РЭ́ЙТАН Тадэвуш [1742 ?, в Грушаўка Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. (ахрышчаны 20.8.1742 у г. Ляхавічы) —8.8.1780], палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў са шляхецкага роду — уладальнікаў Грушаўкі. Вучыўся ў піярскай школе і Калегіуме Нобіліум у Варшаве. Служыў у войску. Паводле некат. звестак, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Быў абраны паслом ад Навагрудскага пав. на сойм 1773—75, дзе планавалася зацвердзіць 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Навагрудскага пав. С.Корсакам і ад Мінскага пав. С.Багушэвічам рашуча супрацьдзейнічаў гэтай анексіі, перашкаджаў утварэнню на сойме канфедэрацыі, якая б зацвердзіла такі падзел. Але большасць паслоў сойма, падкупленая замежнымі дзяржавамі, не падтрымала яго. 1.12.1773 Р. склаў маніфест, дзе канстатаваў нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў пра падзел Рэчы Паспалітай. Страціў розум і вывезены ў Грушаўку. Скончыў самагубствам. Яшчэ сучаснікі лічылі Р. нац. героем, Чатырохгадовы сойм 1788—92 абвясціў Р. «вартым нац. жалобы», а яго дзеянні — «узорам для пераймання». Р. прысвечаны шматлікія маст. творы, у т. л. карціна Я.Матэйкі. У сярэдзіне 19 ст. ў Грушаўцы быў устаноўлены бюст Р. (цяпер у Нац. музеі ў Кракаве), у 1993 — мемарыяльны знак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ШАЎКА,
вёска ў Нацкім с/с Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 4,5 км ад Ляхавіч, 240 км ад Брэста, 10 км ад чыг. ст. Райтанаў. 93 ж., 38 двароў (1997). Помнік архітэктуры — сядзіба (19 — пач. 20 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як маёнтак. Належала Барбары Радзівіл, М.Залескаму, Рэйтанам, Грабоўскім. Пры Рэйтанах у 18 ст. створаны сядзібны комплекс (пл. 14 га) і пастаўлены мураваны сядзібны дом у стылі класіцызму. Тут нарадзіўся і памёр навагрудскі пасол Т.Рэйтан. У 2-й пал. 19 ст. ў маёнтку пабудаваны новы вінакурны завод, паравы млын, пашырана штучнае возера, прасвідраваны артэзіянскія калодзежы. У канцы 19 — пач. 20 ст. пастаўлены новы сядзібны дом у стылі мадэрн, у ім былі карцінная галерэя, паляўнічая зала. У 1905 адкрыты прытулак для дзяцей, шпіталь. У Вял.Айч. вайну ў Грушаўцы размяшчаўся санаторый для лётчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́ЙКА ((Matejko) Ян) (24.6.1838, г. Кракаў, Польшча — 1.11.1893),
польскі мастак; стваральнік нац.гіст. жывапісу. Ганаровы чл. Парыжскай, Берлінскай і Урбінскай АМ. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1852—58; з 1873 яе дырэктар) у В.Статлера і У.Лушчкевіча, у АМ у Мюнхене (1858—59) і Вене (1859—60). З 1860 у Польшчы, падтрымліваў паўстанне 1863—64. Ствараў шматфігурныя, поўныя экспрэсіі і нац.-рамант. пафасу карціны, прысвечаныя гісторыі Рэчы Паспалітай, у т. л.бел. зямель. У ранні перыяд сюжэты будаваў на канфліктным супастаўленні вобразаў своекарыслівай шляхты і патрыётаў: «Казанне Скаргі» (1863—64), «Рэйтан — заняпад Польшчы» (1865) і інш. У творах канца 1860—70-х г. услаўляў мінулае Польшчы: «Люблінская унія» (1869), «Стафан Баторый пад Псковам» (1872), «Уздым звона Жыгімонта», «Бітва пад Грунвальдам» (абодва 1878). Работы 1880-х г. вызначаюцца пэўнай пампезнасцю і тэатралізаванасцю: «Пруская прысяга» (1882), «Ян III Сабескі пад Венай» (1883), «Касцюшка пад Рацлавіцамі» (1888) і інш. Аўтар партрэтаў Станчыка (1862), Ю.Дзітла (1864), М.Каперніка (1875), К.Падлеўскага (1882), аўтапартрэтаў (1892 і інш.), цыклаў «Гісторыя цывілізацыі ў Польшчы» (1888—89), «Партрэты польскіх князёў і каралёў» (1890—91), манум. размалёвак у Марыяцкім касцёле ў Кракаве (1889—91) і інш. Зрабіў серыю дакумент. замалёвак (т.зв. «Слоўнік»), частка якіх была выдадзена ў альбоме малюнкаў «Касцюмы ў Польшчы» (1860).
Я.Матэйка. Аўтапартрэт. 1892.Я.Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878.
Літ.:
Мытарева К.В. Матейко. Л., 1963;
Островский Г. Ян Матейко. М., 1965;
Стажиньский Ю. Ян Матейко: Пер. с пол. Варшава, 1973.