Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́НА (Rhône),
рака ў Швейцарыі і Францыі. Даўж. 812 км, пл. басейна 98 тыс.км². Пачынаецца з Ронскага ледавіка ў Лепіцінскіх Альпах. Цячэ цераз Жэнеўскае воз., па Ронскай нізіне, упадае 2 рукавамі ў Ліёнскі зал. Міжземнага м., на З ад г. Марсель утварае дэльту (пл. больш за 12 тыс.км²). Гал. прытокі: Эн, Сона, Ардэш (справа), Ізер, Дзюранс (злева). У верхнім і сярэднім цячэнні жывіцца талымі водамі ледавікоў і снежнікаў. У правых прытоках пераважае дажджавое жыўленне. Да самага вусця Р. захоўвае рысы альпійскага рэжыму. Летняя паводка і зімовая межань. Р. — самая мнагаводная рака Францыі. Сярэдні гадавы расход каля вусця 1780 м³/с. На Р. і яе прытоках Ізер і Дзюранс каскады ГЭС (каля 70% агульнай магутнасці ГЭС Францыі). Суднаходная ад вусця р. Эн. Цераз р.Сона і шматлікія каналы злучана з рэкамі Рэйн, Мозель, Марна, Сена, Луара. У абход дэльты пабудаваны суднаходны канал ад г.Арль да Марселя. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Р. — гарады Жэнева (Швейцарыя), Ліён, Валанс, Авіньён, Арль (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГУ́НДЫЯ (Bourgogne),
гістарычная вобласць у Францыі, у бас.р.Сона. Уключае дэпартаменты Кот-д’Ор, Сона і Луара, Эн, часткова Іона. Пл. каля 30 тыс.км². Нас. 1,7 млн.чал. (1990). Гал. горад — Дыжон. Займае паўд.-ўсх. ўскраіну Парыжскага басейна, паўн.-ўсх. адгор’і Цэнтр. масіву (лясістае плато Марван выш. да 902 м), раўніну па р.Сона, зах. схілы гор Юра. Клімат умераны. Рэкі бас. Соны, Луары звязаны каналамі. Славутая вінаробчая вобласць. Асн.індустр. вузел — раён Ле-Крэзо, дзе развіты здабыча каменнага вугалю, чорная металургія, металаапрацоўка, машынабудаванне. Вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, алейных і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Асн.трансп. вузел — г. Дыжон. Пячоры Арсі-сюр-Кур; рэгіянальны прыродны парк Марван; некалькі курортаў.
У 5 ст. на тэр. рассялення ням. племя бургундаў узнікла каралеўства Бургундыя з цэнтрам у Ліёне. У 534 далучана да Франкскай дзяржавы. У 843 падзелена на 2 каралеўствы: Верхняя (Транс’юранская) і Ніжняя (Цыс’юранская) Бургундыя, якія ў 933 аб’яднаны Рудольфам II у адзінае каралеўства Бургундыя, або Арэлят (цэнтр у Арлі). З 1032 у складзе Свяшчэннай Рым. імперыі. У 14 ст.б.ч. Бургундыі ўвайшла ў склад Франц. каралеўства, паўд.-ўсх.ч. — у склад Швейцарскага саюза. На частцы тэр. каралеўства бургундаў, якая ў 843 адышла да Зах.-франкскага каралеўства, утварылася герцагства Бургундыя са сталіцай у Дыжоне. У 1031—1361 пад уладай пабочнай лініі франц. дынастыі Капетынгаў. У 14—15 ст. бургундскія герцагі пераўтварылі герцагства Бургундыя ў самастойную дзяржаву. Герцаг Філіп Смелы [1364—1404], які заснаваў новую дынастыю бургундскіх герцагаў — Валуа, далучыў да Бургундыі Фландрыю, Артуа і Франш-Кантэ. Яго ўнук Філіп Добры [1419—67] далучыў графствы Булонь, Нідэрланды і Люксембруг. Бургундыя стала моцнай дзяржавай, цэнтрам рыцарскай культуры Зах. Еўропы. Герцаг Карл Смелы [1467—77] імкнуўся далучыць да Бургундыі Латарынгію і Эльзас, але пацярпеў паражэнне ў т.зв. бургундскіх войнах, якія вёў з франц. каралём Людовікам XI. У выніку Бургундская дзяржава распалася. Тэр. Бургундскага герцагства (разам з Пікардыяй) увайшла ў склад Франц. каралеўства і стала правінцыяй Бургундыя з самакіраваннем; у 1790 падзелена на дэпартаменты Сона і Луара, Эн, Кот-д’Ор, Іона. Нідэрл. ўладанні перайшлі да Габсбургаў (канчаткова ў 1482 пасля смерці дачкі Карла Смелага Марыі Бургундскай і спынення бургундскай дынастыі).
