Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРА́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., на р.Сцвіга. Цэнтр сельсавета і калгаса «Савецкая Беларусь». За 29 км на Пд ад г. Жыткавічы, 300 км ад Гомеля. 608 ж., 250 двароў (1994). Дрэваапрацоўчы цэх Прыпяцкага запаведніка, Азяранскае лясніцтва. Сярэдняя і музычная школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Селішчы ранняга жал. веку і эпохі феадалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДДУ́БІЧЫ,
балота нізіннага і пераходнага тыпаў у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Беларусі (38,2 тыс.га) і ў вадазборах рэк Сцвіга і Маства ў межах Украіны. Пл. 48,2 тыс.га, у межах прамысл. пакладу — 19,5 тыс.га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,4 м. Запасы торфу каля 38 млн.т. На б.ч. лясы з хвоі і бярозы, растуць трыснёг, асокі, гіпнавыя і сфагнавыя імхі. Трапляюцца пясчаныя астравы і грады, парослыя пераважна хваёвым лесам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎ, План,
рака на Украіне і ў Лельчыцкім р-не (ніжняе цячэнне) Гомельскай вобл., правы прыток р.Сцвіга (бас.р. Прыпяць). Даўж. 45 км, у т. л. на Беларусі 14 км. Пл. вадазбору 326 км², у т. л. на Беларусі 68 км². Пачынаецца за 4 км на ПнЗ ад в. Юрове Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., цячэ па Жытомірскім Палессі, на Беларусі па нізіне Прыпяцкае Палессе. Вусце за 5 км на ПнЗ ад в. Дзяржынск. Рэчышча ў верхнім цячэнні слабазвілістае, на астатнім працягу каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура канца бронзавага і пач. жалезнага вякоў (10—6 ст. да н.э.), пашыраная на З Валыні — Пн Прыкарпацця (Львоўская і Цярнопальская вобл. Украіны). Назва ад могільніка каля с. Высоцкае Львоўскай вобл., Украіна. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у паўзямлянкавых жытлах з агнішчамі або каменнымі пячуркамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, радзей трупаспаленне ў бескурганных, пазней і ў курганных могільніках. Вырабляла цюльпанападобныя і слоікавыя пасудзіны, гліняныя культавыя фігуркі птушак; карысталася бронзавымі, радзей жал. прыладамі працы і зброяй, таксама каменнымі сякерамі, крамянёвымі сярпамі і наканечнікамі стрэл, бронзавымі ўпрыгожаннямі. Зрабіла пэўны ўплыў на мілаградскую культуру. Паводле археолага Ю.У.Кухарэнкі, помнікі Высоцкай культуры трапляюцца ў межах Беларусі ў сярэднім цячэнні р. Гарынь і на р.Сцвіга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТВА́,
рака ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Беларусі і на Украіне, левы прыток р.Сцвіга (бас.р. Прыпяць). Даўж. 172 км, у межах Беларусі 80 км. Пл. вадазбору 2400 км², у межах Беларусі 800 км². Пачынаецца ў Ракітнаўскім р-не Ровенскай вобл. Украіны, у верхнім і сярэднім цячэнні называецца Льва. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі справа — Гнойніца (на Украіне), Мышанка і Лесавая Рэчка (на Беларусі). Даліна невыразная, у верхнім цячэнні месцамі трапецападобная. Пойма двухбаковая шыр. 300 м — 5 км, пераважна забалочаная. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Рэчышча сярэдне звілістае, разгалінаванае, у ніжнім цячэнні каналізаванае, мноства нізкіх пясчаных затапляльных астравоў і асяродкаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 10,1 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ВЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗ Украіны. Утворана 4.12.1939. Пл. 20,1 тыс.км². Нас. 1185 тыс.чал. (1999), гарадскога 49%. Цэнтр — г.Роўна. Найб. гарады; Дубна, Здалбунаў, Кастопаль, Сарны.
