Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ, Драгічынскі піярскі ліцэй. Дзейнічаў у 1773—1834 у г. Драгічын-Надбужскі (цяпер у Беластоцкім ваяв., Польшча). Створаны на базе закрытага Драгічынскага езуіцкага калегіума, меў 3 класы. Уваходзіў у Піярскую навуч. акругу. У 1775—24 вучні, у 1782—90 вучняў. У 1795—1807 у складзе Прусіі, меў статус гімназіяльнага вучылішча. З 1807 у складзе Рас. імперыі. З 1812 павятовае вучылішча. У 1817—4 класы, 6 выкладчыкаў, 139 вучняў. Фінансаваўся ордэнам піяраў і дзяржавай. Выкладчыкі і вучні падтрымалі паўстанне 1830—31. 129 чал. не вярнулася з калядных вакацый 1830. У 1834 калегіум пераўтвораны ў свецкае павятовае вучылішча для дваран. Сярод выхаванцаў вучоны-славіст М.К.Баброўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў 1756—1834 у Лідзе Гродзенскай вобл. 12.1.1756 пераведзены з мяст. Воранава ў Ліду па прапанове лідскага старосты І.Сцыпіёна. Мясц. шляхта ахвяравала піярам фальварак Пастаўшчызна і юрыдыку ў Лідзе. З 1783 уваходзіў у Гродзенскую навуч. акругу, з 1790 — у Піярскую навуч. акругу, падпарадкаваную Адукацыйнай камісіі. Пры калегіуме былі 2 канвікты (пансіёны) для дзяцей збяднелай шляхты. З 1795 падначалены ведамству літ. ген.-губернатара. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 4-класнае павятовае вучылішча з 5 выкладчыкамі. У 1805—07 часова закрыты. У выніку рэформы мясц.навуч. устаноў 9.9.1834 калегіум канфіскаваны ў піяраў і рэарганізаваны ў 5-класнае дваранскае павятовае вучылішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў з вер. 1785 да лета 1797 у Дуброўне. У 1780 піяры былі запрошаны сюды са згоды біскупа С.Богуша-Сестранцэвіча замест бернардзінцаў, якімі тагачасны гаспадар мястэчка кн. Р.А.Пацёмкін быў незадаволены. Пацёмкін ахвяраваў піярам агарод і лугі ў Дуброўне, маёнтак Азоркава (80 двароў, 450 рэвізскіх душ), буйныя грашовыя сродкі і інш.; быў пабудаваны драўляны кляштар. У 1783 мястэчка перайшло ва ўласнасць кн. К.Любамірскага, які пацвердзіў усе ахвяраванні свайго папярэдніка. У 1785 пры кляштары адкрыты калегіум, у ім былі 4 класы, вучылася 60 чал. Летам 1797 з-за асабістага канфлікту з піярамі Любамірскі выгнаў іх з мястэчка. Калегіум аднавіў дзейнасць у 1799 у Віцебску і знаходзіўся там да лета 1822, на яго базе было ўтворана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЯШО́ЎСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1693—1834 у мяст. Любяшоў Брэсцкага ваяв. (цяпер. гар. пасёлак у Валынскай вобл. Украіны). Створаны на сродкі кн. Я.К.Дольскага (гл.Дальскія). У 1750—60-я г.навуч. сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформ правінцыяла ордэна піяраў асветніка С.Канарскага. У апошняй чвэрці 18 ст. ў час дзейнасці Адукацыйнай камісіі Л.п.к. быў падакруговай школай, з 1790 — у асобай Піярскай навуч. акрузе з тэрмінам навучання 6 гадоў (у 3 класах) і 4 выкладчыкамі. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 6-класнае пав. вучылішча з гімназічнай праграмай, было 8 выкладчыкаў, меліся б-ка, бат. сад, лабараторыі, аптэка; у 1807 было 186 вучняў. У 1826 пераўтвораны ў пав. 4-класнае вучылішча, у 1834 скасаваны. Сярод выхаванцаў: Т.Касцюшка і яго брат Юзаф, будучыя прафесары Віленскага універсітэта А.Доўгірд, Ф.Серафіновіч, М.Фрацкевіч, Б.Сырук, паэт М.Харкевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род у ВКЛ уласнага герба (змененая «Касцеша»). Верагодна, паходзілі ад турава-пінскіх Рурыкавічаў. Вядомы з канца 15 ст. Прозвішча ад в. Дольск (Стары Дольск, Пінскі пав., цяпер Валынская вобл.
Украіны). Гал. галіна роду мела маёнткі ў Пінскім пав., згасла ў канцы 17 ст.; на Украіне пабочныя адгалінаванні Д., страціўшы княжацкі тытул, існавалі да 19 ст.Найб. вядомыя: Міхаіл Ніцыфар (7—1623), стольнік, падсудак земскі, паборца (1589), суддзя земскі (1606), пінскі, кашталян брэсцкі (1621), маршалак Трыбунала ВКЛ (1611); Ян Кароль (1637—29.4.1695), падстолі слонімскі (1656), маршалак пінскі (1666), маршалак вялікі (1691). У 1690 Ян Кароль атрымаў ад урада зямлю пад Пінскам, дзе збудаваў прадмесце Каралін (названа ў яго гонар) з Пінскім Каралінскім замкам і Пінскім касцёлам Карла Барамея, заснаваў Любяшоўскі піярскі калегіум і Дубровіцкі піярскі калегіум (Валынь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Воранава на лініі Ліда—Вільнюс. 6,5 тыс.ж. (1996).
Вядома з 16 ст.Стараж. назва Балотна ад р. Балатнянка (цяпер ручай). На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. Належала Гаштольдам, А.Масевічу, Сцыпіёнам, Зарэцкім і інш. У 1735—55 дзейнічаў піярскі калегіум. У 18 ст. пры Сцыпіёнах было цэнтрам староства. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. У 1897 — 1574 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна, гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў 1941 і 1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі ў Воранава больш за 2600 чал. У 1970 — 3,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. і спартыўная школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНА,
горад, цэнтр Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дняпро, пры ўпадзенні ў яго рэк Дубровенка і Свінка. За 107 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск; аўтадарогамі злучаны з Оршай і Горкамі. 9,7 тыс.ж. (1997).
Ў пач. 16 ст. Д. — цэнтр буйной воласці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяв. Ў розны час належала Глябовічам, Сапегам, А.Д.Меншыкаву, Р.А.Пацёмкіну, Любамірскім. У 16—18 ст. у Д. існаваў Дубровенскі замак. З 1772 Д. ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — у Аршанскім пав. Магілёўскага намесніцтва. Дзейнічалі 4 правасл. царквы, бернардзінскі кляштар з касцёлам, сінагога, паштовы дом. У 1784 пабудавана 1-я ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка. У 1785—97 тут існаваў Дубровенскі піярскі калегіум. З 1861 цэнтр воласці Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897—7974 ж. З 1924 раённы цэнтр, з 3.7.1925 горад. 9,9 тыс.ж. (1939). З 16.7.1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Д. і раёне 14 110 чалавек. 4,9 тыс.ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Аршанскім р-не.
Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы супрацоўнікаў міліцыі, сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Г.А.Нікандравай. Помнікі архітэктуры: кляштар бернардзінцаў (пач. 19 ст.), Пакроўская царква (1-я пал. 19 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Дубровенская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКА (Андрэй Тадэвуш Банавентура) (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),
палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв.паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.
Літ.:
Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;
Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.