Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЦІНА САМАРО́ДНАЯ,
мінерал класа самародных элементаў. У крышталёвай структуры П.с. плаціна з’яўляецца металам-растваральнікам. Мінералы П.с.: цвёрдыя растворы жалеза ў плаціне — уласна П.с. (Pt больш за 80%), жалезістая плаціна (Fe 20—50%), ізафераплаціна (Pt3Fe), тэтрафераплаціна (PtFe); ірыдыстая плаціна (10,4—37,5% Ir), паладыстая плаціна (14—40% Pd), паладыстая станаплаціна (16—23% Sn і 17,2—20,9% Pd) і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Украпанікі, у россыпах — зерні. Колер сталёва-шэры, сярэбрана-белы. Цв. 3,5—5,5. Шчыльн. 13,1—21,5 г/см³. Коўкі. Найб. самародкі знойдзены на Урале ў дунітах (маса 427,5 г) і алювіяльных россыпах (9635 г) Мінералы П.с. канцэнтруюцца ў радовішчах плацінавых руд. Сыравіна на плацінавыя металы.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ПЛА́ЦІНАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць плацінавыя металы ў прамысл. канцэнтрацыях. Гал. мінералы: плаціна самародная, паліксен, фераплаціна, плаціністы ірыдый, неўянскіт, сысерцкіт і інш. Карэнныя радовішчы пераважна магматычнага паходжання, маюць канцэнтрацыі плаціны ад доляў грама да некалькіх кілаграм на тону. Гал. здабыўныя краіны: Паўд. Афрыканская Рэспубліка, ЗША, Зімбабве, Канада, Калумбія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
самаро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які сустракаецца ў прыродзе ў хімічна чыстым выглядзе. Самароднае золата. Самародная медзь.// Які ўтрымлівае самародкі (у 1 знач.), з самародкамі. Самародныя россыпы.
2. Прыродны, які развіўся без сістэматычнай адукацыі, выхавання. Самародны талент. □ У ім [Сымоне] прачнуўся самародны практык-аграном; гаспадарчая яго інтуіцыя, звыкласць — сагнала з яго ранейшае сумненне.Чорны.// Уласцівы самародку (у 2 знач.), дасканалы ў творчых адносінах. У.. [К. Каганца] вынікалі такія вершы, як «Кабзар».. — рэч самародная, веючая народныя духам і пакідаючая моцнае ўражанне.Багдановіч.[Ян Каспровіч] прызнаў «Песню» [«Песню пра зубра» М. Гусоўскага] творам самародным І прыкмеціў уплыў Гусоўскага на творчасць Адама Міцкевіча, асабліва на паэму «Пан Тадэвуш».У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АЛЬМАДЭ́Н (Almaden),
ртутнае радовішча ў Іспаніі, самае вял. ў свеце і унікальнае па якасці руды. Распрацоўваецца з 1-га тыс. да н.э. Руды — кварцыты ў ніжнепалеазойскіх сланцах, маюць у сабе кінавар і самародную ртуць (да 1/20). У 1980-я г. здабыча ў межах 1,2—2 тыс.т металу. Запасы ацэньваюцца ў 250 тыс.т. Здабыча вядзецца ў глыбокіх шахтах. Самародная ртуць, якая сцякае ў ачышчальныя вырабаткі, збіраецца асобна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНДРЫ́Т (ад грэч. dendron дрэва),
крышталічнае ўтварэнне некат. мінералаў, металаў, сплаваў, штучных злучэнняў, якое мае дрэва-, папарце-, моха-, зоркападобную і інш. формы. Утвараецца з расплаву, раствору, пары або газу пры хуткай крышталізацыі рэчыва ва ўмовах сціснутасці росту (напр., у тонкіх трэшчынах, грыфонах — месцах выхаду газавых струменяў), у вязкім, перанасычаным або рыхлым гліністым асяроддзі, пры металургічных працэсах, штучным вырошчванні крышталёў. У прыродзе Д. звычайна — самародная медзь, золата, серабро, таксама лёд, нашатыр, піралюзіт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУ́ТНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы ртуці. Гал. рудны мінерал — кінавар (мае ртуці 86,2%), другасныя — метацынабарыт, самародная ртуць, лівінгстаніт і інш. Р.р. падзяляюцца на вельмі багатыя або штуфныя (5—10% і больш Hg), багатыя (каля 1%), радавыя (0,2—0,3%), бедныя (0,06—0,12%), убогія (0,02—0,06%) і ртуцьзмяшчальныя (0,01—0,00001%). Паклады пластападобныя і кантактавыя, жылы, гнёзды, штокверкі. Радовішчы нізкатэмпературныя гідратэрмальныя, радзей вулканагенныя, адзначаны выпадкі сучаснага адкладу ртуці з вод тэрмальных крыніц (штат Невада, ЗША; Новая Зеландыя; Камчатка). Найб. значныя запасы Р.р. у Іспаніі, Італіі, ЗША, Турцыі, Алжыры.