САПЁРЫ (франц. sapeur ад saper весці падкоп),

ваеннаслужачыя сапёрных (інж.-сапёрных) часцей і падраздзяленняў. Існуюць у арміях усіх дзяржаў. На Беларусі ўваходзяць у склад асобных інж.-сапёрных батальёнаў і інш. часцей і падраздзяленняў.

Атрады воінаў, якія вялі падкопы пад крапасныя сцены, рабілі завалы ў час абароны гарадоў і інш., вядомы з часоў старажытнасці. У час ваен. дзеянняў воіны ВКЛ таксама рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі праціўніка, напр., у 1535 пад Старадубам у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (1534—37), у 1581 пад Псковам у час Лівонскай вайны (1558—83) і інш. з мэтай іх разбурэння. З пач. 17 ст. ў Францыі, потым у інш. краінах, С. наз. рабочых і салдат, што рабілі падкопы пад крапаснымі збудаваннямі. У далейшым абавязкам С. стала выкананне ўсіх ваен.-інж. работ, звязаных з вядзеннем бою. З 1678 у Францыі, пазней у інш. дзяржавах (у Расіі з пач. 18 ст.) С. аб’яднаны ў спец. часці і падраздзяленні. У Расіі з 1829 піянерныя падраздзяленні (гл. Піянеры) перайменаваны ў сапёрныя (існавалі да сярэдзіны 19 ст.). У пач. 20 ст. часці і падраздзяленні С. уваходзілі ў склад інжынерных войск. У 1941—42 ў складзе сав. войск дзейнічалі сапёрныя арміі (расфарміраваны ўвосень 1942, часці і злучэнні перададзены франтам), потым — інж., інжынерна-сапёрныя і інш. злучэнні і часці. У пасляваенны час на тэр. Беларусі С. праводзілі размініраванне, у т. л. суцэльнае, ахоўвалі і ўмацоўвалі масты, дамбы і інш. збудаванні ў час паводкі, удзельнічалі ў буд-ве метро і інш. У гонар С. у Мінску ў адным з мікрараёнаў наз. вуліца Сапёраў.

Літ.:

Цирлин А.Д. Советские инженерные войска. 2 изд. М., 1969;

Данилов А. Развитие военно-инженерного искусства // Армия. 2000. №6.

І.​А.​Шор.

т. 14, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сапё́р

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. сапё́р сапё́ры
Р. сапё́ра сапё́раў
Д. сапё́ру сапё́рам
В. сапё́ра сапё́раў
Т. сапё́рам сапё́рамі
М. сапё́ру сапё́рах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

прыкрыццё, ‑я, н.

Ахова, заслона. Мы адкрылі агонь і пад прыкрыццём яго выхапілі перабежчыка. Скрыпка. Пад прыкрыццём ночы рыхтуецца нечаканы ўдар па тыле «праціўніка». Жычка. Пад прыкрыццём густога туману сапёры непрыкметна прасунуліся наперад. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РАЗМІНІ́РАВАННЕ,

разведка (выяўленне) міннаўзрыўных загарод, выняцце або знішчэнне мін, зарадаў, боепрыпасаў і інш. выбухованебяспечных устройстваў, а таксама ачыстка ад іх мясцовасці, акваторыі, збудаванняў і інш. Р. бывае частковае, суцэльнае або кантрольнае, у т. л. ў выпадку т.зв. «несапраўднага (падманнага) мініравання»; праводзяць з дапамогай спецтэхнікі і прыстасаванняў (гл. Мінашукальнік) або ўручную (на вадзе выкарыстоўваюць тральшчыкі). У Беларусі выяўленнем і знішчэннем выбухованебяспечных рэчываў займаюцца інж. войскі і спецпадраздзяленні інш. відаў і родаў войск, а таксама МУС, мін-ва па надзвычайных сітуацыях і інш. У пасляваен. час знойдзена і абясшкоджана каля 27 млн. мін і інш. выбуховых рэчываў (штогод гэты паказчык складае 7—12 тыс. адзінак). Воіны, якія паказалі мужнасць, смеласць, высокі прафесіяналізм, з 1995 узнагароджваюцца нагрудным знакам «За размініраванне». Значнасць Р. павялічваецца ў ходзе вядзення мінных войнаў і барацьбы з тэрарызмам.

