рэ́яць, 1 і 2 ас. не ўжыв., рэ́е; незак.

1. Лятаць плаўна; лунаць.

У паднябессі рэяў каршун.

2. Плаўна развявацца.

Рэюць сцягі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рэ́яць

дзеяслоў, незакончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. - -
2-я ас. - -
3-я ас. рэ́е рэ́юць
Прошлы час
м. рэ́яў рэ́ялі
ж. рэ́яла
н. рэ́яла
Дзеепрыслоўе
цяп. час рэ́ючы

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

рэ́яць несов. ре́ять

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

рэ́яць, рэе; незак.

1. Лятаць плаўна і лёгка; лунаць. За акном у небе сінім Рэе голуб — белы цвет. А. Александровіч. Недзе, пад намі, Кружылі спалохана хмары, Ды адзінокія рэялі ў небе арлы. Танк.

2. Развявацца (пра сцяг). І там, дзе ў бітве сцяг наш рэяў, Цяпер узняўся новы дом. Прыходзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рэ́яць1 ’ліцца, цячы струменем (пра кроў)’ (Юрч., Юрч. Сін.), ’цячы, нястрымна ліцца’ (Сцяшк. МГ). Укр. ріять ’раіцца (пра пчол)’, рус. ре́ять ’цячы; ляцець; падаць’, серб., харв. рѐвати ’ліцца; раўці’. Прасл. *rějati, корань rěj‑, і.-е. база *(e)rei‑/*roi‑/*rī‑ са значэннямі ’цячы, струменіць; імкнуцца’ (Чарных, 2, 115). Чаргаваннем галосных звязана з рынуцца (гл.), рой (гл.) (Фасмер, 3, 480).

Рэ́яць2 ’плаўна лятаць; лунаць’, ’развявацца (пра сцяг)’ (ТСБМ). Рус. ре́ять, балг. рея се ’тс’. Другаснае значэнне; развілася на базе ’цячы, струменіць; імкнуцца’. Гл. рэяць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́йба ’дарадчык’ (Сцяцко, Афікс. наз., 33). Ад раіць пры дапамозе суф. -ба. Значэнне асобы паводле дзеяння (там жа). Гл. ра́йца, ра́йка2.

Райба́ ’раенне’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. ройба ’тс’. Параўн. рус. дыял. ройба ’адлёт маладых пчаліных роеў’, польск. rójьba/rójka ’шуканне пчоламі новага месца пасялення, рою’. Вытворнае ад прасл. *roj < і.-е. *roi‑/*rei‑ ’ток, бег, імкненне, хуткасць’, што развіваецца ў *rějati ’віцца, лятаць’ (спачатку пра птушак, насякомых) — параўн. далейшае развіццё семантыкі ў бел. рэяць ’лятаць плаўна і лёгка, лунаць, развівацца’, рус. реять ’тс’. Форма райба́ прадстаўляе сабой аддзеяслоўнае ўтварэнне па мадэлі: пасціпасьба, рэзацьразьба, адпаведна рэяцьрайба. Булыка (Лекс. запаз., 16) сцвярджае, што варыянт ройба (сустракаецца ў ст.-бел. помніках з 1540 г.) з’яўляецца запазычаннем з польскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́вень1 ’рэвень’ (ТСБМ). З рус. ревень, якое з тур. rävänd ’тс’ < пярс. rāvend ’тс’ (Фасмер, 3, 454). Паводле Праабражэнскага, запазычана з цюрк. раве́нд або, магчыма, з рум. revent (2, 191). Паводле Брукнера, польск. rzewień з рус. ревень < грэч. rheion, якое выводзяць ад старажытнай назвы Волгі Rha (Брукнер, 456).

