Палацца Строцы (Фларэнцыя) 1/472—473; 8/38

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Строцы Бернарда

т. 15, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯ́НА (Maiano),

італьян. архітэктары і скульптары эпохі Ранняга Адраджэння; браты. Нарадзіліся ў г. Таскана (Італія):

Джуліяна да М. (1432—17.10.1490). Паслядоўнік традыцый Ф.Брунелескі, імкнуўся да складаных прасторавых вырашэнняў, дэкаратыўнасці арх. вобразаў: Палацца Спанокі ў Сіене (з 1473), сабор у Фаэнцы (1474—86), Порта Капуана ў Неапалі (1484). У тэхніцы разьбы па дрэве ці інтарсіі ствараў дэталі ўбрання цэркваў і грамадскіх будынкаў. У 1477—90 кіраваў буд-вам сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі.

Бенедзета да М. (1442—24.9.1497). Вучыўся ў брата Джуліяна. Яго творы адметныя тонкай гармоніяй, вытанчанасцю скульпт. і арх. дэталей: кафедра ў царкве Санта-Крочэ (1472—76), Палацца Строцы (з 1489, скончаны арх. Кранакам) у Фларэнцыі, тэракотавыя партрэтныя бюсты Ф.Строцы (каля 1490), А.Вані (1493) і інш.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПІ (Lippi),

італьянскія жывапісцы эпохі Ранняга Адраджэння; прадстаўнікі фларэнційскай школы жывапісу.

Фра Філіпа Л. (каля 1406, г. Фларэнцыя, Італія — 9.10.1469). У 1421—56 быў манахам-кармелітам. Як мастак склаўся пад уплывам Мазачыо, Мазаліна, Анджэліка, Л. Манака. Працаваў у Фларэнцыі, Падуі (1434—37), Прата (1452—64, з перапынкамі), Спалета (з 1466). Яго фрэскавыя цыклы вызначаюцца вытанчанасцю лінейнага малюнка, мяккай святлоценявой лепкай формы, гармоніяй светлага, стрыманага каларыту, індывідуальнасцю і простанароднасцю вобразаў («Рэформа кармеліцкага ордэна» ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі, 1432—33; «Сцэны з жыцця Іаана Хрысціцеля і св. Стэфана» ў саборы ў Прата, 1452—64). Алтарным кампазіцыям уласцівы лірычнасць, змякчэнне пластычнай трохмернасці форм складанымі, гарманічна-плаўнымі матывамі руху і святлоценявой насычанасцю каларыту («Мадонна Тарквінія», «Мадонна з немаўляці, св. Фрэдрыяна, св. Аўгусцінам і анёламі», абедзве 1437; «Каранаванне Маці Божай», 1441—47; «Дабравешчанне», 1440-я г.; «Тонда Барталіні», 1452; «Пакланенне немаўляці», канец 1450 — пач. 1460-х г.). Сярод яго вучняў С.Батычэлі.

Філіпіна Л. (каля 1457, г. Прата, Італія — 18.4.1504). Сын Фра Філіпа Л. Вучыўся ў свайго бацькі, пазней у Батычэлі. У сталы перыяд зазнаў уплывы Леанарда да Вінчы і нідэрландскіх жывапісцаў. Творчасць вызначаецца эмацыянальнай выразнасцю контурных ліній і вытанчанасцю колеравай гамы, якая падкрэсліваецца багаццем арх.-дэкар. матываў, навеяных ант. мастацтвам. Сярод твораў: фрэскі ў капэле Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне (каля 1481—83) і капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела (1487—1502) у Фларэнцыі, у царкве Санта-Марыя сопра Мінерва ў Рыме (каля 1488—93), алтарныя кампазіцыі «Сцэны з жыцця Лукрэцыі» (каля 1475—80), «Мадонна на троне са святымі» (1485), «Пакланенне немаўляці Хрысту» (сярэдзіна 1480-х г.), «Пакланенне вешчуноў» (1496) і інш. У позніх работах узмацніліся рысы неспакою і манернай напружанасці.

Фра Філіпа Ліпі. Тонда Барталіні. 1452.
Філіпіна Ліпі. Апостал Філіп каля храма Марса. Цуд з драконам. Фрэска ў капэле Строцы ў царкве Санта-Марыя Навела. 1487—1502.

т. 9, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)