РАМА́НАЎ (Сяргей Рыгоравіч) (17.9.1914, Масква — 11.1.2001),

бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940). Працаваў у галінах станковай і кніжнай графікі. Творы прысвечаны Вял. Айч. вайне [«У партызанскай зямлянцы», 1943; «Прывялі «языка», «Бой у гарнізоне «Рэкта», абодва 1944; «Герой Савецкага Саюза М.​П.​Шмыроў (Бацька Мінай)», 1948, «Бой з танкамі», «Подзвіг Мікалая Гастэлы», абодва 1975; «Партызанская застава», 1978; серыі «Партызаны Беларусі», 1952; «Народ і партызаны», 1972)], гісторыка-рэв. тэматыцы (серыі «Рэвалюцыйны Мінск», 1957; «Забастоўка гомельскіх рабочых», 1978; лісты «Падзел панскай зямлі. 1939 год», «Вясковая бібліятэка», абодва 1968, і інш.), мірнаму жыццю і працы («На Палескай цаліне», 1954; «Спартыўны Мінск», 1970; серыя партрэтаў рабочых МТЗ; 1976—77). Сярод жывапісных работ: «У пошуках сына» (1945), «Беларускі вакзал. Масква. 41-ы год» (1982), «Прывал пад Быхавам» (1985). Аформіў кнігі П.​Броўкі, У.​Карпава, Я.​Коласа, Я.​Купалы, Л.​Талстога, М.​Танка, А.​Якімовіча і інш. Ствараў плакаты.

Літ.:

Ганчароў М.І. С.​Р.​Раманаў. Мн., 1979.

Ф.​І.​Валадзько.

С.Раманаў. Вясковая бібліятэка. 1968.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Міхаіл Цімафеевіч) (17.11.1891, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — снеж. 1941),

адзін з кіраўнікоў Магілёва абароны 1941, ген.-маёр (1940). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Зах. фронце камандзір 172-й стралк. дывізіі, якая з атрадамі нар. апалчэння трымала кругавую абарону Магілёва. Цяжка паранены трапіў у палон, закатаваны ў канцэнтрацыйным лагеры.

М.Ц.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Павел Мінаевіч) (1905, г. Чыта, Расія — май 1944),

Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. З 1931 на парт. і сав. рабоце. У Вял. Айч. вайну з пач. 1942 у тыле ворага, з мая 2-і сакратар Суражскага, з вер. 1-ы сакратар Бешанковіцкага падп. райкомаў КП(б)Б Віцебскай вобл., адначасова з кастр. камандзір партыз. брыгады «За Савецкую Беларусь» (дзейнічала ў Асвейскім, Бешанковіцкім, Гарадоцкім, Дрысенскім, Расонскім і Ушацкім р-нах Віцебшчыны). Загінуў у баі.

П.М.Раманаў.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 20.5.1926, в. Чыстыя Лужы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства і экалогіі. Д-р с.-г. н. (1986), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1952). З 1957 дырэктар запаведна-паляўнічай гаспадаркі Белавежская пушча, з 1966 нам. міністра лясной гаспадаркі Беларусі, з 1973 у Бел. тэхнал. ун-це (да 1987 рэктар). Навук. працы па лесазнаўстве, паляўніцтвазнаўстве, ахове прыроды, адукацыі аб навакольным асяроддзі.

Тв.:

Природные ресурсы БССР, использование и охрана. М., 1985;

Охрана природы. Мн., 1986 (разам з Н.​З.​Харытонавай);

Охрана окружающей среды Могилевской области. Мн., 1998 (разам з Т.​А.​Раманавай, Ч.​А.​Раманоўскім).

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Панцеляймон Сяргеевіч) (5.8.1884, с. Пятроўскае Адоеўскага р-на Тульскай вобл., Расія —8.4.1938),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1911. У лірыка-псіхал. і сатыр. апавяданнях (зб-кі «Апавяданні», 1925, «Без чаромхі» і «Зачараваныя вёскі», абодва 1927); раманах пра інтэлігенцыю («Таварыш Кіслякоў», 1930; «Уласнасць», 1933) — дух паслярэв. эпохі з яе новай мараллю, сатыра на прыстасаванства, спекуляцыю, бюракратызм. У аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства» (1926) і ліраэпічным рамане «Русь» (ч. 1—5, 1922—36) — маянтковая Расія перадрэвалюцыйнага часу. Аўтар рамана «Новая скрыжаль» (1928), аповесці «Пісьменнік» (1915), п’есы «Землятрус» (1924) і інш. Прозе Р. ўласцівы лірызм і гумар, майстэрства дыялогу.

