...скапія

т. 14, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

-скапія

(гр. skopeo = назіраю)

другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да назірання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАПІЛЯРАСКАПІ́Я (ад капіляры + ...скапія),

метад даследавання ў чалавека крывяносных капіляраў скурнай складкі ногцевага ложа, прасветленага спец. саставамі. Змены, бачныя пры К., не з’яўляюцца строга спецыфічнымі для паталаг. стану; яны ўзнікаюць як прыстасоўны механізм пры парушэнні агульнага крывацёку. Таму К. — дапаўняльны дыягнастычны метад у агульнаклінічных даследаваннях.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФАНАСКАПІ́Я (ад грэч. diaphanēs празрысты + ...скапія),

прасвечванне прыдаткавых пазух носа, вочных яблыкаў для вызначэння іх стану. Пры паталаг. зменах (пухліна, запаленне, іншароднае цела) пашкоджаны бок зацемнены. Д. робяць у зацемненым памяшканні спец. эл. лямпачкай, замацаванай на ручцы або ў спец. метал. капсуле. Д. верхнясківічных (гаймаравых) пазух носа робяць праз рот.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХАСКАПІ́Я (ад бронхі + ...скапія),

візуальны метад даследавання дыхальных шляхоў бранхаскопам (складаецца з трубак розных дыяметраў, асвятляльнага і аптычнага прыбораў). Робяць бронхаскапію пад мясц. анестэзіяй як дыягнастычную і лячэбную працэдуру. Паказанні для бронхаскапіі: выяўленне паталагічных змен трахеі, галоўных і сегментарных бронхаў, выдаленне іншародных цел, падвострыя і хранічныя захворванні з парушэннямі праходнасці бронхаў, лёгачныя крывацёкі, калі неабходна ўзяць матэрыял для біяпсіі ці ўвесці лек. сродкі.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯСКАПІ́Я (ад крыя...+ ...скапія),

фізіка-хім. метад даследавання вадкіх раствораў нелятучых рэчываў. Заснаваны на вымярэнні высокаадчувальнымі тэрмометрамі ці тэрмапарамі паніжэння т-ры замярзання раствору ў параўнанні з т-рай замярзання чыстага растваральніку. Метад прапанаваны франц. вучоным Ф.​Раулем у 1882—88. Выкарыстоўваюць для вызначэння малекулярнай масы растворанага рэчыва, ступені дысацыяцыі слабых электралітаў, тэрмадынамічнай актыўнасці растваральніка і растворанага рэчыва, саставу раствораў, чысціні арган. рэчываў. Гл. таксама Эбуліяскапія.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАСКАПІ́Я (ад лац. intra унутры + ...скапія),

візуальнае назіранне аб’ектаў, з’яў і працэсаў у аптычна непразрыстых целах і асяроддзях або ва ўмовах дрэннай бачнасці. Ажыццяўляецца пераўтварэннем нябачнага вокам відарыса аб’екта (з’явы, працэсу), атрыманага ў інфрачырвоных, рэнтгенаўскіх, ультрагукавых і інш. прамянях (адбітых аб’ектам або вылучаных ім), у бачны відарыс на экране спец. прылады (інтраскопа). Метады і сродкі І., якія выкарыстоўваюцца для неразбуральнага кантролю прамысл. вырабаў і матэрыялаў, падобныя да метадаў і сродкаў дэфектаскапіі, а тэрмін «інтраскоп» — абагульненая назва групы прылад гукабачання, радыёбачання, цеплабачання.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАСКАПІ́Я (ад гастра... + ...скапія),

метад даследавання ўнутр. паверхні страўніка пры дапамозе спец. прыбора — гастраскопа; разнавіднасць эндаскапіі. Гастраскоп — гібкая трубка, унутры якой — аптычная сістэма са шматлікіх кароткафокусных лінзаў і эл. лямпачка. Гастраскапію робяць для дыягностыкі хвароб страўніка (пухліны, язвы, гастрыты), кантролю за дынамікай працэсу, дэталёвага вывучэння слізістай абалонкі. Пры гастраскапіі магчымы дадатковыя маніпуляцыі: дыягнастычныя (біяпсія слізістай абалонкі з гісталагічным і гістахім. даследаваннем, фатаграфаванне ўнутр. паверхні страўніка) і лек. (выцягванне іншародных цел, выдаленне ці дыятэрмакаагуляцыя пухлін, паліпаў, спыненне крывацёку, у т. л. з дапамогай лазера, увядзенне ў страўнік лек. прэпаратаў і інш.).

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКТЫЛАСКАПІ́Я (ад дактыла... + ...скапія),

галіна ведаў, якая вывучае будову ўзораў скуры рук з мэтай ідэнтыфікацыі асобы. На далоневай паверхні канцавых (ногцевых) фалангаў пальцаў рук ёсць рэльефныя лініі (т. зв. папілярныя), якія строга індывідуальныя, адносна ўстойлівыя і здольныя аднаўляцца ў былым выглядзе пры паверхневым парушэнні скурнага покрыва. З улікам відаў і тыпаў скурнага ўзору, іх дадатковых асаблівасцей выводзіцца т. зв. дактыласкапічная формула, якая служыць асновай сістэматызацыі дактыласкапічных картаў у картатэках. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў крыміналістыцы: па адбітках пальцаў рук ажыццяўляюцца: крыміналістычная ідэнтыфікацыя асобы злачынца; устанаўленне злачынца, які быў раней зарэгістраваны як судзімы; ідэнтыфікацыя неапазнаных трупаў; пошук асоб, што прапалі без вестак, і інш. Метады Д. выкарыстоўваюць таксама ў антрапалогіі, медыцыне, банкаўскай справе і інш. галінах навукі, практычнай дзейнасці.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вірусаскапі́я

(ад вірусы + -скапія)

метад мікраскапічнага вывучэння будовы вірусаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)