Скра́га (skraha) ‘скнара, скупы багацей’ (ТС, Пятк. 2), скрагна́, скрэгна́ ‘тс’ (ТС), сюды ж, магчыма, і скразе́нь ‘тс’ (віл., Сл. ПЗБ). Параўн. укр скря́га ‘тс’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 289), рус. скря́га, скры́га ‘тс’. Не мае надзейнай этымалогіі. Найбольш верагодным здаецца збліжэнне з балг. скръ́ндза ‘тс’, скре́жав ‘скупы’, паколькі ўсе гэтыя формы ўзводзяцца да і.-е. *(s)kreng‑, *(s)krengh‑ — назалізаванай асновы, вытворнай ад кораня і.-е. *(s)ker‑ ‘моршчыць, моршчыцца’, што дае значэнне ‘сціснуты, сагнуты’, параўн. балг. сти́снат ‘скупы’ (Бярнар, RÉS, 40, 31). Варбат (Этимология–1970, 70 і наст.) дадае сюды формы, вытворныя ад асновы *kręg‑ ‘сагнутае’, напрыклад, укр. кре́жити ‘берагчы, скупіцца’, якому адпавядае балг. кръ́ндза ‘скнара’ без рухомага s‑; семантычныя паралелі — жмінда (гл.), рус. жмот, прижи́мистый ‘скнара, скупы’. Палескія формы скрагна, скрэгна можна было б, відаць, разглядаць як больш архаічныя, якія ў метатэзаваным выглядзе захавалі зыходнае спалучэнне ‑ng‑, аднак гэта малаверагодна. Запісаны на Тураўшчыне выраз скрэгна́ скрэгні́ць, г. зн. ‘ные, стогне’, скіроўвае пошукі ў бок гукапераймальнай асновы, параўн. скрыгаць, скрогаць, скрэгаць (гл.). Параўн. Фасмер, 3, 659–660 (з аглядам ранейшых версій); ЕСУМ, 5, 289. Гл. таксама скрэнда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАБЗА́Р,

украінскі нар. пясняр і музыкант, які акампануе сабе на кобзе (бандуры). Першыя звесткі пра К. (бандурыстаў) як музыкантаў з Украіны пры дварах польск. каралёў ёсць у польскіх хроніках 15—16 ст. Асабліва былі папулярныя ў Запарожскай Сечы, куды ўцякалі і бел. сяляне, якія пасля прыносілі дадому рэпертуар К., асабліва гіст. песні (напр., «Ой, Марозе, Маразеньку»), У сваіх творах К. выказвалі сац. спадзяванні прац. народа, заклікалі да барацьбы з прыгнятальнікамі. Бралі ўдзел у казацкіх вайск. паходах, бітвах, славілі ў сваіх думах, гіст., быт., жартоўных і сатыр. песнях герояў нар. барацьбы з захопнікамі. Росквіту мастацтва К. дасягнула ў 16—17 ст. Вядомымі гайдамацкімі К. (бандурыстамі) у 18 ст. былі Г.​Кабзар, Д.​Бандурка, В.​Варчанка, П.​Скрага. Вядомыя К. 19 ст.: А.​Шут, І.​Краўчанка-Крукоўскі, А.​Верасай, Ф.​Халодны, М.​Краўчанка і інш. Песні на сучасную тэматыку стваралі І.​Кучугура-Кучарэнка, Ф.​Кушнерык, П.​Носач, Я.​Моўчан, П.​Цішчанка і інш. У 1918 у Кіеве была створана Укр. маст. капэла кабзароў, у 1935 аб’яднаная з Палтаўскай капэлай бандурыстаў (пазней Дзярж. капэла бандурыстаў Украіны). К. выконвалі часам бел. нар. песні. У бел. традыцыі да К. блізкі гусляр.

Літ.:

Лавров Ф. Кобзарі. Київ, 1980;

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 192—203;Лисенко М.В. Характеристика музичних особливостей українських дум і пісень у выконанні кобзаря Вересая. Київ, 1978; Кирдан Б.П., Омельченко А.Ф. Народні співці-музиканти на Україні. Київ, 1980.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скрэ́нда ‘жмінда’ (слонім., Жыв. сл.), ‘кабета заможная, але скупая, якая ўвесь час наракае, што ў яе нічога няма’ (Федар. 4), ‘чалавек, які ўвесь час скардзіцца на што-небудзь, ныцік’, скрэ́ндзіць ‘надакучліва скардзіцца’ (Сл. рэг. лекс.), ‘пішчаць, енчыць, выпрошваць’ (Варл.). Няясна. Магчыма, анаматапеічнага паходжання, параўн. skréndaje, jak kóleso nieszmarówanoje (Федар. 4, 280), серб. косава-мятох. скренцат, скренцам ‘адсутнічаць; памерці’. Беларуска-балгарская ізалекса, параўн. балг. скръ́ндза ‘жмінда’, якое разглядаюць (гл. БЕР, 6, 806; Варбат, Этимология–1970, 70) як другую ступень агаласоўкі да рус. скря́га (гл. скрага) < прасл. *skręga ‘скупы’, аднак гэта не бясспрэчна ў словаўтваральных адносінах. Магчыма параўнаць з рус. пск., цвяр. кре́нить ‘плакаць, хныкаць’, аб якім гл. Варбат, Морфон., 149. Тады *крэ́ніць*скрэ́ніцьскрэ́нда з суф. ‑да, аб якім Сцяцко, Афікс. наз., 34. Гл. яшчэ Коген (Запіскі, 2, 9, 84–95), які, разглядаючы скрэ́нда ‘худая карова’, шкры́нда ‘худы конь або кабыла’, выдзяляе суф. ‑энда, а корань *skъr‑ выводзіць з і.-е. *skr̥‑, захаванага ў літ. skrándas, skránda ‘стары кажух’, лат. skrandas ‘старая ануча’, які ўяўляе ступень кораня і.-е. *sker‑/*skor‑, прысутнага ў ско́рка (гл.), скарэ́ць, літ. skárti, грэч. χείρω ‘рэзаць’, лац. cortex ‘кара’, skortum ‘скура’; ад *skōr‑ выводзіцца скарадзь, скарада (гл.) і грэч. σκῶρ́ ‘гразь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)