Да арт.Бургундыя. Музей прыгожых мастацтваў (былы палац герцагаў Бургундскіх) у Дыжоне. 1682. Арх. Ж. Ардуэн-Мансар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЗЕЛЬ (франц. Moselle, ням. Mosel),
рака ў Францыі, Люксембургу, Германіі, левы прыток р. Рэйн. Даўж. 545 км, пл.бас. 28,2 тыс.км². Пачынаецца на паўд.-зах. схілах Вагезаў, б.ч. цячэння — у Рэйнскіх Сланцавых гарах. Асн. прыток — р. Саар (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 290 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў. Злучана каналамі з рэкамі Марна, Сона. На М. — гарады Нансі, Мец (Францыя), Трыр, Кобленц (Германія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСКАНЯ́Н (Арус Тыгранаўна) (10.5.1899, г. Стамбул, Турцыя — 20.7.1943),
армянская актрыса. Нар.арт. Арменіі (1935). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1908 у Стамбуле. З 1910 выступала ў т-рах Баку, Тбілісі, з 1921 адна з вядучых актрыс Першага Дзярж.т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.Сундукяна). Яе майстэрства адметнае сцэн. культурай, тонкай распрацоўкай дэталей, дакладнасцю сцэн. формы. Сярод роляў: Сона, Сусан («Злы дух», «Намус» А.Шырванзадэ), Антыгона (аднайм. п’еса Сафокла), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра), Кацярына, Кручыніна («Навальніца», «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Марыя Мікалаеўна («Рускія людзі» К.Сіманава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМА́НАЎ (Лютфіяр Муслім аглы) (н. 17.4.1928, г. Сабірабад, Азербайджан),
азербайджанскі спявак (драм. тэнар), педагог. Нар.арт.СССР (1977). Скончыў Бакінскае муз. вучылішча (1957), Азерб.ін-т мастацтваў (1968), выкладае ў ім (праф. з 1986). З 1958 саліст Азерб.т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кёр-аглы («Кёр-аглы» У.Гаджыбекава), Балаш («Севіль» Ф.Амірава), Багатур («Багатур і Сона» С.Алескерава), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Атэла, Радамес («Атэла», «Аіда» Дж.Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Валодае моцным выразным голасам прыгожага тэмбру. Выступае ў канцэртах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯНЭ́ (Lyonnais),
гістарычная вобласць на ПдУ Францыі. Уключае дэпартаменты Луара і Рона. Пл. 8 тыс.км². Нас. каля 2,3 млн.чал. (1995). Гал.’ горад і прамысл. цэнтр — Ліён. Амаль уся тэрыторыя ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на У даліны рэк Сона і Рона. Клімат умераны, у далінах пераходны да міжземнаморскага. Ападкаў каля 1000 мм за год. Развіта прам-сць: металургічная, маш.-буд., эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, харчовая. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бульбу, агародніну, фуражныя культуры. Садоўніцтва і вінаградарства. У гарах пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУА́РА (Loire),
самая доўгая рака Францыі. Даўж. 1012 км, пл. басейна 115 тыс.км². Вытокі ў гарах Севены, цячэ па Цэнтр. Французскім масіве і Луарскай нізіне. Упадае ў паўн.ч. Біскайскага зал. Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Гал. прытокі: Алье, Шэр, В’ена (злева), Сарта з Луарам (справа). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 800 м³/с. Суднаходная ад г. Раан (часткова па абводных каналах), злучана каналамі з рэкамі Сена, Сона, Рэйн. На Л. гарады Арлеан, Тур, Нант (пачатак марскога суднаходства), у эстуарыі — порт Сен-Назер. У даліне Л. — шматлікія замкі 15—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЮТРЭ́ (франц. Solutré),
салютрэйская культура, археал. культура верхняга палеаліту (19—15 тыс.г. да н.э.), якая змяніла арыньякскую (гл.Арыньяк) і перыгорскую культуры і папярэднічала мадлену. Пашырана на тэр. Францыі і Іспаніі. Выяўлена франц. археолагам Г. дэ Мартылье ў 1860-я г. Назва ад стаянкі Салютрэ (дэпартамент Сона і Луара, Францыя). Насельніцтва культуры С. карысталася крамянёвымі наканечнікамі лаўра- ці вербападобнай формы, выкананымі ў тэхніцы адціскальнай рэтушы. Частка іх выкарыстоўвалася ў якасці наканечнікаў коп’яў і дроцікаў, частка — як нажы і кінжалы. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, разцы, праколкі, вастрыі, касцяныя наканечнікі, іголкі з вушкамі і інш.