таро́сы, -аў, адз. таро́с, -а, м.

Нагрувашчанне льдзін, якое ўтвараецца пры сцісканні льдоў у паўночных морах і рэках.

|| прым. таро́савы, -ая, -ае.

Таросавыя заторы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

таросы

т. 15, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

таро́с

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. таро́с таро́сы
Р. таро́са таро́саў
Д. таро́су таро́сам
В. таро́с таро́сы
Т. таро́сам таро́самі
М. таро́се таро́сах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

таро́сісты, -ая, -ае.

Які складаецца з таросаў; багаты на таросы.

Т. лёд.

|| наз. таро́сістасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

тарасі́ць, ‑росіць; незак., што.

Нагрувашчваць таросы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарасі́ць, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -ро́сіць; незак., што.

Нагрувашчваць таросы.

|| наз. тарашэ́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

таро́с, ‑а, м.

Ледзяная глыба, якая ўтвараецца пры сцісканні льдоў у паўночных морах і рэках. Крыгі ўспаўзалі адна на другую, крышыліся, утваралі таросы. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інтуру́сіца ’лухта, глупства’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з рус. туру́сы ’лухта, балбатня’, галоўным чынам у выразах турусы на колёсах; подпускать турусы (на колёсах); нести турусы (на колёсах), дыял. туру́сить ’казаць лухту, хлусіць, вярзці глупства’, ’трызніць у сне’. Гэтыя выразы звычайна тлумачаць назвы асаднай вежы, якая рухаецца на колах, паколькі расказы аб ёй лічыліся неверагоднымі. Далей збліжаюць са ст.-рус. тарасъ ’падкатны зруб, які ўжываўся для абароны і асады горада’ (XVI ст.) (Праабражэнскі, 2, 21; КЭСРЯ, 455), запазычаным з польск. taras ’насып, вал; укрыцце, загарода; тэраса’, якое ўзыходзіць да лац. terrācea праз франц. ці ням. пасрэдніцтва (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 138). Аднак збліжэнне з таросы выклікае фанетычныя цяжкасці і не з’яўляецца неабходным, тым больш што турусы можна звязаць непасрэдна з лац. turris ’вежа’ (гл. заўвагу Трубачова, Дополн., 4, 125). Пачатковае ін‑ у беларускім слове не зусім яснае. Магчыма, вынік кантамінацыі з *інтруз, якое пранікла ва ўсходнеславянскія гаворкі з польск. intruz ’нахабнік, назойлівы чалавек’, ’выскачка’ (Слаўскі, 1, 465). Не выключана, што ін‑ асэнсоўваецца як прэфіксальны элемент, адносна словаўтварэння і семантыкі параўн. алесіца (гл.) < акалесіца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)