РУБА́НАЎ (Сяргей Фёдаравіч) (7.10.1914, в. Жабыкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 13.1.1987),
бел. вучоны-педагог. Канд.пед.н. (1969). Герой Саи. Працы (1968). Засл. настаўнік Беларусі (1957). Бацька А.С.Рубанава, У.С.Рубанава. Скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1948). З 1934 настаўнічаў. У 1948—87 дырэктар сярэдняй школы № 10 г. Слуцк Мінскай вобл. (цяпер імя Р.). Навук. працы па праблемах методыкі выкладання матэматыкі, духоўна-патрыят. выхавання навучэнцаў.
Тв.:
Руководство учебно-воспитательной работой в школе. Мн., 1966;
Школа и жизнь. Мн., 1967.
Літ.:
Пастрон Г. Мужество повседневного труда // Труд, талант, доблесть. Мн., 1981. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 17.2.1958, Мінск),
бел. сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1994), канд.філас.н. (1988). Скончыў БДУ (1981). З 1988 у Ін-це філасофіі і права, з 1993 у Ін-це сацыялогіі Нац.АН Беларусі. Адначасова з 1999 нам. дырэктара Мінскага НДІсац.-эканам. і паліт. праблем. Навук. працы па праблемах сац. развіцця, сац. экалогіі, сацыялогіі, палітыкі, культуры і адукацыі, сац.-псіхал. механізмах масавых паводзін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ (Уладзімір Сяргеевіч) (5.9.1938, г. Слуцк Мінскай вобл. — 5.12.1990),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1976). Сын С.Ф.Рубанава. Скончыў БДУ (1960). З 1961 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па оптыцы і лазернай фізіцы. Прапанаваў і даследаваў некалькі новых тыпаў лазерных гіраскопаў і акселерометраў. Прадказаў і даказаў (разам з Л.М.Арловым) існаванне з’явы палярызацыйнай і палярызацыйна-частотнай неўзаемнасці. Даследаваў уплыў палярызацыі святла на асаблівасці ўзнікнення жывой матэрыі ў Сусвеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ (Уладзіслаў Якаўлевіч) (15.12.1952, в. Аляксандраўка 1-я Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.7.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). Працаваў у друку, у т. л. ў час. «Полымя», з 1986 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1972. У кн. «Вокны без фіранак» (1981) даследаваў маральна-этычныя і сац.-псіхал. аспекты жыцця вёскі і горада, духоўны свет сучасніка, праблемы чалавека ў горадзе. У зб-ках апавяд. і аповесцей «Пахі адталай зямлі» (1984), «Цёплы пух адуванчыкаў» (1987), «Таямніца птушынага гнязда» (1989, Літ. прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І.Мележа 1990), «Светлы ручай любві» (1990) імкнуўся паказаць лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокастаноўчыя рысы характару вяскоўцаў старэйшага пакалення: працавітасць, гаспадарлівасць, любоў і прыхільнасць да зямлі, прыроды. Паэтычны вобраз Мінска стварыў у аповесці «Каштаны» (1982). Аўтар рамана «Не аднойчы забіты» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 12.9.1936, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. фізік. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. 1989), д-рфіз.-матэм.н. (1976), праф. (1981). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Сын С.Ф.Рубанава. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (з 1978 заг. лабараторыі). Адначасова з 1996 старшыня савета Бел.рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па лазернай фізіцы, кагерэнтнай оптыцы і галаграфіі. Распрацаваў фіз. асновы дынамічнай галаграфіі. Выявіў новую фіз. з’яву — абарачэнне хвалевага фронту святла пры чатыроххвалевым узаемадзеянні. Распрацаваў эфектыўныя метады пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў, апрацоўкі аптычнай інфармацыі, вызначэння ўласцівасцей рэчыва, узбуджэння гіпергуку. Дзярж. прэмія Беларусі 1976. Дзярж. прэмія СССР 1982.
Тв.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);
Тепловой режим твердотельных оптических кванговых генераторов. М., 1973 (разам з Б.Р.Беластоцкім);
Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.