Све́тка (свѣтка) ‘сведка’ (Нас., Шымк. Собр.), сьве́тка ‘тс’, мн. л. светкі ‘тс’ (Бяльк.; петрык., Яшк. Мясц.): немашака светак (Сержп. Казкі), све́тка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свя́тка ‘тс’ (Скарбы), ст.-бел. свѣтки ‘сведкі’ (1450 г.), светок ‘сведка’ (XVI ст.). Апошняе, згодна з Карскім (1, 275), пад уплывам формы мн. л. свѣтки, ад яго, відаць, і свѣтчити, свѣтчу (1487 г.), што адлюстроўваюць аглушэнне д (Карскі, 1, 274; 2–3, 261), гл. сведчыць. Адсюль запазычана і літ. sviẽtkas ‘сведка’ (Буга, Rinkt., 2, 495), форма з ‑я‑ пад уплывам польск. świadek ‘сведка’. Сюды ж дыял. све́тчыць (свѣтчиць) ‘пацвярджаць; дапамагаць; даносіць’ (Нас.). Станкевіч (Язык, 643) бачыць тут корань ‑вет‑ (*‑vět‑), гл. веціць, адно са значэнняў якога было ‘гаварыць, абвяшчаць’, што, магчыма, паўплывала на першасную форму. Гл. сведка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́так ‘сведка’ (Нас.), свіэток ‘тс’ (Бес.). Гл. сведка; магчыма, пад уплывам польск. swiadek, ‑т‑ з светка, светкі (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́дчыць (сьве́дчыць) ‘пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго-небудзь у якасці відавочцы, сведкі, дасведчанай асобы’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), параўн. ст.-бел. досвѣдчати ‘тс’. Укр. сві́дчити, польск. świadczyć, в.-луж. swědčić, н.-луж. svědcyś, чэш. svědčit, славац. svedčiť, серб.-харв. svjedòčiti, славен. svedóčiti. Дыял. прасл. *svědčiti, дэрыват ад *svědъkъ ‘сведка’. Параўн. таксама светка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́дка ‘той, хто непасрэдна прысутнічаў пры якім-небудзь здарэнні, падзеі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.; Нік. Очерки), сьве́дка (świedka) ‘тс’ (Касп., Пятк. 2), ст.-бел. съвѣдъка побач з свѣдокъ ‘тс’. Укр. сві́дка, сві́док, польск. świadek, в.-луж. swědk, чэш. svědek, славац. svedok, серб.-харв. свјѐдок, славен. svedok, балг. дыял. све́док, макед. сведок ‘тс’. Прасл. *sъvědokъ, *sъvědъkъ ‘сведка’ вытворнае ад прасл. *sъ‑věděti ‘даведацца, ведаць, ведаць добра’ < прасл. *věděti ‘ведаць’ (Карскі, 1, 388; Шустар-Шэўц, 1385–1386; Глухак, 600; ЕСУМ, 5, 194; Борысь, 620). Параўн. таксама рус. свиде́тель, балг. свиде́тел, ст.-сл. съвѣдѣтедь, гэтую форму Махэк₂ (594) лічыць праславянскай, а формы з ‑к‑суфіксацыяй узніклымі пазней, шляхам механічнага скарачэння і замены суф. ‑teľ. Пераход слова да асноў на ‑а можна тлумачыць вынікам аналогіі з назвамі асоб тыпу суддзя, старшыня і інш.; параўн. Карскі 2-3, 15. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 577; Брукнер, 535 і БЕР, 6, 537–538. Гл. таксама светка, свідзецель.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)