СФО́РЦА (Sforza),

дынастыя міланскіх герцагаў [1450—1535]. Родапачынальнік Муцыо Атэндола С. [1369—1424], селянін з Раманьі, празваны Сфорца за сваю сілу (італьян. sforzare адольваць сілай). Яго сын Франчэска С. (1401—66), кандацьер на службе ў Мілана, Фларэнцыі, Венецыі; зяць апошняга міланскага герцага з роду Вісконці. У 1450 авалодаў Міланам і стаў герцагам [1450—66]. Далучыў да Мілана б.ч. Ламбардыі, Бары, Геную; садзейнічаў ператварэнню Мілана ў культ. цэнтр, пры яго двары былі Леанарда да Вінчы і інш. Галеаца Марыя С. [1466—76] забіты прыхільнікамі рэспублікі. Джан Галеаца С. [1476—94] адхілены ад улады сваім дзядзькам Ладавіка С. па мянушцы Мора [Маўр; 1494—99], які, спадзеючыся аслабіць Неапаль і ўмацаваць сваю ўладу ў Мілане, садзейнічаў прыходу франц. войск Карла VIII у Італію (1494). У 1499 у выніку нар. паўстання Ладавіка С. выгнаны з Мілана. Яго сыны Масіміліяна С. (1493—1530) у 1512—15 і Франчэска II С. (1495—1535) у 1521—25 аднаўлялі ўладу роду С. ў Міланскім герцагстве. Пасля смерці Франчэска II дынастыя С. перастала існаваць; у 1535 Мілан увайшоў у склад уладанняў Іспаніі. Да роду С. належала каралева Польшчы і вял. княгіня літоўская Бона Сфорца.

т. 15, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НА СФО́РЦА (Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),

каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял. князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многія дзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр. рэформы ў ВКЛ (гл. Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.

Літ.:

Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;

Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;

Bogucka M. Bona Sforza. Warszawa, 1989.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

Бона Сфорца.

т. 3, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРАЗІЯ́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Republica Ambrosiana),

рэспубліканскае праўленне ў г. Мілан з 14.8.1447 да 27.2.1450 (назва ад св. Амвросія, апекуна Мілана). Створана гар. вярхамі пасля смерці апошняга міланскага герцага з дынастыі Вісконці, ва ўмовах цяжкай вайны з Венецыяй. Палітыка ўрада нобіляў выклікала незадаволенасць нар. мас. У ліп. 1449 у выніку нар. паўстання створаны новы ўрад. Прэтэндэнт на герцагскі прастол Ф.​Сфорца заключыў перамір’е з Венецыяй і арганізаваў асаду Мілана. Ва ўмовах галоднай блакады горад здаўся. Сфорца абвясціў сябе герцагам Мілана, і Амбразіянская рэспубліка перастала існаваць.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),

1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.​Вісконці, А. да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.​Калеоні, Ф.​Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.

2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 578

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГЕЛО́НЫ (па-польску Jagiellonowie), Ягайлавічы,

галіна Гедзімінавічаў, нашчадкі вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Ягайлы (Уладзіслава II), сына Альгерда і ўнука Гедзіміна. Правілі ў ВКЛ у 1440—1572, у Польшчы ў 1434—1572, у Венгрыі ў 1440—44 і 1490—1526, у Чэхіі ў 1471—1526. Прадстаўнікі Я.:

Уладзіслаў III Варненчык (31.10.1424. Кракаў — 10.11.1444), старэйшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай (Друцкай), кароль Польшчы з 1434 і Венгрыі з 1440; гл. Уладзіслаў III Варненчык.

Казімір Андрэй Ягайлавіч (30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492), 3-і сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай (Друцкай), вял. князь ВКЛ з 1440 і кароль Польшчы з 1447; гл. Казімір IV Ягелончык.

Уладзіслаў II (1.3.1456, Кракаў — 13.3.1516), старэйшы сын Казіміра IV, кароль Чэхіі з 1471 і Венгрыі з 1490 (Уласла II). У 1500 замацаваў прывілеі чэш. шляхты, у Венгрыі — прывілеі магнатаў, у 1515 прызнаў спадчыннае права на троны Чэхіі і Венгрыі за аўстр. Габсбургамі ў выпадку сканчэння там дынастыі Я.

Казімір (3.10.1458, Кракаў — 4.3.1484), 2-і сын Казіміра IV і Альжбеты Ракушанкі, каталіцкі святы (кананізаваны ў 1522). Ушаноўваецца каталіцкай царквой як патрон Вільні, апякун зямель ВКЛ, патрон Гродзенскага біскупства (з 1991).

Ян I Ольбрахт (27.12.1459, Кракаў — 17.6.1501), 3-і сын Казіміра IV, кароль Польшчы з 1492. Адначасова яго брат Аляксандр быў абраны вял. князем ВКЛ, і унія Польшчы і ВКЛ была спынена. У 1496 выдаў Пётркаўскі статут. які прымацаваў сялян да зямлі і зацвердзіў правы шляхецкіх сеймаў.