*Рэ́вень2, рэвынь ’невялікая студня на балоце’ (Нар. сл.), ’прыродная яма на балоце, дзе звычайна ловяць рыбу’ (Яшк.), рэвэнь ’ямка з вадой, крыніца’ (малар., Нар. лекс.). Укр.-палес. мікратапонімы: Ревине болото, рака і балота Ревна; рус. дыял. ревень ’калодзеж’, раве́нь ’тс; лагчына, дзе ўвесну стаіць вада’, балг. ровѝна ’роў, яма’. Бадуэн дэ Куртэнэ звязвае з роў1, рыць (гл.), прыводзячы ў падтрымку гэтай версіі іншую назву калодзежа ко́панец < ка́паць (Даль₃, 3, 1461), але значэнне ’крыніца’ наводзіць на думку аб сувязі з рэяць ’цячы, струменіць’ (гл. рэяць1). Відаць, дзве розныя па паходжанні лексемы маглі з часам супасці па форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здрой ’крыніца’ (Сл. паўн.-зах.), здруй (Бельск. пав., Яшкін) ’тс’. Ст.-бел. здрой ’тс’ з польск. zdrój ’крыніца’. Булыка, Запазыч., 120. Zdrój з устаўным d і менай o > ó (чэш., славац. zdroj < польск. у XIX ст.) з jьz‑roj‑ь (як і ц.-слав. изрой ’семязвяржэнне’, Міклашыч, Lex. palaeosl.), аддзеяслоўнага (jьz‑ri‑nǫ‑ti) назоўніка з чаргаваннем галосных i — oi — ě (параўн. рэяць) у корані (гл. рой, рынуць). Форма зрой (Сл. паўн.-зах.) хутчэй за ўсё з другасным спрашчэннем групы зычных. Формы здрай (Сл. паўн.-зах.), здра́я (Яшкін) адлюстроўваюць нейкія народна-этымалагічныя збліжэнні (можа, з рай?). Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 434; Махэк₂, 713; Фасмер, 3, 496.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́нуць ’рынуцца’, ’кінуць’ (ТСБМ), ры́нуцца ’імкліва кінуцца, хлынуць’ (ТСБМ, Гарэц.), рынуцца, рынацца ’легчы адпачыць пасля цяжкай работы’ (віл., паст., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́нуць ’кінуцца, рынуцца імкліва’ (ТС, Нар. Гом.; б.-каш., Шпіл.), ’упасці’, ’кінуць’ (Яруш.; Янк.), ри́нутый ’кінуты’, ри́нуць ’кінуць’, ’пакінуць’, ри́нуцьца ’рушыць’, ’кінуцца’, ’упасці’ (Нас.), рус. ри́нуть, дыял. взры́нуть ’ускіпець’, ’раздражніцца’, взры́нуться ’уз’есціся’, укр. ри́нути ’моцна цячы’, ст.-рус. ринути ’кінуць, піхнуць’, риятися ’злавацца’, славац. rinúť, чэш. řinouti se ’ліцца’, славен. ríniti ’соваць, рухаць’, ’давіць’, серб.-харв. rȉnuti ’піхнуць’, ри̏нути се ’рынуцца, ’кінуцца’, ’стукнуцца’, нарнути ’злосна забрахаць, накінуцца’, мак. рине ’кідаю’, балг. ри́на ’разграбаю, ачышчаю’, ст.-слав. ринѫти ’кінуцца’. Прасл. *rinǫti sę ’цячы, ліцца’, ’біць ключом’ (Копечны, 307). І.‑е. база *erei‑ ’цячы’ з коранем *er ’рушыць’, ’зрушыць’. Роднаснае да ст.-інд. rin̥ati, rín̥vati ’застаўляе цячы’, ’выпускае’, ríyate ’пачынае цячы’, грэч. ὀρῑ́νω, лесб. ὀρῑννω ’прыводжу ў рух, узбуджаю, раздражняю, лац. rivus ’ручай’, ir‑rito ’раздражняю’, ірл. rían ’мора’, гальск. Renos ’Рэйн’. Далей звязана з рой, рэ́яць, рака́. (Фасмер, 3, 484 з літ-рай; Скок, 3, 144; Сной у Безлай, 3, 181).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шуга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Гарэць яркім полымем з успышкамі агню. На горад безупынна сыпаліся бомбы, кругом шугалі пажары. Няхай. [Юновіч] расказаў пра дровы, што шугаюць у печы, пра акно, ружовае ад ранішняга сонца. М. Стральцоў. Ярка шугалі падпаленыя імі [немцамі] саламяныя стрэхі, рассыпаючы вакол траскучыя іскры. Якімовіч. Маўчыць незнаёмы... Лучына шугае; Дзеці ў куточку сядзяць; Слёзы кабета рукой абцірае. Чарот. // Палаць, гарэць інтэнсіўна (пра полымя, агонь). Весела шугаў агонь, патрэскваў яловы сухастой. Паўлаў. Там, за лесам, полымя шугае, Цягнуцца пад неба языкі. Тармола. // Вырывацца, вылятаць адкуль‑н. (пра полымя і пад.). Высока ў неба ляцелі іскры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Шугаюць хвалі полымя з вокнаў і ўваходаў вестыбюля вакзальнай камяніцы. Шынклер. // Вылучаць гарачыню, абліваць гарачынёй. Ліпнёвае сонца шугае, Завялі на ліпах лісты. Грахоўскі. // перан. Праяўляцца, праходзіць бурна, імкліва. На дварэ шугала вясна — чуваць было, як дружна ціліўкалі птушкі, кудахталі куры. Гроднеў. [Яругін] добра зведаў, як кепска быць эвакуіраваным, бо ўся сям’я тады галадала, хоць жыла не на правым беразе Волгі, дзе шугала вайна, а на левым, дзе вайны не было. Карамазаў. Навокал шугаў май, шугаў пышна, усімі фарбамі, усімі пахамі вясны. Новікаў. На дварэ шугала навальніца. Сачанка.