Паверхня — хвалістая раўніна. Паўн. (большая) ч. занята Палескай нізінай, паўд. — Валынскім узв. (выш. да 342 м), парэзаным рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: торф. граніты, гнейсы, дыябазы, базальты, вапнякі, каалін, гліны. Радовішчы мінер. вод і тарфяных гразей. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -4,8°, ліп. 18,2—19 °C, ападкаў 600—700 мм за год. Рэкі належаць да бас.р. Дняпро: Прыпяць з прытокамі Стыр (з Іквай), Гарынь (са Случчу), Сцвіга (з Маствой). На Палессі шмат балот і азёр (Нобель, Белае і інш.). Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя і балотныя, на Пд ападзоленыя і звычайныя чарназёмы, шэрыя лясныя. Каля 38% пад лесам (хвоя, дуб, граб, ліпа, клён).
Вядучая галіна прам-сці — харч. (цукр., мясная, спіртавая, кансервавая, піваварная, малочная, масласыраробная). Прам-сць: камбікормавая; тэкст., у т. л. льняная; швейная, трыкат., галантарэйная; маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць высакавольтнай апаратуры, аўтаматызаваных станочных модуляў, абсталявання для жывёлагадоўчых ферм, гандлю, запчастак для трактароў); хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, сернай кіслаты, нятканых матэрыялаў, гуматэхн. і пластмасавых вырабаў), лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая, цэлюлозна-папяровая. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, шкло і інш). Апрацоўка граніту, базальту. Энергет. база — Ровенская АЭС і Дабратворская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на збожжавых, цукр. бураках, ільне, бульбе і мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 263 тыс.га. (1999). Вял. масівы асушаных зямель. У паўн. раёнах вырошчваюць бульбу, лён-даўгунец, жыта, у паўд. — азімую пшаніцу, жыта, ячмень, цукр. буракі, хмель, кармавыя культуры. Развіта агародніцтва, садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушак. Пчалярства. Рыбагадоўля. Даўж. чыгунак 588 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 5 тыс.км. Асн. чыгункі Роўна—Здалбунаў—Львоў, Роўна—Сарны—Баранавічы, Шапятоўка—Здалбунаў—Роўна—Ковель, Кіеў—Сарны—Ковель, аўтадарогі Кіеў—Роўна—Львоў, Роўна—Луцк—Брэст. Суднаходства па рэках Прыпяць, Гарынь, Стыр. У г. Роўна — аэрапорт. Курорт Гарынь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,
на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс.км². Нас. 51,2 тыс.чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-растудз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр.Найб. лясістасць на Пн, З і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр.Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш.Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс.га, з іх асушана 33,5 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.
Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён у сярэдняй ч. падправінцыі Беларускага Палесся. Размешчаны на Пд Беларусі, займае ўсх.ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, зах.ч. Гомельскай абласцей. Мяжуе з Брэсцкім Палессем і Загароддзем на 3, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Гомельскім і Мазырскім Палессем на У і ПдУ, Жытомірскім і Валынскім Палессем на Пд. Выш. 125—145 м, найб. 186 м (на З ад в. Чалюшчавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.). Пл. больш за 20 тыс.км². Працягласць з 3 на У ад 140 да 220 км, з Пн на Пд ад 105 да 140 км.
У тэктанічных адносінах цэнтр. і ўсх.ч. П.П. прымеркаваны да Прыпяцкага прагіну, зах.ч. — да Палескай седлавіны. Асадкавы чахол у Прыпяцкім прагіне (магутнасць пераважна 1,5—2,6 км) утвораны адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою, сярод якіх больш развіты верхнедэвонскія саляносныя тоўшчы; на Палескай седлавіне (магутнасць 0,4—0,6 км) пераважна складзены з парод верхняга пратэразою, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 10—20 м на Пд і ў цэнтры, 50—70 м на Пн, да 80—100 м на 3) — азёрныя, балотныя, алювіяльныя, эолавыя» водна-ледавіковыя. Марэна бярэзінскага зледзянення трапляецца на ПнУ, дняпроўскага і сожскага на крайнім ПнЗ. На невял. плошчах (у раёне г. Столін, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і на асобных фрагментах рачных далін на паверхню выходзяць даантрапагенавыя адклады.