Аляксандр Казіміравіч (5.8.1461 Кракаў — 19.8.1506), 4-ы сын Казіміра IV, вял. князь ВКЛ з 1492 і кароль Польшчы з 1501; гл. Аляксандр.

Жыгімонт (1.1.1467—1.4.1548), 5-ы сын Казіміра IV, вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы з 1506; гл. Жыгімонт I Стары.

Ян (8.1.1499, Кракаў — 18.2.1538), пазашлюбны сын Жыгімонта I Старога, біскуп віленскі ў 1519—36 і пазнанскі з 1536.

Ганна (23.7.1503, г. Буда, Венгрыя — 27.1.1547), дачка Уладзіслава II, апошняя прадстаўніца чэшска-венг. галіны Я. З 1521 замужам за Фердынандам Габсбургам (з 1526 кароль Чэхіі і Венгрыі, з 1556 герм. імператар, гл. Фердынанд I). Дзякуючы гэтаму шлюбу Габсбургі набылі правы на чэш. і венг. троны.

Людовік II (1.7.1506—29.8.1526), сын Уладзіслава II, кароль Чэхіі і Венгрыі з 1516 (Лаяш II). З яго смерцю ў бітве з туркамі пад Мохачам дынастыя Я. у Чэхіі і Венгрыі спынілася.

Ядвіга (25.3.1513, Познань — 7.2.1573), дачка Жыгімонта I Старога. З 1535 замужам за брандэнбургскім курфюрстам Іахімам II Гогенцолернам.

Ізабела (18.1.1519—15.9.1559), дачка Жыгімонта I Старога. З 1539 замужам за каралём Венгрыі Янашам I Запальяі.

Жыгімонт Аўгуст (1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572), сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца, вял. князь ВКЛ (фармальна з 1529, фактычна з 1544) і кароль Польшчы з 1548; гл. Жыгімонт II Аўгуст. Апошні мужчынскі прадстаўнік дынастыі Я.

Соф’я (13.7.1522, Кракаў — 28.5.1575), дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца. З 1556 замужам за браўншвейг-вольфенбютэльскім герцагам Генрыхам.

Ганна (18.10.1523, Кракаў — 9.9.1596), дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца. З 1576 замужам за Стафанам Баторыем (шлюб з ёю быў умовай абрання яго на трон Польшчы і ВКЛ).

Кацярына (1.11.1526, Кракаў — 16.9.1583), дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорца. З 1562 замужам за герцагам фінляндскім Янам Вазам (з 1568 кароль Швецыі Ян III). Іх сын Жыгімонт у 1587 быў выбраны на трон Польшчы і ВКЛ, адначасова ў 1592—99 быў каралём Швецыі; гл. Жыгімонт III Ваза.

Па жаночых лініях Казімір IV Ягелончык з’яўляецца продкам усіх цяперашніх еўрап. каралёў і пануючых князёў, а таксама тых дынастый, што страцілі троны ў выніку рэвалюцый у 19 і 20 ст., і шматлікіх арыстакратычных сем’яў.

Літ.:

Wolff J. Rod Gedymina. Kraków, 1886;

Genealogisches Handbuch des Adels: Fürstliche Häuser. Bd. 1—13. Limburg, 1951—87;

Isenburg K.W. Stammtafeln zur Geschichte der europäischen Staaten. Bd. 1—2. 2 Aufl. Marburg, 1953;

Cenealogia. Warszawa, 1959;

Wdowiszewski Z. Genealogia Jagiellonów. Warszawa, 1968;