Тв.:

Избр. произв. М., 1988;

Детство: Повесть. рассказы. Тула, 1986;

Повести и рассказы. М., 1990.

т. 13, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 26.6.1938, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія),

бел. фізік-тэарэтык. Канд. фіз.-матэм. н. (1965). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це фізікі АН Беларусі. З 1973 у Ін-це прыкладных фіз. праблем пры БДУ (заг. лабараторыі, аддзела), з 1990 нам. дырэктара Ін-та цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы плазмы, радыяцыйнай газавай дынаміцы, фізіцы ударных хваль і ўздзеянні канцэнтраваных патокаў энергіі на рэчыва. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Действие излучения большой мощности на металлы. М., 1970 (у сааўт.);

Численное моделирование обтекания космических тел гиперзвуковым потоком газа при их прохождении через плотные слои атмосферы (разам з В.​Я.​Окуневым) // Инж.-физ. журн. 1999. Т. 72, № 6.

Л.​Я.​Мінько.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (28.10.1896, С.-Пецярбург — 4.9.1963),

расійскі акцёр, рэжысёр і тэатр. дзеяч. Нар. арт. СССР (1951). Скончыў драм. курсы ў Петраградзе (1920). Працаваў у петраградскіх т-рах, з 1924 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.​С.​Пушкіна. З 1936 акцёр, у 1954—59 гал. рэжысёр Кіеўскага т-ра імя Лесі Украінкі. Творчай манеры Р. ўласцівы спалучэнне нязмушанасці сцэн. паводзін з псіхал. тонкасцю і філас. глыбінёй. Сярод роляў: Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Павел Пратасаў («Дзеці сонца» М.​Горкага), Акаёмаў («Машачка» А.​Афінагенава) і інш. Паставіў шэраг спектакляў. З 1935 адымаўся ў кіно; «Дзеці капітана Гранта» (1936), «Подзвіг разведчыка» (1947), «Іван Франко» (1956) і інш. Аўтар арт. па праблемах тэатр. мастацтва.

Літ.:

Сенникова Р.Д. Михаил Романов. Киев, 1972.

М.Ф.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Еўдакім Раманавіч) (11.9.1855, мяст. Нова-Беліца, цяпер у межах г. Гомель — 20.1.1922),

бел. этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, педагог. Правадз. чл. Рус. геагр. т-ва (РГТ, 1886), Маскоўскага т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археал. т-ва (1890, чл.-кар. з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рус. мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам, у 1886—1906 інспектарам нар. вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губ. У 1906—16 чл. Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай б-кі і музея. У 1897—1903 рэдактар неафіц. аддзела газ. «Могилевские губернские ведомости», у 1900—03 пад яго рэдакцыяй выдадзены 3 вып. «Магілёўскай даўніны». З 1910 заг. секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўн.-Зах. аддзялення РГТ. У 1917—22 жыў у г. Стаўрапаль (Расія). Друкаваўся з 1880. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, нар. абрады, сямейны побыт, нар. каляндар і медыцыну, вераванні, дзіцячыя гульні. Апублікаваў працы па археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова-, літ.- і музеязнаўстве, археаграфіі. Скразной лініяй навук. дзейнасці Р. стала яго думка пра самабытнасць нац. культуры бел. народа. Меркаваў выдаць бел. фалькл.-этнагр. матэрыялы ў 15 кн. Пры яго жыцці выйшла 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт, падрыхтаваныя 11—14-ы зб-кі матэрыялаў загінулі ў Вял. Айч. вайну, лёс 15-га невядомы. У 1886—94 вёў археал. раскопкі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на). Склаў археал. карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ. Сабраў звесткі пра 1 тыс. гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у рабоце 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геагр. назваў. Вывучаў гарады Полацкай зямлі, у прыватнасці Лукомль, яго манастыр. Выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Шмат знаходак перадаў у Магілёўскі, Віцебскі, Віленскі музеі. Працуючы ў музеі ў Вільні, на кожны экспанат даваў падрабязную анатацыю. Сярод прац: «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), «Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916). У 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А.​Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». У 1900 выдаў зб. «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (у 1902 дап. выданне). Папулярызаваў бел. л-ру, асабліва творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча. Дзейнасць Р. адзначана залатым і вял. сярэбраным медалямі, дыпломамі навук. т-ваў.

Тв.:

Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898;

Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904;

Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.​Р.​Раманава). Мн., 1962.

Літ.:

Бандарчык В.К. Е.​Р.​Раманаў. Мн., 1961.

В.​К.​Бандарчык, Г.​А.​Каханоўскі.

Е.Р.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Раманаў М. (рэжысёр) 10/384

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Раманаў М., гл. Міхаіл Фёдаравіч

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)