РАЙЛ ((Ryle) Марцін) (27.9.1918, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 14.10.1984),

англійскі радыёастраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1952), Нац. АН ЗША (1975). Замежны чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і л-ры (1968), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970), АН СССР (1971). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939). З 1945 у Кембрыджскім ун-це (з 1957 праф.), у 1957—82 дырэктар Малардскай радыёастр. абсерваторыі. У 1972—82 на пасадзе Каралеўскага астранома. Навук. працы па вывучэнні радыёвыпрамянення Сонца, ідэнтыфікацыі квазараў, статыст. аналізе радыёкрыніц у Сусвеце, касмалогіі. Стварыў першы радыёінтэрферометр (1946, разам з Дж.​Позі). Пры дапамозе пабудаванага ім двухантэннага радыётэлескопа даследаваў вял. ўчастак неба і адкрыў 5 тыс. радыёкрыніц (1957). Прапанаваў метад апертурнага сінтэзу. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з Э.Х’юішам).

Тв.:

Рус. пер. — Радиотелескопы с большой разрешающей силой // Успехи физ. наук. 1975. Т. 117, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

М.Райл.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Райл Дж. 1/312; 7/468

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,

кірунак у філасофіі 20 ст., гал. чынам у англамоўных краінах. Развівалася ў рэчышчы неапазітывізму. Асн. задачу філас. даследавання зводзіла пераважна да аналізу моўных сродкаў пазнання, а філасофска-гнасеалагічную праблематыку — да прыватна-навук. праблем, якія вырашаюцца сродкамі і метадамі логікі, лінгвістыкі, семіётыкі і інш. Класічную філасофію абвяшчае «метафізікай», пазбаўленай навук.-пазнавальнага сэнсу. Метад аналізу, што ўкараніўся ў аналітычнай філасофіі, бярэ пачатак ад даследаванняў Дж.​Мура і Б.​Расела. У распрацоўку аналітычнай філасофіі зрабілі ўклад Л.​Вітгенштэйн і прадстаўнікі «Венскага гуртка». Асн. плыні: філасофія лагічнага аналізу, якая сродкі аналізу бярэ ў сучаснай матэм. логіцы і арыентуецца пераважна на «мову навук» (Р.​Карнап, Г.​Фейгль і інш.), і лінгвістычная філасофія, што даследуе тыпы ўжывання выразаў у натуральнай паўсядзённай мове, замяняючы фармальна-лагічныя сродкі аналізу лінгвістычнымі і адмаўляючыся ад культу навук. ведаў (Г.​Райл, Дж.​Осцін і інш.). Абедзве плыні імкнуцца культываваць аналіз як чыстую тэхніку, якая лёгка ўключаецца ў кантэкст розных філас. вучэнняў (экзістэнцыялізм, неатамізм і інш.).

Літ.:

Бегиашвили А.Ф. Метод анализа современной буржуазной философии. Тбилиси, 1960;

Козлова М.С. Философия и язык. М., 1972.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАПАЗІТЫВІ́ЗМ,

адзін з асн. кірункаў філасофіі 20 ст.; форма пазітывізму. Узнік у 1920-я г. ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы як спроба лагічна абгрунтаваць навук. веды. З сярэдзіны 1930-х г. яго цэнтрамі сталі Вялікабрытанія і ЗША. Асн. ідэі Н. бяруць пачатак у эмпірызме і фенаменалізме (Дж.Берклі, Д.Юм). Н. лічыць прадметам філасофіі мову, найперш мову навукі як спосаб выражэння ведаў, а таксама дзейнасць па аналізе гэтых ведаў. Ідэі Н. знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці Венскага гуртка, на аснове якога склаўся лагічны пазітывізм (М.​Шлік, Р.Карнап, О.​Нейрат), і яго прыхільнікаў у Германіі (Р.​Мізес, Г.​Рэйхенбах), Вялікабрытаніі (Л.Вітгенштэйн, А.​Дж.​Аер, К.Попер), ЗША (Ч.​Морыс) і інш. Метадам ачышчэння філасофіі ад «метафізікі» быў прызнаны т.зв. прынцып верыфікацыі, паводле якога праверка навук. асэнсаванасці і сапраўднасці выказванняў адбываецца шляхам параўнання іх з фактамі вопыту. На сучасным этапе існуюць 2 асн. разнавіднасці Н. — «лінгвістычны аналіз» у Вялікабрытаніі (Дж.​Осцін, Г.​Райл, П.​Стросан і інш.) і аналітычная філасофія ў ЗША (У.​Куайн, Н.​Гудмен, А.​Пап, М.Уайт і інш.). Лінгвістычны Н. выключае са сферы аналізу не толькі метафізічныя пытанні, але і філас. праблемы мовы навукі; мэтай аналізу лічыць разуменне характару ўжывання звычайнай мовы. Н. адыграў значную ролю ў развіцці сучаснай логікі, семіётыкі і філасофіі навукі. Гл. таксама Канвенцыяналізм, Лагічны атамізм.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)