супярэ́чнасць

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 3 скланенне

адз. мн.
Н. супярэ́чнасць супярэ́чнасці
Р. супярэ́чнасці супярэ́чнасцей
супярэ́чнасцяў
Д. супярэ́чнасці супярэ́чнасцям
В. супярэ́чнасць супярэ́чнасці
Т. супярэ́чнасцю супярэ́чнасцямі
М. супярэ́чнасці супярэ́чнасцях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

супярэ́чнасць, -і, мн. -і, -ей, ж.

1. Узаемадзеянне супрацьпастаўленых і ўзаемазвязаных сутнасцей як крыніц самаруху і развіцця (спец.).

Дыялектычныя супярэчнасці.

2. Палажэнне, пры якім адно (выказванне, думка, учынак) выключае іншае, не сумяшчальнае з ім.

С. у поглядах.

3. Выказванне або ўчынак, накіраваны супраць каго-, чаго-н.; пярэчанне, супярэчанне; процілегласць.

Супярэчнасці па цане на газ і нафту абвастраюць міжнародныя адносіны.

◊

Дух супярэчнасці — імкненне зрабіць не так, а зусім інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

супярэ́чнасць ж., в разн. знач. противоре́чие ср.;

уну́траныя ~ці — вну́тренние противоре́чия;

упа́сці ў с. — впасть в противоре́чие

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

супярэ́чнасць, ‑і, ж.

1. Становішча, пры якім адно (выказванне, думка, учынак) выключае іншае, не сумяшчальнае, не ўзгодненае з ім. Прагараваўшы ўсю ноч у роздумах і душэўных супярэчнасцях, хлопец заснуў толькі пад раніцу і прачнуўся позна. Кулакоўскі. Усё, чым .. [Васіль] жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Мележ. // Неадпаведнасць, няўзгодненасць. [Паддубны] разважае аб тым, што супярэчнасць паміж розумам і пачуццямі трэба вырашаць шляхам свядомага іх спалучэння. Хромчанка.

2. звычайна мн. (супярэ́чнасці, ‑ей). У філасофіі — адносіны процілегласцей, уласцівых прадметам і з’явам прыроды і грамадства. Класавыя супярэчнасці. Унутраныя супярэчнасці. □ Першая сусветная вайна вельмі абвастрыла і выявіла найглыбейшыя супярэчнасці капіталістычнай сістэмы. «Звязда».

3. Выказванне або ўчынак, накіраваныя супраць каго‑, чаго‑н.; супярэчанне, пярэчанне. Нарэшце ў ім [Максіме] ўзяло верх простае пачуццё супярэчнасці. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Супярэчнасць 1/108—109, 115, 123, 351; 4/342; 7/26; 10/123

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЯРЭ́ЧНАСЦЬ.

1) цэнтральная катэгорыя дыялектыкі, якая выяўляе ўнутраную крыніцу самаруху і развіцця аб’ектыўнага свету і пазнання (гл. Супярэчнасць дыялектычная).

2) Лагічная памылка, звязаная з парушэннем супярэчнасці закону, якая выяўляецца ў дапушчэнні ў розумазаключэнні 2 меркаванняў, што супярэчаць адно аднаму.

Адрозніваюць С. прамыя, калі прадмету прыпісваецца прыкмета, якая з’яўляецца прамым адмаўленнем інш. прыкметы гэтага прадмета (напр., «круглы стол прамавугольны»), і непрамыя, калі няяўную С. можна зрабіць яўнай шляхам лагічнага аналізу. Атрыманая ў выніку пэўнага меркавання ці доказу С. сведчыць пра памылковасць пасылак. Выяўленая ў пэўнай тэорыі С. абясцэньвае гэтую тэорыю і пакладзеныя ў яе аснову прынцыпы (аксіёмы, пастулаты), сведчыць пра іх непрымальнасць.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

супярэ́чнасць ж. Wíderspruch m -(e)s, -sprüche; Wíderrede f -, -n (пярэчанне);

заблы́тацца ў супярэ́чнасцях sich in Wídersprüche verwíckeln;

супярэ́чнасць памі́ж сло́вам і спра́вай der Wíderspruch zwíschen Réden und Hándeln;

по́ўны супярэ́чнасцяў wíderspruchsvoll;

без супярэ́чнасцяў wíderspruchslos; óhne Wíderreden, óhne Wídersprüche

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

СУПЯРЭ́ЧНАСЦЬ ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ,

узаемадзеянне супрацьлеглых бакоў і тэндэнцый, якія знаходзяцца ў стане ўнутранага адзінства, узаемапранікнення і складаюць крыніцу самаруху і развіцця аб’ектыўнага свету, а таксама працэсу пазнання. С.д. займае цэнтр. месца ў дыялектыцы, у прыватнасці ў дыялектычным матэрыялізме, і характарызуе змест закону адзінства і барацьбы процілегласцяў. Прызнанне С.д. у якасці ўнутр. зместу ўсіх прадметаў і з’яў, асн. перадумовай іх руху і развіцця адрознівае дыялектыку ад метафізікі, дзе крыніцай руху лічыцца знешняе ўздзеянне. Завершаны цыкл развіцця С.д. уключае некалькі этапаў: адрозненне, палярызацыя, сутыкненне, антаганізм; адзінства супрацьлеглых бакоў пераходзіць у іх барацьбу, а ў канчатковым выніку — да вырашэння С.д. Развіццё С.д. акрэслівае паслядоўныя этапы ў развіцці прадмета ці з’явы, якое прыводзіць да іх пераходу ў новую якасць з новымі, пакуль скрытымі С.д. Існуюць разнастайныя формы С.д.: унутр. і вонкавыя, істотныя і неістотныя, антаганістычныя і неантаганістычныя. Працэс пазнання адбываецца праз пошук, вывучэнне і вырашэнне С.д., што суправаджаецца С.д. у развіцці думкі: барацьбой ідэй, тэорый і навук. школ. С.д. нельга атаясамліваць з т.зв. «лагічнай» супярэчнасцю, якая характарызуе непаслядоўнасць мыслення.

В.​І.​Боўш.

т. 15, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Асноўная супярэчнасць капіталізму 1/82, 318, 523; 4/225, 332; 5/410; 7/27, 28; 8/589, 593; 11/413

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

антагані́зм, -у, м.

Непрымірымая супярэчнасць.

А. поглядаў.

|| прым. антаганісты́чны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)