2. Выпраменьваць яркае святло, свяціцца яркім няроўным святлом; палымнець. Палярнае ззянне шугала Вясёлкавым дзіўным святлом. Хведаровіч. За акном не пераставала шугаць бліскавіца, грымеў пярун. Броўка. Уперадзе, недзе, мабыць, пад Мінскам, чуліся выбухі, шугала крывавае зарава... Ставер.

3. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угору (пра полымя, дым, іскры і пад.). З вокнаў валіў чорны дым, языкі агню шугалі ўверх. Гурскі. Час ад часу з трубы цягніка шугалі залацістым роем іскры. Машара. З труб .. [парахода] шугаў чорны дым. Ус.

4. Прыліваць да твару (пра кроў). Кроў шугае ў твар, даўкі камяк перасядае ў горле — і адразу цяжка, невыносна цяжка дыхаць. Савіцкі.

5. Моцна, парывіста дзьмуць; урывацца куды‑н. (пра вецер, туман, пару і пад.). Калючы парыўны вецер агнём шугаў у твар Люсі. Шашкоў. У твар байцам шугала гарачае паветра, над галавой свісталі асколкі. Шамякін. Цяпло шугае ў твар, весяліць цела і сэрца. Любата! Васілевіч. / у безас. ужыв. На Валю шугае туманам. Брыль. // Біць, моцна сячы (пра снег, дождж і пад.). Некалькі разоў па дарозе находзілі хмаркі і шугаў дождж. Кулакоўскі. Слухала [князёўна], як шуміць за акном вецер, як шугае па аканіцах снег, як час ад часу спяваюць пеўні. Лупсякоў.

6. Калыхацца, хвалявацца, біць, шумець і пад. (пра мора, хвалі). І хмары, здавалася, нават, радзелі, і хвалі нібыта шугалі не так. А. Вольскі. Пырскі б’юць нам у твары, ляцяць з Байкала, мора слаўнае наша шугае да скал. Русецкі.

7. каго-што. Падкідаць каго‑н. на руках; гушкаць. — На ўра! На ўра! Пісара падхапілі на рукі і пачалі шугаць. Колас. // Гайдаць, калыхаць што‑н. або чым‑н. А .. [рака] холадна шугала нястрымныя хвалі свае. Шынклер. Пыхала нядужая бліскаўка, і шугаў рабінаю вецер. Гарэцкі.

8. Хутка, рэзка падымацца ўгору; узлятаць. І ледзь паспявалі птушкі шугаць угару з-пад ног, калі сваёй лапатушкай дзед падцінаў мурог. Макарэвіч. // Хутка, імкліва лётаць, праносяцца ў паветры і пад. Шугаюць веерам ля хат чароды розных птушак. Ставер. // перан. Узнімацца ўверх, высіцца. Паабапал чыгункі тырчаў рэдкі жухлы хмызняк, толькі сям-там у неба шугалі велічныя ў сваёй адзіноце гонкія сосны. Васілёнак. У неба шугае касцёл. Сіпакоў.

9. Разм. Ісці, выбірацца адкуль‑н. Бацька пагладзіў Уладзіка. — Ідзі, сынку, дамоў. Толькі, як з лесу выйдзеш, шугай асцярожна. Ідзі жытам. Бядуля. — Добра, скажы, праз мінут дзесяць буду. [Абходчык:] — І шугай адсюль. Пабочным па палатне хадзіць забаронена. Курто. // Насіцца, вельмі хутка перамяшчацца. Між галля яна [вавёрка] шугае, Як маланка, лётае. Агняцвет. Там недзе нячутна шугаюць за спажываю вялізныя, як бярвенні, ненажэрныя шчупакі. Брыль.

10. Узмахваць (звычайна крыламі). / у вобразным ужыв. Бач, як над светам вясна Ўжо крыламі шугае! Чарнышэвіч.

11. Развявацца, лунаць, рэяць, трапятаць. Сёння сцяг наш над Мінскам шугае, Горад любы ізноў ажыве. Астрэйка. Ды сцяг, Што хацелі фашысты Тут ботам тупым растаптаць, У небе шугаў, прамяністы, Паспеўшы ўжо полымем стаць. Гаўрусёў. // перан.; каго. Разм. Трэсці, калаціць. Гаварыў Сымонка з імі [авечкамі], Дый самога страх шугаў. Колас.

12. Добра расці, хутка развівацца; буяць. Каноплі там шугалі, лён, Пшаніца, бульба, грэчка, віка, Ды бушавалі буракі. Валасевіч. Сухое сучча абрэжа нечы клапатлівы нож, а то і проста птушкі паабломліваюць, і дрэўца зноў пачне шугаць. Лобан. / у перан. ужыв. Яшчэ ніколі маладыя паэтычныя парасткі не прабіваліся так напорыста і паўсямесна і не шугалі так хораша і дружна, як у самы апошні час, як сёння. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)