Стрэ́ха. Гл. страха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страха́ ‘верхняя, звычайна саламяная частка будынка, якая накрывае яго’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стрэ́ха ‘тс’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., ЛА, 4), стрэ́ха, стрэха́ ‘тс’ (Пятк. 1, ТС), стрі́ха, стрэ́ха ‘страха; лядзяш’ (Сл. Брэс.), ‘застрэшак’ (Сл. ПЗБ), стрыха́, стрэ́шка, стры́шка ‘край страхі, які навісае над сцяной’, ‘саламяны дах’, ‘казырок франтона’ (Шушк.), стрэ́шка памянш. да страха ‘навес над калодзежам, стогам і да т. п.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стрі́ха, рус. дыял. стреха́, польск. strzecha, в.-луж. třěcha, н.-луж. tśěcha, stśěcha ‘выступ страхі, навес’, чэш. střecha ‘страха’, славац. strecha, славен. strẹ́ha, серб.-харв. стре̏ха ‘выступ страхі’, балг. стря́ха, макед. стреа, ст.-слав. стрѣха. Прасл. *strěxa утворана з суф. ‑xa ад дзеяслова *strojiti ‘укладваць, прыводзіць да парадку, будаваць’ (гл. строй); гл. Слаўскі, SP, 1, 71. Супраць па семантычных прычынах Бязлай (3, 326). Іншыя рэканструкцыі: *strěxa < *stersā ад і.-е. *ster‑ ‘распасціраць’ (Младэнаў, 614); *strěxa < *strojgsā да і.-е. *strei‑g‑ ‘пакрываць’ < і.-е. *ster‑ ‘распрасціраць’ пры ўмове роднасці з літ. *striẽgti/*stríegti ‘накрываць дах саломай’, striẽgė ‘саламяны дах’, straĩgas ‘жэрдка ў плоце’ (Фрэнкель, 92; Бязлай, там жа; Махэк₂, 585); Борысь (583) мяркуе, што славянскае слова ўзыходзіць да і.-е. *strojgsā > *strojksā з далейшым развіццём *ks > *x. Фасмер (3, 776) усе гэтыя варыянты лічыць сумніўнымі. Гл. яшчэ Глухак, 588 (рэканструюе і.-е. *stroi‑sā, дзе *stroi‑ тое ж, што ў *strojь, *strojiti, гл. строй1, 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АДНАДЗЁНКА,

аднаразовае газетнае выданне. Часам выдавалася як лістоўка або альманах, без нумарацыі. Першая бел. аднадзёнка «Новіны грозные а жалостливые...» з прычыны нападу Івана IV Грознага на Полацк выд. ў 1563 у Нясвіжскай друкарні. У каталогу 1684 Бадлеанскай (Оксфард) б-кі зафіксавана 7 бел. аднадзёнак 1563, 1571, 1580, 1597, 1602, 1610 і 1617 на бел., лац., ням., англ. і інш. мовах. У 20 ст. аднадзёнкі выдаваліся найчасцей з-за цэнзурнага ўціску. Выходзілі ў Гродне («Колас беларускай нівы», 1913), Мінску («Над Свіслаччу», май 1914, на польск. мове; «Чырвоная варта», 15.4.1921; «Беларусь — Паволжу», 4.10.1921) і інш. Асн. прычына выхаду аднадзёнак ў Зах. Беларусі — канфіскацыя бел. прэсы польскімі ўладамі. Яны прысвячаліся пераважна грамадска-паліт. падзеям і выдаваліся ў Вільні («Беларуская крыніца», 25.12.1921; «Беларуская доля», 23.5.1923; «Абух», 20.8.1924; «Беларускі селянін», 14.8.1925; «Новая маланка», 30.11.1928; «Весткі Таварыства Беларускае школы», 28.2.1929; «Беларуская праўда», 12.5.1931; «За беларускую школу», 16.6.1936; «Голас студэнта», 25.6.1937, і інш.), у Гродне («Выстрал», 8.10.1924; «Стрэха», 12.2.1928; «Пралом», 19.6.1929), у Беластоку («Лясны работнік», студз. 1934). Бел. аднадзёнкі выходзілі ў Дзвінску («Праца», 29.6.1928; «Новы шлях», 29.4.1931), Рызе («Шлях праўды», 24.10.1930), Варшаве («Першы крок», ліп. 1935) і інш.; у пасляваенны час — у Нямеччыне, ЗША, Канадзе.

Зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, Цэнтр. навук б-цы АН Беларусі, Цэнтр. Навук. б-цы АН Літвы, у архівах і б-ках Польшчы і інш. Усяго выйшла больш за 100 аднадзёнак.

Літ.:

Максімовіч Р. (Тумаш В.). «Навіны Грозныя» 1563 году: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. Мюнхен, 1966. Кн. 4;

Тое ж // Спадчына. 1994. № 3.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)