Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ РАБО́ЧИЙ»,
грамадска-паліт. газета, орган Цэнтр. савета прафес. саюзаў Віцебска. Выдавалася штодзённа з 17(30).1 да 24.1(6.2).1918 у Віцебску на рус. мове. Працягвала паліт. лінію газет «Известия Витебского Совета рабочих и солдатских депутатов» і «Борьба» («Наша борьба»), закрытых органамі сав. улады за антыбальшавіцкі кірунак. Асуджала разгон устаноўчага сходу ў Петраградзе і рэпрэсіі бальшавікоў у адносінах да апазіцыйных ім арг-цый. Асвятляла стан і перспектывы паліт. жыцця Віцебска.
М.Я.Сяменчык.
т. 4, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ АРМЕ́ЙСКОГО СОВЕ́ТА ДЕПУТА́ТОВ X А́РМИИ»,
газета Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Маладзечне на рус. мове штодзённа. Орган бальшавіцкага Савета дэпутатаў 10-й арміі. Напачатку мела назвы: «Бюллетень Военно-революционного комитета X армии», «Известия Совета депутатов X армии». Змяшчала пастановы Расійскага і Зах. абл. Саветаў нар. камісараў, рэзалюцыі салдацкіх і сял. сходаў у падтрымку новай улады, матэрыялы пра барацьбу сав. войск супраць 1-га польскага корпуса Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. Спыніла існаванне з наступленнем герм. войск.
М.Я.Сяменчык.
т. 7, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС НАРО́ДА»,
сацыял-дэмакр. рабочая газета; выконвала таксама функцыі органа Бабруйскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа з 28.5(10.6) да 16(29).8.1917 у Бабруйску на рус. мове. Праводзіла агульнадэмакр., надпарт. курс на арганізацыю рабочага руху горада ў адзіны сацыяліст. блок. Друкавала матэрыялы ў падтрымку палітыкі Часовага ўрада, перадвыбарчую праграму сацыяліст. блока ў Гар. думу. Шмат месца адводзіла яўр. рабочаму руху. З 18 ліп. наз. «Бобруйская вечерняя газета «Голос народа». Перадрукоўвала ў асноўным артыкулы з цэнтр. выданняў. Вядома 69 нумароў.
М.Я.Сяменчык.
т. 5, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС ПОЛЕ́СЬЯ»,
грамадска-паліт. газета, орган Рэчыцкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа ў крас.—жн. 1917 у г. Рэчыца на рус. мове. Падтрымала Часовы ўрад і яго палітыку прадаўжэння вайны да перамогі. Друкавала афіц. ўрадавыя дакументы, звесткі з міжнар. жыцця, ваен. хроніку. Шмат увагі аддавала мясц. грамадскаму і прафсаюзнаму руху, арганізацыі самакіравання. Змяшчала дакументы і адозвы Сялянскага саюза Палескага р-на. Перадрукоўвала артыкулы з петраградскіх і маскоўскіх выданняў. Спыніла выхад у канцы жн. 1917 у сувязі з перавыбраннем Савета.
М.Я.Сяменчык.
т. 5, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БОРЬБА»,
штодзённая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 16(29).11.1917 да 3(16).1.1918 у Віцебску на рус. мове супрацоўнікамі газ. «Известия Витебского Совета солдатских и рабочых депутатов», закрытай за антыбальшавіцкую дзейнасць. З 27.12.1917(10.1.1918) стала «органам сацыялістычнага блоку Віцебскага гарадскога самакіравання», у які ўвайшлі прадстаўнікі розных паліт. партый: Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, РСДРП, Бунда, партыі нар. сацыялістаў, аб’яднанай яўр. Сацыяліст. партыі. Гал. задачай абвясціла барацьбу з анархіяй, за хутчэйшае адкрыццё і свабоднае, незалежнае функцыянаванне «Усенароднага і Поўнаўладнага Устаноўчага сходу». Апошні раз выйшла пад назвай «Наша борьба». Закрыта бальшавіцкімі ўладамі Віцебска.
М.Я.Сяменчык.
