Рамяно́ ’плячо’, ’частка адзежы, што на плячо надзяецца’ (воран., іўеў., астрав., Сл. ПЗБ). Праўн. рус. плечики ’тс’. Перанос ад ра́ме (гл.) і выраўноўванне асноў з Н. скл. мн. л. рамёны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́ма ’плячо’ (Гарэц. 1). Няясна. Гл. раме, рамяно.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Рамяна, ст.-бел. рамяно ’вельмі, моцна’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. старое рус. рамя́но ’вельмі’, ц.-слав. рамѣно ’тс’, славен. rámeno ’моцна, вельмі, далёка’, славац. ramenito ’моцна’. Звязваюць з ст.-ісл. rammr ’моцны, востры’, ст.-в.-ням. irmin ’моцны’, алб. jerm ’шаленства’, літ. er̃mas ’пачвара, жах’, ę̃rms, ęr̃ms ’малпа; незвычайная з’ява’, арм. arman ’цуд’ (Міклашыч, 273; Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 149).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыра́мак ’каўнер’ (Юрч.), ’пагон (наплечны знак адрознення)’, прыра́мка ’наплечнае ўпрыгожванне ад каўнера да рукава’ (ашм., Стан.), прыра́мкі ’кавалкі палатна, якія падшываюцца пад плечы ў сарочках’ (смарг., Шатал.), ’палоскі, накладкі на плячах мужчынскай кашулі’ (Ян.), прыра́мык ’істужка палатна, нашытая наперадзе у рубашцы, у якой праразаюцца петлі для зашпільвання’ (Бяльк.). Гл. ра́ме, рамяно́) ’плячо’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ме ’плячо’ (Нас., Сл. ПЗБ), ра́мя ’тс’ (Байк. і Некр.), рамяно́ ’тс’ (Сл. ПЗБ), рамёнак ’плечавая костка’ (Стан., Байк. і Некр.), ст.-бел. раме (XVII ст., Карскі 2-3, 18), рамо ’тс’ (Сл. Скар.), ра́мя ’рукаў ракі’ (Байк. і Некр.), ра́мʼя ’тс’ (мазыр., Яшк.); параўн. укр. ра́мʼя /ра́мено ’тс’, рус. дыял. ра́мо, рамена́ ’плячо, плечы’, польск. ramię ’тс’, в.-луж. ramjo/ramje, н.-луж. raḿe ’тс’, палаб. råmą ’тс’, чэш. rámě/rameno ’плячо’, славац. ramä ’тс’, славен. rama/rame ’адгалінаванне, парэнча’, ramska kost ’плечавая костка’, серб. ра̏ме/ра̏мо/рамѐница ’плячо’, рамѐњача ’плечавая костка’, балг. ра́мо ’тс’, ст.-слав. рамо ’тс’. Праслав. *ramę (< *ormę), роднаснае ст.-прус. irmo ’рука, плячо’, авяст. arəma ’рука, плячо’, асяц. arm ’далонь, жменя’, гоц. arms, ням. Arm ’рука’, англ. arm ’рука вышэй запясця’. Фанетычная форма раме падаецца запазычаннем з польскай, развіццё насавога ў беларускай дае рамя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)