І не заўважыў з нас ніхто, як ноч вясенняя мінула, як струны вуліц і мастоў штодзённым наліліся гулам. Танк. Па плячах Андрэя прабеглі мурашкі — ён адчуў, як невясёлыя думкі з дзяцінства знаёмым пачуццём кранаюць сэрцы. Пестрак. Ігнат і Лена бачылі, як некалькі чалавек мільганулі па-за платамі і, прыгінаючыся, пабеглі агародамі ў бок цагельнага завода. Лынькоў;

б) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Праз тоўстае шкло ілюмінатараў было відаць, як цьмяна ўспыхвалі на небасхіле гарачыя водбліскі зарніц. Гамолка. Чутно, як пазвоньваюць цуглі і недзе за суседнім дваром пераклікаюцца галасы. Скрыган. А нам зноў чуваць, як за ракой звініць прыгожая дружная песня з пракосаў. Брыль. Відно было, як на гэтую горку падымаліся свежыя, здавалася, яшчэ больш адсырэлыя барозны. Кулакоўскі;

в) падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. [Наталля:] У мяне такое адчуванне, як бывае ў летні дзень перад навальніцай. Крапіва. Цяпер я ніколі не бачу снег белым, такім, як бачыў у роднай Беларусі. Шамякін.

III. часціца.

1. узмацняльная. Вельмі, надзвычай. Як радасна цябе, край малады, Сягоння прывітаць! Колас. Як прыгожа там бясконца! Сорам, дзеткі, позна спаць! Чарот. У коміне нудна галасіў вецер, ляскаў юшкамі — ох як не хацелася выходзіць з хаты на холад. Капыловіч.

2. узмацняльна-сцвярджальная. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў значэнні: як можна, немагчыма. І як не маліцца прасторам На беразе Чорнага мора. А. Александровіч. І як тут не смяяцца І праўды не сказаць. Купала. Пачатак года, як цябе не ўславіць? Не першы я. А ці ж апошні? Не. Кірэенка.

3. Ужываецца пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці ў сувязі з якім‑н. пытаннем, выказваннем (звычайна ў спалучэнні са словамі «так», «гэта» і часціцамі «жа», «то» і пад.). Як! Ты зноў дома? ▪ Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве.. — Як жа ён вас не разарваў усё-такі, — здзівіліся мы. Пальчэўскі. Пабяжы Мікуліку скажы, каб машыну падагнаў, — сказаў [Журавінка] Гарасю. — Дык няма ж яго, — адказаў Гарась. — Як то няма? А дзе ж яго чэрці душаць? Лобан. [Стася:] — Скажы, ты яго любіш?.. — Я не ведаю, Стася... — Ну, як жа так — не ведаю... Каханне — гэта пачуццё такое... такое яснае... Заўсёды адчуваеш, ці кахаеш ты чалавека, ці не... Зарэцкі.

4. Абазначае нечаканасць дзеяння пры дзеясловах зак. трывання. А ён як ускочыць, як пабяжыць — толькі яго і бачылі.

•••

(А) як жа — служыць выражэннем станоўчага адказу; азначае: канечне, разумеецца.

Вось яно як! гл. вось 2.

Вунь яно як! гл. вунь.

Каму як; як каму — па-рознаму, не аднолькава.

Не хто іншы, як... — якраз гэтая асоба.

Памінай як звалі гл. памінаць.

Страх як — надта моцна.

Тут як тут гл. тут.

(Усе) як адзін гл. адзін.

Як адна капейка гл. капейка.

Як адну капейку гл. капейка.

Як бачыш гл. бачыць.

Як бог дасць гл. бог.

Як будзе, так будзе — ужываецца для выказвання рашучасці ў здзяйсненні рызыкоўнага.

Як бы — ужываецца для выражэння ўмоўнага параўнання.

Як бы не так — ужываецца для выказвання нязгоды, адмаўлення, абурэння.

Як бы там ні было гл. быць.

Як быццам гл. быццам.

Як ваша (твая, яго) ласка гл. ласка.

Як выпадзе гл. выпасці.

Як вядома гл. вядома.

Як гаворыцца гл. гаварыцца.

Як гадуешся гл. гадавацца.

Як ёсць гл. ёсць 1.

Як жару (агню) ухапіўшы гл. ухапіўшы.

Як жа так — ужываецца для выражэння здзіўлення, сумнення, недаўмення ў сувязі з якім‑н. пытаннем ці сцвярджэннем.

Як знаеш гл. знаць 1.

Як (і) належыць гл. належаць.

Як кажуць; як той казаў гл. казаць 1.

Як калі; калі як — у розны час, па-рознаму; неаднолькава.

Як мага гл. мага.

Як мае быць гл. мець.

Як на бяду гл. бяда.

Як на грэх гл. грэх.

Як на заказ; як па заказу гл. заказ 1.

Як на зло (злосць) гл. зло.

Як на падбор гл. падбор.

Як на (тое) ліха гл. ліха 1.

Як ні кажы гл. казаць 1.

Як ні круці гл. круціць.

Як ні ў чым не бывала гл. бываць.

Як-ніяк — пры любых умовах, як бы там ні было.

Як падняць гл. падняць.

Як па камандзе гл. каманда.

Як па лінейцы гл. лінейка.

Як па масле гл. масла.

Як па нотах гл. нота 1.

Як папала гл. папасці (у 7 знач.).

Як па пісаным гл. пісаны.

Як піць даць гл. даць.

Як правіла гл. правіла.

Як прыйдзецца гл. прыйсціся (у 5 знач.).

Як сказаць гл. сказаць.

Як след гл. след.

Як стой (як стаіць) гл. стаяць.

Як (толькі) зямля носіць гл. зямля.

Як толькі язык павярнуўся гл. язык.

Як трэба гл. трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)