То́ўла ’няўмека, непаваротлівы’ (Юрч.), ’мажная, непаваротлівая жанчына’ (ушац., Нар. сл.), ’непаваротлівы, тоўсты чалавек’ (паст., Сл. ПЗБ), то́ўлін ’які належыць няўмецы, непаваротлівай асобе’ (Юрч. СНЛ). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 109), роднаснае літ. tūlóti ’цёпла апранаць’, параўн. яшчэ ту́ля ’апранутая ў тоўстае, цёплае адзенне, якая выглядае непаваротлівай’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Магчыма, генетычна звязана з тоўба (гл.), якое, як мяркуецца, можа паходзіць ад *toviti ’рабіць тучным’, тады ў аснове ўтварэння дзеяслоў тыпу балг. радоп. то̂вле̂м ’адкормліваць’, параўн. Куркіна, Этимология–1978, 40.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўлу́й ’гультай’ (Байк. і Некр., Сл. рэг. лекс., Сержп. Прык., Мілк.). Ад то́ўла ’няўмелы, непаваротлівы’ (гл.) з суф. ‑уй, аналагічна да талалуй ’дурнаваты’, адносна словаўтварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ўба ’тоўсты, нязграбны чалавек’ (шчуч., Сл. ПЗБ; ТС), ’тоўстая, здаровая жанчына’ (гродз., ЖНС; Скарбы; Юрч. СНЛ), то́ўбіна, то́ўбішча, то́ўбачка ’тс’ (Юрч. СНЛ), то́ўбік ’таўстун’ (Юрч. Мудр.). Укр. то́вба ’непаваротлівы, няўклюдны, тоўсты чалавек (часцей — жанчына)’. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 109), не зусім яснае слова: магчыма, звязана з літ. taũbė ’тоўба’, якое ўзыходзіць да яўрэйскага імя Taube, параўн. ням. Taube ’голуб’. Зубаты (Studie, 1, 2, 164) супастаўляе са стаўбе́ня ’тоўсты, нязграбны чалавек’, укр. товпи́га, лат. stúlbs ’дурны’. Магчыма, утварэнне на -ба ад *toviti/*tyti ’адкормліваць, рабіцца тучным’ (гл. тучыць), параўн. тоўла, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)