Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗО́ (Рахіль Эфраімаўна) (н. 6.2.1910, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-рмед.н. (1965), праф. (1966). Скончыла Маскоўскі ун-т (1930) і Мінскі мед.ін-т (1940). У 1949—80 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па кардыялогіі дзіцячага ўзросту.
Тв.:
Пособие по педиатрии для врачей. Мн., 1969 (разам з І.Н.Усавым);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВЕ́ЗДАСЛАЎ (Hviezdoslav) Павал [сапр.Орсаг
(Országh); 2.2.1849, Вышні Кубін, Славакія — 8.11.1921], славацкі паэт. Рэфарматар славацкай мовы і стылістыкі. Дэбютаваў нізкай вершаў «Паэтычныя першынцы» (1868). Аўтар цыклаў «Сны маладосці» (1877),
«Санеты» (1882—86), «Псалмы і гімны» (1882—92), «Парасткі» (1885—93), «Праходкі вясною» і «Праходкі летам» (абодва 1898), «Скрухі» (1900—15), «Водгулле» (1909—19), «Крывавыя санеты» (1914); эпічных паэм «Леснікова жонка» (1886), «Эжа Влкалінскі» (1890), «Габар Влкалінскі» (1897—99); філас.-этычных твораў на біблейскія сюжэты (паэмы «Рахіль», 1892; «Каін» і «Сон Саламона», абедзве 1900; трагедыя «Ірад і Ірадыяда», 1909, і інш.). Перакладаў творы У.Шэкспіра, А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Міцкевіча, Ш.Пецёфі, І.В.Гётэ і інш.
Тв.:
Spisy. Sv. 1—12. Martin;
Bratislava, 1951—57;
Бел.пер. — З «Крывавых санетаў» // Славацкая паэзія. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЧО́Ў (Аляксандр Анатолевіч) (11.1.1955, г.п. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 5.12.1987),
бел. жывапісец. Прафесійнай маст. адукацыі не атрымаў. Жыў пераважна ў г. Рэчыца Гомельскай вобл. У 1973 працаваў у Ленінградзе, дзе склаўся як мастак пад уплывам нефармальнага маст. асяроддзя. Працаваў у сюррэалістычнай манеры. Аўтар карцін на біблейскія («Рахіль», «Майсей», абодва 1976; «Укрыжаванне»,1977; «Андрэй Першазваны»,1980; «Ісус Хрыстос», 1983; «Іакаў», 1985; «Прарок», 1987) і міфалагічныя («Персефона», 1984—85; «Дрыяда», 1985—87) тэмы, партрэтаў («Аўтапартрэт», 1986—87), нацюрмортаў («Нацюрморт з люстэркам» з серыі «Магія», 1982 і інш.). Работам уласцівы лесіровачная манера пісьма, скрупулёзная прапрацоўка дэталей, імкненне да сімвалічнасці і метафарычнасці («Маленне пра чашу». 1981; «Магія», 1983—84; «Алегорыя мастацтва», 1983—87; «Ля крыніцы», 1987). У 1988 на кінастудыі «Беларусьфільм» пра І. зняты фільм «Не плачце па мне» (рэж. А.Алай).
Літ.:
Алай А.И. Встречи на всю жизнь: Зап. кинооператора. Мн., 1989.