Сібе́ль ‘сялява’ (асіп., Сл. ПЗБ), ‘назва рыбы’ (Ян.), сібель ‘верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (Жук., Жыв. св.), укр. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’, рус. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’. Выводзіцца з *вьсебѣль, што да весь ‘цалкам’ (гл.) і белы; апошняе пацвярджаецца як навуковай назвай з лац. alburnus < albus ‘белы’, так і шматлікімі народнымі назвамі: укр. біли́ця, рус. бело́вка, польск. biela, чэш. bělice, славац. belička, славен. belíca і інш., а таксама нова-в.-ням. Weißfisch, грэч. όλόλευκοσ τάριχος (літаральна ‘цалкам белая рыба’), гл. Фасмер, 3, 587; Каламіец, Рыбы, 25; ЕСУМ, 5, 201. Выказанае меркаванне пра балтыйскае паходжанне назвы (Лекс. балтызмы, 11, 12) непрымальнае па фармальных прычынах (Анікін, Опыт, 274).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяля́ва ’рыба сямейства ласасёвых; рапушка еўрапейская’ (ТСБМ), ’рапушка, Coregonus albula L.’ (Касп., Жук., Сцяшк.), селя́ва, сяля́ўка ’тс’, ’сібель’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), сіля́ўка ’тс’ (лід., шальч., лудз., Сл. ПЗБ), сіля́ва ’рыба накшталт селядцоў, што водзіцца ў вялікіх азёрах’, сіля́ўка ’ўклейка, дробная рыба’ (Нас.), сіля́ўка, селя́вка ’рыба верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (ТСБМ, Дэмб. 2, Жукаў). Укр. селя́ва ’шэмая дняпроўска-азоўская, Chalcalburnus’, рус. пск. села́ва ’верхаводка’, прыпары., кубан. селя́ва ’шэмая; від верхаводкі’, польск. sielawa ’сіг еўрапейскі, Coregonus albula L., верхаводка’. Слова без задавальняючай этымалогіі. Насовіч формы з пачатковым сі‑ выводзіў ад сіляць ’вудзіць’: силявочку силяець (Нас., 579), што з улікам фанетыкі і геаграфіі слоў успрымаецца як народная этымалогія. Дапускалі запазычанне з літ. seliavà ’сіг еўрапейскі’, salavà, sel(i)ovà, sélava, sèlava ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 19, 249), збліжэнне з фін. salakka ’верхаводка’ (Праабражэнскі, 2, 271; Карскі, Белорусы, 108). Супраць Фасмер (3, 594), які ўказвае на распаўсюджанне назвы на поўдні; да таго ж літоўскія формы па фанетычных прычынах не спрадвечныя (Буга, Rinkt., 1, 552), лічацца запазычаннямі са славянскіх моў (Фрэнкель, 774), або, прынамсі, іх балцкае паходжанне недастаткова аргументавана (Лаўчутэ, Балтизмы, 148), гл. падрабязней Анікін, Опыт, 275; ЕСУМ, 5, 210 з аглядам версій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)