Тараба́н1 ’кош, сплецены з дранкі’ (Сл. Брэс.). Магчыма, ад тарабаніць2, гл.

Тараба́н2 ’барабан’ (Байк. і Некр.). Укр. тараба́н ’барабан; бразготка на шыю скаціне, што пасецца без дагляду’, рус. дыял. тараба́н ’барабан’, польск. taraban ’вялікі турэцкі барабан’. З тат. дараба́н ’барабан’ шляхам аглушэння пачатковага зычнага ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтворана бараба́н (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Сюды ж тараба́н ’балбатун’ (Сцяшк. Сл.) як метафара або адваротны дэрыват ад тарабаніць1, гл.

Тараба́н3 ’музычны інструмент з 24 струнамі, які вісеў на грудзях; музыка надзяваў на пальцы адмысловыя кіпці і перабіраў струны’ (Варл.). Гл. тарбан.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарба́н ’струнны шчыпковы музычны інструмент, блізкі да бандуры’ (ТСБМ), параўн.: “белорусский торбан (нечто вроде гитары)” (Шпіл., Путешествие, 115), тараба́н ’музычны інструмент з 24 струнамі, які вісеў на грудзях’ (Варл.), сюды ж, магчыма, тараба́јка ’від гітары’ (Вруб.). Укр. то́рба́н ’музычны інструмент, падобны да бандуры’, рус. торба́н, польск. tyorba, torban, teorban ’вялікая лютня; бандура’. Праз польскую мову з італ. tiorba ’лютня’. Інструмент вынайдзены ў XVI ст. у Фларэнцыі, паходжанне італьянскага слова невядома (Брукнер, 568; Фасмер, 4, 82; ЕСУМ, 5, 602). Агляд версій гл. Праці, 984–985. У народнай мове збліжана з тарабан ’барабан’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бараба́н. Рус. бараба́н. Паходжанне слова не вельмі яснае. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Крыніцай можа быць: 1) тат. daraban (адсюль польск. taraban, укр. тарабан; 2) цюрк.: тур., крым.-тат. balaban ’вялікі барабан’. Праабражэнскі, 1, 16; Фасмер, 1, 122–123; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 44. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патарыба́ніць ’бегчы’ (Інстр. III). Да прасл. terti (Куркіна, Этимология–1980, 24) > terati ’гнаць, бегчы’ (в.-луж. ćerić ’лавіць’, ст.-чэш. poteriti, vteriti ’неадступна ісці, бегчы за кім-н.’, славен. tėrjati), якое пазней набыло экспрэсіўныя суфіксы — патараніць (гл.), патарабаніць — магчыма, пад уплывам цюрк., параўн. тат. daraban ’барабану > тарабан ’тс’, тарабаніць: вяц. ’біць, барабаніць’, бел. ’моцна стукаць’, ’хутка несці нешта вялікае’, польск. potarabanić ’ісці з цяжкасцю’, усх.-чэш. tarabit ’несці з намаганнем’. Аб мене а > ы гл. Карскі, 1, 103.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тараба́ніць1 ’моцна стукаць, утвараючы шум, грукат’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ’аднастайна грукаць, стукаць’, ’валачы, цягнуць, везці з грукатам’ (Янк. 2), ’балбатаць’ (Шатал.), ’бразгаць; балабоніць’ (Ян.), тараба́ніць языком ’па-пустому, многа і гучна гаварыць’ (Янк. 2), тараба́ніць, тороба́ніць ’тарахцець, барабаніць; балбатаць’ (Мат. Гом.), тыріба́ніць ’тарабаніць, тараторыць, крычаць, шумець’ (Бяльк.), тараба́ніті ’барабаніць’ (Вруб.), тарабані́тэ ’тс’ (драг., Нар. словатв.), тараба́ніць, тарабо́ніць, торобе́ніць ’барабаніць, бразгатаць’ (пра дождж, стук і г. д.)’, ’тараторыць, балбатаць, малоць языком’ (ТС), тараба́нькаць ’тарахцець, стукаць; гаварыць безупынна’ (ТС). Укр. тараба́нити ’грукатаць’, дыял. ’балакаць’, рус. тараба́нить ’грукаць; барабаніць’, польск. дыял. tarabanić ’тс’. Ад тараба́н ’барабан’ (гл. тарабан2), значэнне ’балбатаць’ пераноснае (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Параўн. структурна аналагічнае талаба́ніць ’балбатаць’, гл. талабоніць.

Тараба́ніць2 ’несці цяжкае, вялікае, грузнае’ (ТСБМ, Мілк., Мат. Гом.), ’несці на плячах’ (Яўс.), тараба́ніць (търъба́ніць) ’несці цяжкі груз’ (мёрск., Нар. лекс.), ’цягнуць, валачы’ (Ласт.; петрык., Яшк. Мясц.; мядз., Сл. ПЗБ), ’цягнуць з шумам і грукатам’ (Варл.), тарамба́ніць ’тс’ (Сл. рэг. лекс.). Укр. тараба́нити ’везці або несці нешта важкае і вялікае’, тараба́нитися ’ісці або ехаць далёка; ехаць марудна, з цяжкасцю’, рус. дыял. тараба́нить, тарба́нить ’цягнуць, валачы’, польск. дыял. tarabaniać się ’з цяжкасцю ісці, рухацца; увальвацца, караскацца’, каш. torbańic są ’караскацца; кешкацца, марудзіць’, чэш. tarabit ’з цяжкасцю несці’, tarabotit se ’пра цяжкую язду воза’. Апошнія словы Махае (636) выводзіць з чэш. těpiti ’несці’, těpati ’насіць’, роднасных лат. stiept ’з цяжкасцю несці, валачы’, ’з цяжкасцю або паспешліва бегчы’, ’намагацца, высільвацца’ і літ. stiẽpti, stiẽbti ’цягнуць уверх’, укр. тепо́рити ’з цяжкасцю цягнуць’, ускладненых “інтэнсіўнымі” суфіксамі, што не пераконвае. Спробы вывесці з літ. tarabénti ’цягнуць, валачы’, tarabénti ’несці, валачы’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 95) сустракаюць сур’ёзныя пярэчанні (Лаўчутэ, Балтизмы, 149). Няясна. Дапускаюць афіксальнае ўтварэнне ад укр. дыял. тере́бити ’цягнуць; несці што-небудзь цяжкае’ (гл. церабіць), притере́бити ’даставіць, прынесці’ (ЕСУМ, 5, 517), што не пераконвае; або параўноўваюць з рус. дыял. та́рабіць ’цягнуць’ (Фасмер, 4, 20). Кашубскае слова лічаць экспрэсіўнай трансфармацыяй tarmolëc są ’ўвальвацца (пра няпрошанага госця)’ пад уплывам torba (гл. торба), у пераносным значэнні ’дурань, няздара, недарэка’ (SEK, 5, 156). Больш верагоднае развіццё семантыкі ад тараба́ніць1 ’грукатаць’ да ’цягнуць з грукатам што-небудзь цяжкае’ або ўтварэнне ад тарна́біць ’валачыць, цягнуць, несці з цяжкасцю’ (гл.) з перастаноўкай зычных у сярэдзіне слова і характэрнай для экспрэсіўных слоў сінкопай (пропускам галоснага).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)