Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАБІЁНТЫ (ад грэч. kopros памёт, кал + біёнт),
дарослыя арганізмы або іх лічынкі, для якіх прыродным асяроддзем пастаяннага або часовага жыхарства і жыўлення з’яўляюцца фекаліі, гной і інш. Сярод беспазваночных К. — многія алігахеты, жукі (карапузікі, магільшчыкі, стафіліны, гразевікі, гнаевікі, гнаявыя вадалюбы, трупаеды, трупнікі), некаторыя мухі, кляшчы-арыбатыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКІ́, цвердакрылыя (Coleoptera),
атрад насякомых. 2 падатр., драпежныя (Adephaga) і разнаедныя (Polyphaga). Каля 140 сям., больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Цэнтр. Арктыкі, найб. высокіх горных вяршынь. Насяляюць сушу, прэсныя воды; асабліва многа ў тропіках. На Беларусі 100 сям., больш за 3 тыс. відаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі 4 сям.: жужалі, стафіліны, слонікі, шчаўкуны.
Даўж. 0,2—200 мм. Афарбоўка розных колераў, часта з метал. бляскам. Цела мае галаву, грудзі і брушка. Покрыва цвёрдае, зрэдку мяккае (мяккацелкі). Галава часцей круглаватая, радзей выцягнута ў галаватрубку. Грудзі і брушка звычайна размежаваныя. Першая пара крылаў — цвёрдыя (адсюль другая назва) надкрылы (элітры), ахоўваюць другую (лятальную) пару крылаў і мяккі верхні бок брушка. Вусікі часцей 11-членікавыя. Ног 3 пары. Ротавы апарат грызучы. Раздзельнаполыя, пераважна яйцакладныя, радзей жывародныя. Пераўтварэнне поўнае (яйцо, лічынка, кукалка, імага). 1—3 пакаленні за год. Па характары кармлення — фітафагі, сапрафагі і заафагі. Глебаўтваральнікі, санітары, рэгулятары колькасці інш. насякомых, апыляльнікі раслін. Некат. — шкоднікі с.-г. і лясных культур, прадуктаў. Шэраг відаў выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Літ.:
Фауна и экология жесткокрылых Белоруссии. Мн., 1991;