У рэльефе П.П. спалучаюцца азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя тэрасаваныя, поймавыя і водна-ледавіковыя раўніны, з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі, характэрна наяўнасць буйных затарфаваных масіваў і азёр. Мінім.выш. рэльефу 113 м прымеркавана да ўрэзу р. Прыпяць у сутоках з р. Пціч, найб. 155—186 м — да краявых марэнных утварэнняў. Азёрна-алювіяльныя раўніны вылучаюцца на ПнЗ з азёрамі Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае і інш. з адноснымі перавышэннямі паверхні 0,5—1,5 м; уздоўж р. Арэса і вакол воз. Чырвонае з адноснымі выш. 1—2 м (зрэдку трапляюцца пясчаныя ўзгоркі выш. да 5 м); паміж рэкамі Сцвіга і Убарць у шыротным напрамку з ваганнямі адносных выш. 0,3—0,5 м. Водналедавіковыя раўніны маюць хвалістую паверхню з нахілам у бок р. Прыпяць, з адноснымі выш. ад 1,5 да 3—5 м, ускладненую ланцугамі дзюн або асобнымі марэннымі ўзгоркамі. Каля г.п. Лагішын і в. Парахонск Пінскага р-на Брэсцкай вобл. дэнудаваныя краявыя ледавіковыя грады і ўзгоркі, згладжаныя і ’выцягнутыя ў субшыротным напрамку. Размытыя краявыя ледавіковыя грады (адносныя перавышэнні 8—10 м, радзей 15—20 м) захаваліся каля г.п. Акцябрскі і г. Петрыкаў, в. Мілевічы і Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У даліне р. Прыпяць пойма і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма нізкая, забалочаная, паверхня ўскладнена пясчанымі грывамі (выш. 0,5—1 м, шыр. 30—40 м, даўж. 0,2—1,5 км). Першая надпоймавая тэраса акумулятыўная, шыр. ад 1—2 км да 8 км (на левабярэжжы), у месцах упадзення найб. прытокаў да 10—18 км. Паверхня роўная, месцамі забалочаная. Другая тэраса эразійна-акумулятыўная, шыр. ад 0,2—0,5 км да 18 км. Паверхня плоска-хвалістая з перавышэннямі 3—5 м, характэрны астанцы марэннай раўніны. Абедзве тэрасы ўскладнены эолавымі формамі. Карысныя выкапні: гліны тугаплаўкія, мел, каалін, буд. і абліцовачны камень, буд. пяскі, калійныя і каменная солі, буры вугаль, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C, ападкаў 632 мм за год (паводле даных Палескай балотнай станцыі). Гал. водныя і дрэнажныя артэрыі — р. Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа, Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой, Убарць. Найб. азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Белае. Вадасховішчы: Салігорскае (часткова), Лактышы, Пагост. Разгалінаваная сетка меліярац. каналаў, Агінскі канал. Высокі ўзровень грунтавых вод і пастаяннае забалочванне абумоўлена недастатковай гушчынёй гідралагічнай сеткі. Істотнае значэнне маюць талыя і дажджавыя воды, якія часта выклікаюць разводдзі (да катастрафічных). У гэты перыяд пад’ём вады ў р. Прыпяць дасягае 4—5 м (радзей 6—7 м), Гарыні — 3,5—4,5 м. Шыр, разліваў у р. Прыпяць 5—15 км, да 25 км, яе прытокаў у сярэднім каля 3 км. Перыяд разводдзяў доўжыцца 40—90 дзён. Для глебавага покрыва характэрна частая змена дзярнова-падзолістых, дзярновых забалочаных і тарфяна-балотных глеб. Трапляюцца глебы дзярнова-глеістыя, поймавыя (алювіяльныя) і інш. Лясістасць П.П. найменшая (да 32%) у Пінскім р-не, найб. у Жыткавіцкім (56%) і на Пн Лельчыцкага р-наў. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя лясы, дубровы. Пад балотамі 23% тэрыторыі, больш як 1/3 з іх асушаны. Пад ворывам 30% тэрыторыі. У межах П.П. нац. парк Прыпяцкі, ландшафтныя заказнікі Прастыр, Стрэльскі, Сярэдняя Прыпяць, Альманскія балоты; біял. — Борскі, Жыткавіцкі, Лунінскі, Ялоўскі, гідралагічны — Выганашчанскае.
М.А.Шышонак.
Да арт.Прыпяцкае Палессе. 1. Рака Пціч каля г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл. 2. Пясчаная дзюна на пласкахвалістай тэрасе каля в. Моршчынавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.