І.​А.​Шор.

Воіны-сапёры ў час размініравання. Гродна. 1999.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сапёр, ‑а, м.

Ваеннаслужачы сапёрных (інжынерна-сапёрных) часцей і падраздзяленняў. Зноўку ноч. Паўзуць сапёры, На ваду кладуць масты. А. Александровіч. Калі пачаліся баі на Хасане, .. [Мікола], сапёр, быў у страі, размініраваў японскія пазіцыі. Новікаў. Танкісты выглядвалі з люкаў і весела махалі... шлемамі сапёрам, што рамантавалі дарогу. Шамякін.

[Фр. sapeur ад saper — весці падкоп.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здубяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў рухомасць, адчувальнасць ад холаду (пра цела, часткі цела). Вось і сапёры. Адны з іх скончылі сваю працу і грэюць цяпер здубянелыя рукі і ногі. В. Вольскі. // Зацвярдзелы, злубянелы (пра адзенне). Соня пакінула на сябе здубянелы ад сырасці плашч. Гроднеў. Дзядзька памалу закасаў заскарузла-здубянелую зрэбную калашыну, агаліў рану. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Штучна зробленая перашкода. Мінная загарода. Аэрастаты паветранай загароды. □ Сапёры размотвалі скруткі калючага дроту, забівалі ў зямлю калы. Будавалі драцяную загароду. Хомчанка.

2. Агароджа, загарадзь (у 1 знач.). Машына, на якой прыехалі Павел Андрэевіч і прафесар, з павароту паціху прайшла за высокую загароду прасторнага.. двара. Галавач.

3. Тое, што і загарадзь (у 2 знач.). Не прывяла Зося ад бацькі каровы, вось і пустуе загарода ў Верамейчыкавым хляве. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазрыва́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Сарваць, аддзяліць ад галіны, сцябла ўсё, многае. Пазрываць кветкі.

2. З сілай рвануўшы, садраць усё, многае. Салдаты пазрывалі з сябе пагоны і кінулі пад ногі. Няхай. Вецер аканіцы Пазрываў з акон, Каля нашай хаты Ён пашкодзіў клён. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Усю ноч дзьмуў страшны вецер, усе тратуары засыпаны цэглай і атынкоўкай. Пазрывала вялікія лісты бляхі, паабурвала сцены. Лужанін. // Сапсаваць усё, многае. Пазрываць разьбу.

пазрыва́ць ​2, ‑ае; зак., што.

Зрыць што‑н. у многіх месцах, зрыць усё, многае. Сапёры пазрывалі ўсё поле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разведаць (у 1 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. разведаць (у 2 знач.); абследаванне з мэтай збору спецыяльных звестак, даных. Разведка карысных выкапняў.

3. Вайсковая група, падраздзяленне і пад., якім даручаецца збор звестак аб праціўніку. Разведка і сапёры прабраліся ў размяшчэнне праціўніка ўдала, без аднаго стрэлу. Мележ. Разведка данесла, што ў вёску.. прыбылі немцы. Брыль.

4. Здабыванне звестак аб эканамічным і палітычным становішчы іншых дзяржаў і аб стане іх узброеных сіл; арганізацыя, група асоб, занятая здабываннем такіх звестак. Агентурная разведка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разрадзі́ць, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак., што.

1. Выняць зарад (з агнястрэльнай зброі). Загадаўшы малому адысці ,.. [бацька] асцярожна разрадзіў .. [гранату], разабраў на дробныя часткі, а запал закапаў у зямлю. Мележ. Бомба не ўварвалася. Праз гадзіну яе разрадзілі сапёры, якіх выклікалі з горада. Шамякін. // Вызваліць зброю ад зарада, патрона і пад., стрэліўшы з яе. [Сяргей] толькі памятаў, што амаль увесь дыск свайго аўтамата разрадзіў у легкавую машыну, і яна загарэлася высокім полымем. Шахавец.

2. Пазбавіць электрычнага зараду (якое‑н. цела, прыбор). Разрадзіць акумулятар.

3. перан. Ліквідаваць напружанасць, аслабіць сілу дзеяння, праяўлення чаго‑н. Разрадзіць міжнародную напружанасць. Разрадзіць атмасферу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)