Duczmal M. Jagiellonowie. Kraków, 1996.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА Існавала ў 12—18 ст. з цэнтрам у г. Клецк. У 9—11 ст. воласць, якая ахоплівала дрыгавіцкае насельніцтва вярхоўяў р. Лань. Першы клецкі ўдзельны князь Вячаслаў Яраславіч упамінаецца ў 1127 як васал вял. кіеўскага князя. Пасля 1142—46 і ў 1149 К.к. належала Святаславу Ольгавічу, таксама васалу Кіева, у 14—15 ст. — князям і вял. кн. ВКЛ. З 1492 і да 1521—22 княства належала кн. Івану Васілевічу і Фёдару Іванавічу Яраславічам, потым перайшло да каралевы і вял. княгіні Боны Сфорца, якая ў 1552—55 правяла ў К.к. валочную памеру (адну з першых на Беларусі), ажыццявіла адм. рэформу (падзел на 6 дзесяткаў; заменены падзелам на 5 войтаўстваў). З 1558 княствам валодалі Радзівілы, якія ў 1586 устанавілі Клецкую ардынацыю ў складзе Клецкага і Давыд-Гарадоцкага княстваў. Тэрмін «К.к.» ўжываўся ў радзівілаўскіх дакументах 17 ст. Пры Радзівілах К.к. мела атрыбуты дзярж. адм. адзінкі ВКЛ (замкавы суд, асобны ваенны атрад клецкай шляхты). У 1791 з Клецкага, Нясвіжскага і Слуцкага княстваў Радзівілаў утвораны Случарэцкі пав. Навагрудскага ваяв.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рагачоўскае староства,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 14—18 ст. У канцы 14 ст. належала кн. Ю.​Талочку, пазней — вял. кн. ВКЛ Вітаўту. У 1397 з яго вылучана Бярэзінская зямля, у 1440-я г. — маёнткі Плесавічы і Ціхінічы. У 1456 воласць падаравана выхадцу з Масквы, удзельнаму кн. І.​В.​Яраславічу (Бароўскаму), потым яго сыну Ф.​І.​Яраславічу, які ў 1509 завяшчаў яе вял. кн. Жыгімонту I. Апошні ўступіў у валоданне Р.в. ў 1519 і падараваў яе сваёй жонцы Боне Сфорца. Кіравалі воласцю намеснікі Боны, з 1556 — дзярж. маёнтак (староства). Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. У 1563 тром полацкім шляхціцам замест занятых рас. войскамі маёнткаў часова аддадзены са складу Р.в. сёлы Званец і Хлобін (сучасны Жлобін?). Паводле люстрацыі 1765, у складзе Р.в. мяст. Рагачоў і 27 вёсак (разам больш за 700 двароў), падзялялася на Задняпроўскае, Задруцкае і Рагачоўскае войтаўствы. У 1772 тэр. Р.в. на У ад рэк Друць і Дняпро адышла да Расійскай імперыі, рэшта воласці далучана да Расіі ў 1793.

В.​Л.​Насевіч.

т. 13, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пятру́шка ’пятрушка, Petroselinum crispum (Mill.) Nym.’ (Кіс., ТСБМ; смарг., Сл. ПЗБ), ’Petroselium sativum’ (Ласт.), ст.-бел. петрушка ’тс’ (1571 г.); укр. петру́шка, рус. петру́шка, польск. pietruszka, в.-луж. pětruška ’тс’. Зыходным словам лічыцца польскае, якое праз дыял. piotruszka, piotrużka памянш. ад piotrużela (XV ст.), што са ст.-чэш. petruželě, с.-в.-ням. petersilje, ням. petroselīnum з грэч. πετροσέλῑνον, літаральна ’горны сельдэрэй’ (Фасмер, 3, 253; Банькоўскі, 2, 567; ЕСУМ, 4, 362). Віцьбіч (Спадчына, 2000, 5–6, 167) сцвярджае, што ўпершыню Рэч Паспалітую пазнаёміла з пятрушкай каралева Бона Сфорца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛО́ЧНАЯ ПАМЕ́РА,

аграрная рэформа ў ВКЛ у 16—17 ст.; комплекс эканам., сац. і тэхн. мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Валочная памера ў 1530-я г. пачала ажыццяўляць у сваіх уладаннях Бона Сфорца (жонка вял. князя Жыгімонта I), потым Жыгімонт II Аўгуст і некат. феадалы ў зах. землях ВКЛ. Мэты і задачы валочнай памеры ў велікакняжацкіх уладаннях найб. поўна сфармуляваны ва «Уставе на валокі» 1557. У дзярж. валасцях усх. Беларусі валочная памера праведзена ў канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. У якасці асн. адзінкі абкладання тут была ўведзена служба — надзел ворнай зямлі плошчай у 1 валоку. У ходзе валочныя памеры зведзеныя ў адзіны масіў сял. землі падзелены на валокі (21,36 га), вызначана якасць глебы, ліквідавана цераспалосіца, замацавана трохпольная сістэма; устаноўлена таксама сістэма відаў і нормаў павіннасцей з валокі, частка натуральных павіннасцей заменена на грашовы чынш. Сял. сядзібу найчасцей размяшчалі на сярэднім полі валокі; хаты ў вёсках размяшчалі на адным баку вуліцы, гасп. будынкі — на другім. Адну валоку часта бралі 2 сял. сям’і. Ажыццяўленне валочнай памеры ў значнай ступені уніфікавала эксплуатацыю сялян, што прывяло да ўзмацнення прыгоннага права ў ВКЛ.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБА́РА РАДЗІВІ́Л (6.12.1520—8.5.1551),

каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1550—51). Другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. Дачка падчашага ВКЛ (пазней кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ) Юрыя Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Барбары Радзівіл імкнуліся выкарыстаць для ўзмацнення ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім трона караля польскага (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі шматлікая шляхта і магнаты, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары Радзівіл была настроена каралева польская і вял. княгіня ВКЛ Бона Сфорца. Сойм у Пётркаве (1548) выступаў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіц. прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Барбара Радзівіл была каранавана ў Кракаве 5.12.1550, але ў хуткім часе памерла. Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы. Гісторыі рамантычнага кахання Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія маст. творы.

Барбара Радзівіл. Партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага. Сярэдзіна 16 ст.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)