т. 3, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ МО́ЗЫРСКОГО СОВЕ́ТА РАБО́ЧИХ И СОЛДА́ТСКИХ ДЕПУТА́ТОВ»,
газета. Выдавалася з 4(17).5.1917 да лют. 1918 у Мазыры на рус. мове 3—4 разы на тыдзень. З 15(28).6.1917 да сярэдзіны вер. 1917 наз. «Известия Мозырского Совета рабочих и солдатских депутатов и Мозырского Совета крестьянских депутатов». Прытрымлівалася агульнадэмакр. пазіцый. Змяшчала афіц. дакументы і звароты Часовага ўрада, загады арміі і флоту, справаздачы пасяджэнняў Савета, СНК. Асвятляла грамадска-паліт. жыццё краіны, у т. л. ліпеньскія падзеі 1917, карнілаўскі мяцеж, Кастр. рэвалюцыю, ход перадвыбарчай кампаніі ва Устаноўчы сход. Выйшла 150 нумароў.
М.Я.Сяменчык.
т. 7, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ИЗВЕ́СТИЯ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА III А́РМИИ»,
газета. Выдавалася з ліст. 1917 да лют. 1918 у Полацку на рус. мове 5—6 разоў на тыдзень. У снеж. 1917 — студз. 1918 выходзіла пад назвамі; «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии», «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Як выданне бальшавіцкага кірунку прапагандавала дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, ухваляла Кастр. падзеі, друкавала загады і распараджэнні ВРК, рэзалюцыі салдацкіх і рабочых сходаў, а таксама лісты ў падтрымку новай улады. Асвятляла дзейнасць вайсковых арг-цый і з’ездаў. Асуджала дзейнасць Бел. рады як «контррэвалюцыйную», апраўдвала разгон Усебел. з’езда 1917.
М.Я.Сяменчык.
т. 7, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВОЕ ВАРША́ВСКОЕ У́ТРО»,
газета. Выдавалася ў 1915—17 у Мінску на рус. мове штодзённа, акрамя панядзелка. Належала М.Дворжацу. Да Лют. рэв. мела інфарм.-камерцыйны характар, з сак. 1917 набыла паліт. афарбоўку. Змяшчала ўрадавыя распараджэнні і загады мясц. улад. Асвятляла падзеі гар. жыцця (рубрыка «Мінск»), навіны з франтоў, пісала пра ўсталяванне нов. ладу, фарміраванне і дзейнасць нац. рухаў, партыйных, грамадска-паліт., прафесійных і інш. арг-цый, пра найб. важныя падзеі грамадска-паліт. жыцця Расіі. Праграмай сваёй дзейнасці абвясціла платформу Петраградскага Савета. На выбарах у гар. думу выступала ў падтрымку сацыял-дэмакратаў. Да Кастр. рэвалюцыі паставілася варожа. Спыніла існаванне ў снеж. 1917.
М.Я.Сяменчык.
т. 11, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛУЧ»,
газета Мінскай арг-цыі РСДРП і фракцыі сацыял-дэмакратаў-меншавікоў франтавога к-та Зах. фронту. Выдавалася з 4(17) кастр. да ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 6 разоў на тыдзень. Рэдактары: С.Басіст, А.Хаст, А.Штэрн. Змяшчала матэрыялы па надзённых пытаннях тагачаснага жыцця, асаблівую ўвагу аддавала рабочаму, сялянскаму і франтавому жыццю, з 2-й пал. кастр. асвятляла ход падрыхтоўкі выбараў ва Устаноўчы сход. Стаяла на платформе класавай барацьбы, але адмоўна ставілася да заклікаў бальшавікоў пра неабходнасць сац. рэвалюцыі і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту, выказвалася супраць перадачы ўсёй улады Саветам. Кастр. рэвалюцыю 1917 кваліфікавала як бальшавіцкі пераварот. Друкавала матэрыялы К-та выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, звесткі пра барацьбу за ўладу ў Мінску і інш. гарадах Беларусі.
М.Я.Сяменчык.
т. 9, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)